Выбрать главу

— Ціск звычайна які? — запытаўся лекар, ужо выслухоўваючы сэрца.

— Нармальны. Сто дваццаць пяць на восемдзясят. Але часам падскоквае. А што?

— А цяпер сто восемдзясят на сто трыццаць. І тоны мне не падабаюцца. Баліць?

— Ёсць крыху.

— Крыху ці не крыху? Стэнакардыя хутчэй за ўсё. Але можа быць і горш. Я ўсё ж выклікаю хуткую.

Эльвіра зноў далдоніць яму пра пакаянне, пра тое, што трэба забыцца на свавольствы і нарэшце пачаць жыць сумленным жыццём. Джавані смяецца яшчэ гучней. Куды яна лезе, гэтая дура?! Што яна разумее ў ім і ў ягоным жыцці?! Яго ўвесь час злавалі гэтыя чалавечкі, якія спрабавалі вырашыць, што яму трэба, а чаго не трэба. Яны хацелі з ім пацацкацца, як з малым неразумным дзіцем, а потым яшчэ і крыўдавалі на няўдзячнасць. Я не прасіў апекавацца мной, дайце мне нарэшце жыць уласным лёсам. Я таму і разбураю вашы жыцці, бо вы ўсё хочаце перакроіць мяне на свой вульгарны фасон. Людцы! Вы кроіце прасякнутую атрутай тканіну! Не дакранайцеся да яе, цалейшыя будзеце!

— Я нікуды не паеду!!! — зноў гаркнуў Грынкевіч.

— Цішэй, цішэй, цішэй. — прымірэнча загаварыў лекар і звярнуўся да Таццяны: — Танечка, вы скажыце там рэжысёрскай групе, каб антракт прытрымалі. Зараз зробім укольчык і будзем глядзець. Калі лепей не стане, тады ўсё ж паедзем куды я скажу. А вы, Аляксей Андрэевіч, з агнём гуляецеся. Асабліва калі ўлічыць, як вам гэтая пастаноўка дасталася.

— Не кажыце лухты. Прэм'ера — і вось так, на сярэдзіне спектакля. Хто яго давядзе?

— Вася, — адказала Таццяна, якая яшчэ не сышла з дырыгенцкай.

Спявачка абцёрла Грынкевіча ручніком і пада­ла яму свежую вопратку, што вісела на плечыках ля ўвахода. Адчуўшы на целе сухую і чыстую тканіну, ён зноў як быццам акрыяў.

Джавані налівае сабе віна і прамаўляе тост. Ён услаўляе жанчын, віно і ўсё найлепшае, што ёсць у гэтым жыцці. Ён пяе хвалу самому жыццю ва ўсёй паліфаніі яго гукаў, смакаў, дотыкаў, фарбаў, водараў. Гэта ягоны лёскаштаваць жыццё ва ўсіх праявах, а не да скону сядзець у цёмным сырым склепе. І нікому ён уласнага лёсу не аддасць.

— Ды вы здурнелі абое ці як?! Вы хоць разумееце, што гэта за стрэс будзе ў салістаў і аркестра! Там жа ж так пастаўлены спектакль, што я ў ім паўнавартасная дзейная асоба. А тут выйдзе Вася. Ён, натуральна, партытуру ведае, але. Ну не псуйце вы людзям свята!

— Цішэй, маэстра, цішэй! Я пакуль нікуды вас не адпраўляў. Зараз яшчэ валідол вазьміце пад язык. Вось так.

Таццяна пабегла папярэдзіць, каб антракт затрымалі. Сяргеіч замкнуў за ёй дзверы пакоя, каб сюды не ўвайшоў хто выпадковы.

Донна Эльвіра ўцякае. Чуваць ейны ўскрык за сцэнай.

— Яны ўсе вельмі ўражлівыя, — казаў Грынкевіч ужо спакайней, бо падзейнічалі лекі. — Наслухаліся гэтых тэатральных міфаў і легендаў, тры месяцы глядзелі на мяне як на канатаходца без страхоўкі. Як жа я магу сарвацца, калі толькі адзін крок застаўся?..

— Дзіўнае вы стварэнне, маэстра. Ніякага стра­ху. Няўжо так важна здзейсніць цуд? Ну ды годзе. Лягчэй?

Боль сапраўды прытупляўся. Праўда, у целе з'явілася недарэчная млявасць, і Грынкевіч з цяжкасцю ўяўляў, як ён у такім стане правядзе яшчэ цэлую гадзіну ў ролі эмацыйнага камертона спек­такля. Праз дваццаць хвілінаў, калі далі першы званок, Сяргеіч зноў памераў яму ціск, і лекарскі твар выразіў кампрамісную задаволенасць.

— Дык вось, Аляксей Андрэевіч, дамаўляемся так. Вы пойдзеце працаваць далей. І без фанатызму! А я буду дзяжурыць ля дзвярэй яміны. За дваццаць хвілінаў да канца я ўсё ж выклічу хуткую, бо ў лякарню так ці іначай трэба з такімі сімптомамі. І адразу, як адпрацуеце, — трапіце ў рукі кардыябрыгады. Усё зразумела?

— Зразумела. Дзякуй вам велічэзны, Павел Сяргеевіч.

— Ну. Рыбна вам.

— Хоць не рыбна, затое юшна! — амаль весела адгукнуўся дырыгент. — Ад «Трыстана» дырыгенты паміралі, было, а вось ад «Дона Джавані» яшчэ ніхто не памёр.

Аднак пасля трэцяга званка Грынкевіч ішоў у яміну без усялякай упэўненасці ў тым, што ўсё будзе менавіта так, як хочацца яму, а не бязлітаснай Ананкэ. Аркестранты глядзелі на яго насцярожана. Па тэатры ўсё ж пайшла пэўная пагалоска, дый увогуле было дзіўна, чаму дырыгент увесь антракт прасядзеў у пакоі, а ў яміну прыйшоў пад своеасаблівым канвоем Сяргеіча. Дэкарацыі былі змантаваныя такім чынам, што на іх перамену перад другім актам не трэба было шмат часу, але ж антракт расцягнулі на сорак хвілінаў.

— З вамі ўсё добра? — асцярожна запыталася першая скрыпка Валянціна.

— З намі ўсё цудоўна, і мы ўсе сапраўдныя ма­лайцы, — адказаў Грынкевіч, хаваючы ўласную трывогу за галантным ручкацалавальніцтвам. — Давайце, Валя, працаваць другі акт у такім са­мым настроі.