Музыканты граюць трэцюю песу — гэта тэма з «Вяселля Фігара» самога Моцарта. Дон Джавані ў захапленні, а Лепарэла спрабуе як мага хутчэй пражаваць кавалак. Тут гаспадар яго і ловіць. «А ну, праспявай мне, Лепарэла, пад гэту музыку!»
Далей была сцэна з Дзэрлінай і Мазэта, выкананая даволі міла і з густам. І ўжо ў фінале першага акта Грынкевіч стаў адчуваць, што цела зноў не слухаецца яго. Ён рабіўся млявым, майка пад кашуляй непрыемна ліпла да спіны, а боль у грудзях не адступаў. Між тым далей было суцэльнае скразное дзеянне, і нават у апошняй сцэне першага акта, дзе грае сцэнічны аркестр, ён павінен быў паказваць сетку. Тут ён у невялікай паўзе дастаў з кішэні хустку і выцер лоб, з якога пот бег ручаямі. Адчуванне было такое, быццам ён правёў сама меней палову якойсьці «Аіды» ці, што яшчэ дакладней, «Валькірыі».
Лепарэла з набітым ротам спявае, якія цудоўныя стравы стаяць на стале ў ягонага гаспадара. Дон Джавані рагоча. Ніколі раней яму не было так весела.Зноў забракла паветра, зрабілася цёмна ўваччу. У апошнім ансамблі ён ледзь не згубіў радок у партытуры, выратавала толькі тое, што ён яе паспеў добра вывучыць на памяць. Дый увогуле рэакцыі рабіліся запаволенымі. Хацелася спыніцца і перачакаць, пакуль галава зноў стане свежай, а сэрца супакоіцца. Фінальную коду ён з сябе літаральна выціснуў. З яміны ён ішоў, быццам па хісткім масточку над бурнай ракой. Ён ведаў, што ў калідорчыку будзе халаднавата і там яму адразу стане лягчэй.
Аднак лягчэй не рабілася. Ён ужо амаль дайшоў да дырыгенцкай, калі зразумеў: яшчэ крок — і ён паваліцца. Грынкевіч абапёрся рукой аб сценку. У калідоры была мітусня і на яго, на шчасце, ніхто не звярнуў увагі.
Сцэна XV
Тыя самыя і донна Эльвіра.
— Што з табой? Блага?
Жаночая рука дакранулася да яго пляча. Ён пазнаў Таню, сённяшнюю донну Эльвіру, якая ішла гэтым калідорам да сваёй грымёркі.
— Ды ты белы, як засланка! Сэрца?..
— Цішэй ты. — адказаў ён і скеміў, што залішні розгалас будзе недарэчным. — Зараз пасяджу — і адпусціць.
Донна Эльвіра ўрываецца ў залу, дзе дон Джавані чакае Каменнага Госця, і адразу з парога выгукае: «Апошняя просьба! Сваім каханнем заклінаю! Я ўсё даравала, ніякай злосці не трымаю на цябе, але малю цябе — спыні свавольствы!».
— Лёша, гэта не жарцікі! — ціха, але настойліва прамовіла Таццяна. — Давай я зараз Сяргеіча прывяду?
— Не трэба. Мяне зараз адпусціць, а так увесь тэатр будзе ведаць.
— Я абяцаю, што нікому нічога не скажу. Няхай хоць укол які зробіць. Ты разумееш, што гэта небяспечна?!
Ён хацеў спрачацца, бо яму, здаецца, сапраўды стала крыху лягчэй дыхаць. Але боль у грудзях раптам стаў невыносна рэзкім, у разы мацнейшым, чым сёння ўначы. Схапіла і адразу адпусціла. Ці надоўга?..
— Давай, Таня, вядзі. Толькі я цябе вельмі прашу: не падымай панікі. Людзі ў настроі, працуюць спектакль, у іх амаль свята.
Донна Эльвіра падае перад Джавані на калені і працягвае благаць. Ён успрымае гэта як дадатковы кур'ёз вечара, як цырк, але ўздымае жанчыну з каленяў і сам укленчвае перад ёй. «Вы мне, спадарыня, скажыце, малю вас, што здарылася? — пытаецца ён і рагоча. — Я за вашай хадой думак ніколі не мог усачыць, то заклікаю вас, скажыце, што такое адбываецца?»
Таццяна пахістала галавой і пабегла да медпункта. А Грынкевіч дабраўся да дырыгенцкай і з цяжкасцю апусціўся ў фатэль. Было настолькі нядобра, што ён нават не мог набрацца моцы, каб сцягнуць з сябе мокрую майку. Да адчування каменьчыка ў грудзях дадалося нешта новае, як быццам хтосьці біў яго тупым нажом у спіну, недзе пад лапатку. І цяпер ужо Грынкевіч разумеў, што справа сур'ёзнейшая, чым ён меркаваў.
— Аёй-аёй. — толькі і сказаў лекар Сяргеіч, калі ўвайшоў у дырыгенцкую. — Хуткую трэба, і неадкладна.
— Якую хуткую?! У мяне яшчэ другі акт!
Грынкевіч гаркнуў гэта так зычна, што атры-
маў яшчэ адзін нябачны ўдар у спіну. Але на Сяргеіча гэта падзейнічала. Медык моўчкі дастаў танометр, памераў ціск і загадаў распрануцца да пояса. З дапамогай Таццяны Грынкевіч нарэшце скінуў мокрую вопратку.