Можа, і не варта было гэтага рабіць, але яму сапраўды хацелася пабыць побач з Аннай хоць некалькі хвілінаў. Яна паслухалася і пайшла за ім. Анна ўжо была апранутая ў вечаровы ўбор — чорную доўгую сукенку, якая аблягала фігуру і крыху пашыралася недзе ад сярэдзіны сцёгнаў. На плечы яна накінула цёмную хустку, відаць, каб не замёрзнуць да выхаду на паклон, бо ў тэатры было халаднавата. Рукі былі схаваныя ў шаўковыя пальчаткі з карункавымі ўстаўкамі — таксама, відаць, да выхаду на сцэну. У руках Анна трымала яшчэ нейкую лёгкую чорную тканку. Грынкевіч запытаўся, што гэта.
— Гэта тутэйшы бардак, — са стомленасцю адказала жанчына, калі ён прапусціў яе ў дырыгенцкі пакой. — Выпадкова ўбачыла проста на падлозе ў калідоры. Відаць, згубілі, калі з касцюмернай вывозілі. Я і забылася аддаць. Ішла да Томы ў грымёрку якраз каб аддаць, а сустрэла цябе. Бо потым будуць бегаць усю палову першага акта, як мышы абсмаленыя, шукаць па тэатры.
Гэта быў чорны вэлюм, дэталь ад касцюма донны Анны. Грынкевіч моўчкі ўзяў яе з рук госці і стаў разглядаць. Затым раптам накінуў лёгкую тканіну на галаву Анны.
— Не трэба, пабудзь так! — прамовіў ён, калі тая хацела зняць з сябе вэлюм.
— Мяне гэта прыгнятае, — адказала яна слабым го ласам, як чалавек, ужо не здольны прадухіліць непазбежнае. — Няўжо нельга без гэтага сімвалізму?..
Ён падышоў да раяля, што стаяў у дырыгенцкай. Падняў века над клавіятурай і найграў толькі першыя два матывы з «Non mi dir.».
— Ты магла б гэта спяваць, калі б болей верыла ў сябе. Толькі не трэба спрачацца, хоць цяпер не трэба. Шкада, што я мог скрасці цябе толькі ў тваім сне.
— Лічыш, што я цяпер не на сваім месцы? — знервавана запыталася Анна.
— У «Доне Джавані» — на сваім. А як там будзе далей. Ведаеш, я за гэтыя пару месяцаў зразумеў адно: кожны чалавек павінен пражыць жыццё так, як яму наканавана. Зрабіць столькі памылак, колькі яму адпушчана. Ухапіць столькі шчасця, колькі дадзена. Не болей і не меней. Усе лічаць, што я наўмысна рызыкую, бо ў мяне натура такая дурная. А я проста іду за сваім лёсам, разумееш? Калі б я адмовіўся ад гэтага спектакля, ты б не вярнулася да мяне, хай сабе на імгненне. Але цяпер я ўжо не той, што раней. «Дон Джавані» — мой лёс, мой келіх, паўз мяне яго не пранясуць. І ў цябе таксама ёсць свой келіх, але ты ўсё бегаеш.
Анна пачала хадзіць па пакоі, счапіўшы рукі на грудзях. Раптам яна спынілася побач з Грынкевічам і зірнула на яго праз вэлюм. У позірку былі і папрок, і благанне літасці адначасова.
— Калі я вучылася ў тэатральным, мы, вядома ж, гралі ў спектаклях. І мне на першым курсе прапанавалі пераводзіцца на акторскае. Але я сказала — не хачу. Я пасля кожнага спектакля была ў такім стане. Як быццам з мяне дасталі душу. Я б так доўга не вытрывала.
Ён з раптоўным спачуваннем і разуменнем пагладзіў яе па галаве.
— Проста я назапашваю шмат эмоцый, а потым іх усе разам выкідваю. Я на сцэне заўсёды апантаная, іначай не ўмею. Таму я хачу, каб усё, што я раблю, меней мяне кранала. Ты ж памятаеш «Дарадцу Крэспеля»? Мы яго вельмі любілі з табой у свой час. Я таксама адчуваю, што імгненна палыхну і згасну, калі буду рабіць тое, што мне блізка. Я, Лёша, не магу ісці за сваім лёсам, бо проста хачу выжыць. І таму я стаўлю спектаклі разам з Гюнтарам. І таму ў «Доне Джавані» няма кахання!
Грынкевіч пахістаў галавой і з сумам усміхнуўся.
— Там ёсць каханне. Гэта ж оперны спектакль, і рабілі мы яго разам. Ты магла колькі хочаш падманваць і сябе, і мяне, і ўвесь навакольны свет. А каханне там у музыцы. І няхай гэта разумее не кожны — мне дастаткова таго, што ў цябе амаль наварочваліся слёзы, калі ты слухала «Non mi dir», хоць ты ніколі не плачаш. Я зрабіў гэтую арыю толькі дзеля цябе. А ці зразумеюць астатнія — ужо не так істотна. Ім галоўнае, каб чыста, музычна, стылёва.
Яму захацелася абняць гэтую жанчыну, на абліччы якой у тую хвілю праступілі ўсе пакуты, перажытыя за шмат гадоў, забытыя, а цяпер узгаданыя. Анна нечакана рэзка адхіснулася ад яго.
— Тады навошта ты ад мяне адмовіўся?! — выгукнула яна. — Ты сам усё ўскладніў! Ты сам захацеў, каб я вярнулася да Гюнтара!.. Ён кажа, што згодны пачакаць. Кажа, што хоча жыць разам, ажаніцца. Што вернецца да гэтага пытання праз год.
— Праз год. — рэхам паўтарыў Грынкевіч, і Анна зірнула на яго амаль з жахам. — А ты кажаш — сімвалізм.
Яе так уразіла гэтае супадзенне, што яна змоўкла недзе на хвіліну. Затым падышла да Грынкевіча, узяла яго за рукі і моцна іх сціснула, як у апошняй нямой просьбе. У гэты момант далі першы званок.