Выбрать главу

І вось вячэра прыгатаваная. Дон Джавані ў ліхаманкава-вясёлым настроі. Ён загадвае музы­кантам, каб яны гралі. Сёння ён хоча забаўляцца.

Пайшла заслона, і на сцэне з'явіўся Лепарэла. А потым выбегла донна Анна, пераследуючы дона Джавані. Салісты спявалі сапраўды выдатна. І нават яго спрадвечны галаўны боль тэнар Басаў, які ў гэты вечар выйшаў на сцэну ў партыі дона Атавіа, як быццам падпарадкаваўся нейкай магіі і быў даволі годны ў дуэце з доннай Аннай. Пасля іх сцэны зала выбухнула апладысментамі. Спек­такль атрымліваўся жывым, публіка ўсё болей уцягвалася ў музыку і рэагавала на тое, што адбывалася на сцэне. Яна смяялася з камічных крыўлянняў і з тых манерных оперных жэстаў, якія паставіла рэжысёрка. Пацяшалася з таго, як салісты перад чарговым нумарам звярталіся да дырыгента з просьбай даць ім той ці іншы тэмп, як яны часам выходзілі ў залу. Гэта была вясёлая і забаўная гульня.

Недзе перад Лепарэлавай арыяй з каталогам Грынкевіч зразумеў, што больш не адчувае ніякага неспакою. Праўда, у яго сталі нясцерпна гарэць шчокі і ў скронях білася кроў. Можа, зноў тэмпература? Яго папярэджвалі, што можа вылезці. Але тэмпературу ён як-небудзь ператрывае.

Джавані загадвае Лепарэла, каб той хутчэй збіраў на стол. Лёкай бяжыць выконваць загад.

Але далей было нешта падазронае. Галава балела ўсё болей, пры гэтым рукі зноў пачалі халаднець. Ён працягваў дырыгаваць і ў экстатычнай радасці наталяцца музыкай. Анна ў бакавой ложы глядзела на яго з трывогай. У часе рэчытатываў ён раз-пораз азіраўся па баках — і заўсёды сустракаўся позіркам з ёй. Яна нават не на сцэну глядзела, а менавіта на яго. Побач з Аннай сядзеў Гюнтар, а за спінай у яе — Антон Рупель. Прысутнасць гэтага гледача зноў, як і месяц таму, раз'юшыла Грынкевіча. Ён пачаў граць на публіку і зрабіўся паўнавартасным партнёрам салістаў, якія, згодна з задумай рэжысёра, камунікавалі то з залай, то з дырыгентам.

Лёкаі падаюць стравы на стол. Музыканты граюць тэму з оперы Марцін-і-Салера «Рэдкая рэч»папулярнай у часы Моцарта. Джавані стрымана хваліць іх і пачынае есці. Лепарэла, у якога даўно булькоча ў страўніку, пакутліва глядзіць на гаспадара, але ж ён не мае права далучыцца да тра­пезы. А свавольнік усё нахвальвае — ці то смакоцце на стале, ці то оперу «Una cosa rara».

Цяпер, як у даўнія-даўнія часы, калі ён быў яшчэ падлеткам са школьнай мянушкай Кароль, Грынкевіч атрымліваў асалоду ад грання на публіку, асабліва калі зала запляскала пасля пэўных ягоных акторскіх выбрыкаў. Гэта быў, бадай, самы вясёлы спектакль за ўсю гісторыю N-скай оперы. Асабліва шмат гледачы смяяліся, калі ў сцэне сялянскага вяселля ў аркестравую яміну паляцеў вяночак нявесты і дырыгент злавіў яго. Пасля дуэта з хорам якраз пачынаўся рэчытатыў, і ў невялікай паўзе ён мог на вачах у публікі пакруціць той вяночак і начапіць сабе на галаву, чым выклікаў шчыры смех. Далей ён устаўляў італьянскія рэплікі, няўзгодненыя з рэжысёрам, але вельмі дарэчныя, і такія імправізацыі прыводзілі публіку ў шалёнае захапленне. Гэта была сапраўдная італьянская опера-буфа, так яе маглі сыграць недзе ў Неапалі гадоў дзвесце з нечым таму. Тэатр у тэатры.

Музыканты зайгралі новую тэмугэтым ра­зам з іншага опернага хіта тых часоў, «Дзе двое сварацца, там трэці карыстаецца» Сарці. Цяпер ужо Лепарэла адзначае іх: «I litiganti». Джавані працягвае здзекавацца з галоднага лёкая, але ж у пэўны момант не ўпільноўвае, як Лепарэла скрадае са стала кавалачак недаедзенага бажана.

А сэрца між тым зноў цяжка затахкала, і зноў вярнулася адчуванне каменьчыка з завостранымі краямі ў грудзях. Але Грынкевіч стараўся не звяртаць на гэта ўвагі. Невядома адкуль у яго браліся сілы, каб глушыць недарэчны боль. Калі донна Анна праспявала арыю помсты, зала пасля кароткай паўзы раптам выбухнула, бо голас салісткі і тое, як гэты нумар быў адбудаваны, узрушылі кожнага. Гледачам быццам нагадалі, што за драма адбываецца насамрэч на фоне гэ­тай камедыі і якім павінен быць яе фінал. Тэнар адносна няблага даваў рады арыі. Дона Атавіа таксама праводзілі са сцэны заслужанымі воплескамі.

Далей ішла каронная арыя дона Джавані. Гэты нумар Грынкевіч рабіў з салістам вельмі доўга і вельмі старанна. Яны нават былі пасварыліся, і дырыгент перажыў гучную спявацкую істэрыку. Саліст адстойваў сваё права на рамантычныя запавольванні і адцяжкі, а дырыгент прымушаў яго да сухога і дакладнага штрыха, да таго ж арыю належала выконваць у шалёным тэмпе. Калі дон Джавані праспяваў яе і сарваў выгук «брава», дырыгент зірнуў на яго: маўляў, а вы яшчэ супраціўляліся. Спявак злёгку кіўнуў яму са сцэны.