Выбрать главу

«Бессардэчная? Не, мой любы...»па-жаноцку пяшчотна кажа донна Анна.

Гюнтар тым часам пачаў нешта прамаўляць панямецку. Анна падала яму нейкую таксама нямецкамоўную рэпліку, відаць, прасіла пакінуць яе на хвілінку. Той незадаволена зірнуў спачатку на яе, потым на Грынкевіча, але ўсё-ткі сышоў.

— Ну вось. — сказала Анна. — Вось мы гэта і зрабілі.

— Ты — так. А мая справа толькі наперадзе.

Ён не хацеў ні пра што размаўляць, бо разумеў,

што любая гутарка можа парушыць тую адносную раўнавагу, якой ён дасягнуў пасля тыдня за­пою, тыдня тугі і дзесяці дзён хваробы.

«Мне самой складана адкладваць тое, да чаго мы абое імкнуліся так доўга...»

— Лёша, я забылася вярнуць табе ключы ад тваёй кватэры. Памятаеш, ты мне скінуў камплект, калі дамафон не спрацоўваў? Ты толькі на­гадай, я пасля спектакля прынясу.

— Добра.

У памяці пранеслася тая ноч, калі Анна засынала ў яго абдымках, а ён не хацеў яе адпускаць. Ён згадваў кожны ейны ўздых, кожны шчаслівы стогн, тую ўспышку асалоды на твары. Ён згадваў кожны ейны дотык, кожную лінію ейнага цела, кожны пацалунак. У яго быў шанец зрабіць так, каб гэтыя ночы хоць зрэдку, але паўтараліся. Ён мог прыйсці да яе і сказаць, што нагаварыў лухты і хоча, каб яна вярнулася.

«Дай мне час, каб я прызвычаілася да страты бацькі. І ведай, што я заўсёды буду аддана кахаць цябе».

Часам варта пагаджацца і на ілюзорнае шчасце, бо ў чаканні сапраўднага можна правесці ўсё жыццё. Але Гюнтар зноў тут, яна неўзабаве з'едзе ў Нямеччыну. Шляхі адрэзаныя, масты спаленыя.

Яны стаялі ў калідоры, дзе месціліся грымёркі вакалістаў. Зусім побач рыхтавалася да спектакля Тамара, якая ўжо, відаць, выйшла з-пад рук грымёра. Толькі што ейны магутны голас праспяваў практыкаванні, а цяпер яна паўтарала сеё-тое з партыі. Сёння яна была ў выдатнай форме і абяцала выступ не горшы, чым у прыстойным італьянскім тэатры.

Non mi dir, bell'idol mio,

Che son io crudel cOn te;

Tu ben sai quant'io t'amai,Спявачка пачала арыю з чыстага, празрыстага і дасканалага піяна, пяшчотнага і скоранага, вельмі жаноцкага. Ейны вялікі і гнуткі голас паступова напаўняўся цямнейшымі фарбамі, узлятаў на вяршыню фразы — і зноў святлеў і супакойваўся.

— Гэта ты падказаў ёй такія штрыхі і адценні? — запыталася Анна, якая міжволі заслухалася.

— Так. Мы з ёй доўга рабілі менавіта гэтую арыю. Я растлумачыў ёй, што па сутнасці гэта арыя-развітанне. Глядзі — яна ў фа мажоры, гэта паралель рэ мінору, у якім напісаныя і тэма Каменнага Госця, і дуэт Анны і Атавіа. Памятаеш, я табе казаў пра значэнне танальнасцяў у Моцарта? Дык вось тут яна адмаўляецца ад ролі гэтакай эрыніі, раз'юшанай фурыі. Яна больш не апелюе да халодна-аб'ектыўнай сусветнай справядлівасці. Яна не хоча помсціць, яна даравала яму. Донна Анна ўжо бачыць перад сабой райскую браму. Але дону Атавіа не дадзена гэтага зразумець. Яе забяруць у рай, а той, іншы, трапіць у апраметную. Але ў раі донна Анна будзе ў таемнай скрусе, бо не змагла спыніць таго, іншага.

— Мне будзе не хапаць вас, Herr Kapellmeister.

Ён зноў нічога не адказаў. Гэтыя прызнанні ніяк

не маглі змяніць іх гісторыі. Усе старонкі, якія Ананкэ адвяла на іх раман, скончыліся, а падклеіць новыя не выпадала. Анна слухала чужы спеў з такім выразам твару, быццам сама стаяла на сцэне і выконвала гэтую арыю. А яшчэ яна хацела сказаць нешта большае. Яна чакала, а ён маўчаў,бо занадта добра зразумеў усю небяспечнасць сваёй дарогі, каб даць гэтай жанчыне надзею. Яшчэ ўчора ён падсвядома чакаў, што яна прыйдзе і скажа: вазьмі мяне з сабой, не адрынай мяне. Сён­ня было іначай. Сёння ён лічыў правільным і справядлівым тое, што яна застаецца з жаніхом і да­лей пойдзе сваёй дарогай. Так будзе лепей для яе, так будзе лепей для ўсіх. Занадта кароткае шчасце нашмат горшае за працяглае гора.

Calma, calma il tuo tormento,

Se di duol non vuoi ch'io mora!

Forse un giorno il cielo ancora Sentira pieta di me.

Голас прымадонны рабіўся ўсё больш жарсным, інтанацыі — усё больш роспачнымі. Але ў гэтай горычы развітання была і нейкая стрыманая веліч, нават у амаль бравурнай другой частцы арыі. І цудоўнае сапрана дакладна перадавала гэта вакальнымі гукамі.

— Яна прыўкрасная. — сказала Анна, так і не дачакаўшыся ад яго словаў, якія прагнула пачуць. Менавіта таму наступную рэпліку прамовіла ўжо крыху раздражнёна. — Але навошта яна так шмат паўтарае перад спектаклем?

— Ты за яе не турбуйся, яна мае трывалае гор­ла. Трэба шмат распявацца, — адказаў Грынкевіч, на якога гэтая невялікая рэпетыцыя таксама зрабіла ўражанне. — Часу яшчэ шмат. Хадзем, можа, да мяне ў дырыгенцкую? Мне нешта складана сён­ня заставацца зусім аднаму перад спектаклем.