Грынкевіч з цяжкасцю заснуў пасля поўначы. Сны ён бачыў трывожныя і ліпкія, урыўкавыя, ніяк між сабой не звязаныя, больш падобныя да трызнення, якое з ім было ў пачатку грыпу. Але раптам сон выліўся ў звязны, нават кашмарналагічны сюжэт. У гэтым сне Грынкевіч дырыгаваў «Донам Джавані» і на сцэне замест Тамары ўбачыў Анну. Яна была ў касцюме гераіні — у чорным жалобным убранні.
Цяпер ужо і Джавані заўважае, што каменная статуя сапраўды падае знакі, што яна як быццам не зусім статуя.
Пасля арыі помсты пачаліся апладысменты, і Грынкевічу загадалі ісці на паклон. Ён стаў пярэчыць: як гэта так, спектакль яшчэ не скончаны, яшчэ рана. Але салісты ўжо выстраіліся на авансцэне і пакланіліся разам, узяўшыся за рукі. Аркестранты стаялі ля крэслаў, струннікі ціхенька ляпалі смыкамі па пюпітрах, а заля грымела авацыяй.
Ён пайшоў з яміны. На яго шляху да сцэны самыя розныя людзі ўтварылі як быццам калідор. Яны пляскалі ў ладкі і крычалі «Bravo!». Ён няспешна ішоў праз гэты людскі калідор. На сцэне ў кулісах яго сустрэла Анна і падала яму руку ў чорнай карункавай пальчатцы. Нават праз цёмную вуаль было бачна, які збялелы ў яе твар і які страх на ім напісаны. Ён запытаўся, чаго яна баіцца. «Ты хіба не разумееш, што прыйшоў твой час?» — сказала яна і з адчаем зірнула на яго з-пад вэлюма.
Раптам ён убачыў за спінай Анны мужчынскую фігуру ў цёмнай вопратцы, нечым падобнай да ксяндзоўскай сутаны. І пазнаў бацьку. Анна моўчкі падвяла Грынкевіча да яго і ўклала руку дырыгента ў руку нябожчыка. Грынкевіч адразу схаладнеў. А бацька павёў яго на сцэну. Там ужо была спушчаная заслона, і з залы не даносілася гоману публікі. Увогуле нікога не было на сцэне, толькі ён і бацька. Нябожчык дастаў малітоўнік і пачаў прамаўляць словы, якія ён чуў меней за месяц таму ў Мінску. Словы па-беларуску з нечаканым польскім акцэнтам. «Не, не, я яшчэ жывы!» — хацеў закрычаць Грынкевіч, але не змог. А бацька ўсё чытаў і чытаў, і з кожным прамоўленым словам навокал рабілася ўсё цямней, пакуль пустую сцэну не ахапіў змрок.
Тады свавольнік сам пытаецца ў Камандора: «Скажы, ці прыйдзеш да мяне на вячэру?». І статуя раптам адказвае: «Так!».
Ён прачнуўся сярод ночы. І не толькі таму, што сон быў сапраўды жахлівым. Было цяжка дыхаць, вельмі цяжка. Да таго ж Грынкевіч адчуваў, быццам у грудзі яму паклалі каменьчык з востра заточанымі краямі. І гэты каменьчык час ад часу варушыўся, прымушаючы чалавека пакутаваць. Такога ён яшчэ ніколі не перажываў. Ён намацаў мабільнік, паглядзеў, якая гадзіна, — другая ночы. Першай думкай было выклікаць хуткую, і ён ужо нават набраў нумар, але амаль адразу скінуў званок. Не такі ўжо і страшны боль, абыдзецца. Бацька шмат разоў апісваў свае адчуванні, гэта не тое, гэта само пройдзе. А калі зараз выклікаць хуткую, то могуць забраць у лякарню. Група рызыкі: кепская спадчыннасць, стаянне на ўліку ў юнацтве і толькі што перанесены грып.
Як ні парадаксальна, але меней за ўсё ён думаў пра небяспеку для сябе. Самым страшным уяўлялася прапусціць прэм'еру ці паказацца на ёй не ў найлепшым стане. Страх за сябе быў у сне, а наяве ён баяўся толькі артыстычнага фіяска.
Ён вёў бясслоўны і вар'яцкі дыялог з уласным сэрцам. Ён прасіў і заклінаў яго супакоіцца, пацярпець і вытрываць. Ён таргаваўся з ім, тлумачыў яму, нібы самастойнай разумнай істоце, які важны гэты дзень і як трэба яго перажыць. Толькі адзін дзень, толькі спектакль, выхад на сцэну і паклон, а пасля што хочаш, сэрца, казаў ён. Я не хачу быць ахвярай, цацкай у руках трох дачок Ананкэ. Пратрывай толькі дзень, сэрца, толькі да таго моманту, калі апусціцца заслона пасля агульнага выхаду на паклон. А іначай навошта было столькі разбурэнняў і пакут?
Джавані радуецца: забава працягнецца, каменны ёлупень да яго прыйдзе! Толькі Лепарэла не падзяляе гэтай радасці і прадчувае нядобрае.
Невядома, што на яго так паўплывала, але боль сапраўды стаў сціхаць, прычым даволі хутка. Можа быць, нервы крыху супакоіліся пасля ўбачанага кашмару, а можа быць, дапамагло адчыненае вакно і дзве таблеткі аспірыну, які, што дзіўна, усё ж быў у Грынкевічавай гаспадарцы. Пад раніцу ён зноў заснуў. Прачнуўшыся, дазволіў сабе паляжаць у ложку амаль да другой гадзіны. У той дзень ён, насуперак звычцы, піў гарбату, а не каву і нават курыў утрая меней, чым звычайна.