І ўсё ж яму зрабілася крыху сумна, і ён нават не стаў адказваць на СМС ад Ірыны, якая зноў напісала. Паведамленне было такім, што можна было і не адпісваць. Грынкевіч зноў залез у інтэрнэт і паглядзеў анкету Анны Рупель, па мужу Зайцавай, якая працавала перакладчыцай і мела пяцігадовую дачку.
У анлайне ўбачыў брата, які, відаць, ці то зарана прачнуўся, ці то яшчэ не клаўся спаць, калі ўлічыць розніцу ў часе з яго амерыканскім штатам. У Віцькі цяпер было магчымае і адно, і другое: у іх ідуць зубы. Як чалавек з багатай фантазіяй, Грынкевіч адразу ўяўляў, што ягоны пляменнік, з якім ён быў знаёмы толькі па фотках, мае нейкую чарадзейную моц. І гэтая моц дазваляе яму завабліваць у хату страшных монстраў, імя якім — зубы. Гэтыя монстры грукаюцца ў вокны і ломяцца ў дзверы, і таму няшчасныя бацькі малечы не могуць заснуць. Можа, і няблага жыць без сям'і і дзяцей.
«Ну дык што, у лістападзе пабачымся?» — запытаўся ён у брата.
«Волька не хоча мяне адпускаць, скандаліць. А калі да бацькі на юбілей не злётаеш, дык там будзе істэрыка».
«Забі».
«На каго?»
«На ўсіх. Але найперш на сваю Вольку. Ужо які тыдзень без цябе пражыве. А з бацькам не чапайся. Ён мне тыдзень таму на цябе скардзіўся. Дуры яму галаву. Абяцай, што гадоў праз пяць, як падзаробіш грошай, вернешся і адчыніш уласную камп'ютарную фірму. Ці ўладкуешся праграмістам у адміністрацыю прэзідэнта. Ці пойдзеш выкладаць ва ўніверсітэт. Ну, яму ж гэта бальсан на раны!»
«Угу. Сыны раз'ехаліся, нават пахаваць не будзе каму. Стаміўся я ад гэтай песні».
«Будзь хітрэйшым».
«Ок. Я на працу, потым як-небудзь пагутарым».
Брат выпаў у афлайн, Грынкевіч таксама вырашыў выбірацца з глабальнага павуціння і не марнаваць болей грошы на мабільніку. Прыйшла СМС ад ведзьмы, як заўсёды звышэратычная. Ён павагаўся і вырашыў не афішаваць гэты свой прыезд. Як толькі ў яго наладзілася з Ірынай, памкненне пабачыцца з Алёнай аслабла. І ён не стаў пісаць, што будзе ў Маскве літаральна праз пару гадзін.
Донна Анна і дон Атавіа сыходзяць.
Сцэна IV
Вуліца. Старадаўняя агароджа багатага дома, насупраць — гатэль. Золак. Дон Джавані і Лепарэла.
Рэчытатыў «Orsu, spicciati presto...».
Грынкевіч лічыў Маскву задужа небяспечным месцам: менавіта ў Маскве ён на кожным рагу напорваўся на даўняга сябра, аднакурсніка ці проста харошага чалавека, які марыў з ім і толькі з ім пабухаць. І менавіта ў Маскве Грынкевіч здраджваў свайму прынцыпу «ні кроплі алкаголю за працай». Вялікая Масква была месцам паселішча самотных душ. Прынамсі, гэтак яму здавалася кожны раз, калі ён сюды завітваў. Самотныя душы, што трапілі ў Маскву і грызлі свой кавалачак жыццёвага поспеху, пачуваліся як у Лімбе — камфортна, але журботна. Ён іх на свой капыл шкадаваў. Ці адно называў гэта шкадаваннем.
Ён нікому не мог адмовіць, нават калі адчуваў, што выпівае часта і замнога. Самотныя душы ўвесь час давалі яму зразумець, што памруць, пакуль не пакаштуюць ягонай пячонкі. І Грынкевіч, як той антычны герой-альтруіст, заўсёды быў пэўны — пячонка адрасце. Таму і ўгаворваў з чарговай самотнай і беспрытульнай душой пляшку-другую.
Так прамінуў першы тыдзень гэтай вандроўкі. А сёння яго чакала вельмі адказная п'янка: адна самотная душа хацела не проста разбавіць свае траблы гарэлкай — яна гатовая была даць грошай. Трэба разумець, у якасці кампенсацыі за з'едзеную пячонку. Воўчык, Грынкевічаў аднакурснік яшчэ па музвучэльні, прыехаў сюды і разгарнуў шпаркі бізнэс. Музыка для Воўчыка даўно перайшла ў шэраг салодка-настальгічных успамінаў пра юнацтва, калі ён «сапраўды жыў».
Іх рэдкія сустрэчы заўсёды былі напоўненыя рэтраспекцыямі. З такімі людзьмі ўвесь час пачуваешся нібы ў пральні, куды прыносіш мех вельмі розных анучак. Сюды белае, сюды каляровае, сюды бавоўну, а туды сінтэтыку. Манатонны і нудны занятак — гэтае сартаванне чужых траблаў. Але ж Воўчык так любіў намякаць, што без гэтага душэўнага прання гатовы засіліцца, так часта казаў, што грошы на мастацтва для яго не праблема... Што было больш важкім аргументам — уратаванне ад суіцыду ці атрыманне грошай — Грынкевіч не ведаў, але Воўчыка не пасылаў. Напэўна, ён усё ж гнаў двух зайцаў.