Выбрать главу

Дон Джавані загадвае Лепарэла пайсці і паглядзець, што там адбываецца. Лёкай выходзіць з залы, але неўзабаве вяртаецца і таксама крычыць у жаху. Дон Джавані ўгневаны, бо не можа зразумець, чаго так спалохаліся і донна Эльвіра, і Лепарэла. Лёкай паведамляе, што ў залу крочыць каменная статуя Камандора.

Грынкевіч павёў спектакль далей. Першыя, камічныя сцэны не патрабавалі моцнага эмацыйнага напружання, таму ён свядома ашчаджаў сябе. Гэта была прафесійная праца, той самы стабільны вынік, да якога імкнецца любы музыкант. Амаль такім самым чынам ён працаваў на здачы спектакля. Зрэшты, публіка прымала далейшую дзею вельмі цёпла, бо гледачоў добра разахвоцілі ў першым акце.

І так, на своеасаблівым аўтамаце Грынкевіч пратрымаўся да сцэны донны Анны. На рэчытатыве ён адчуў, што калі зараз не зробіць цуд, то ўся сцэна скамечыцца. Дакладней, яна будзе праспяваная і сыграная з вялікім густам, але без не­рву. Ён выдатна адчуваў розніцу паміж проста дырыгаваннем і магіяй. Дырыгаванне дазволіць яму спакойна дайсці да фінальнай фанфары. На­туральна, дасведчаная публіка ў зале адзначыць, што першы акт быў чароўны, а вось у другім акце гэтая невытлумачальная магія знікла, хоць усё, вядома ж, было прыстойна. Калі магіі не будзе і ў фінале, спектакль расклеіцца і пакіне прэснае адчуванне.

Музыканты паспешліва сыходзяць. А Лепарэ­ла кідаецца гаспадару ў ногі: «Не хадзіце туды! Там страшны Каменны Госць! Вы б чулі, якія цяжкія ў яго крокі... Та! Та! Та! Та!».

Ён краем вока зірнуў на ложу, у якой сядзела Анна. На словах: «Crudele. Ah no, mio bene» — аркестр успырхнуў, як стая птушак. Гэта былі словы апошняга апраўдання, апошняй просьбы дараваць. Ён ведаў, што калі салістка не адчуе гэтага напружання ў аркестры, то можа проста не выдаць патрэбнай эмоцыі і тады прападзе гук, штрых, настолькі ўражлівай была салістка. І сэрца зноў закалацілася і адгукнулася пакуль яшчэ ціхім болем. Але спявачка павяла фразу. А якія ў яе былі вочы! Да чорта просьбы паберагчы сябе!

Тэатра «без фанатызму» не бывае!

У дзверы грукаюць. Джавані загадвае, каб Ле­парэла адчыніў, але той у звар'яцелым стане поўзае на карачках вакол гаспадара і ляпае далонямі па падлозе, паўтараючы: «Та! Та! Та! Та!».

Яна ўступіла на піянісіма, такое пранізлівае піянісіма, якое здольнае запоўніць сабой усю залу. Затым яна па-майстэрску выйшла на невялікі эмацыйны ўсплёск, які быў у канцы гэтага музычнага сказа. Уся складанасць арыі была ў тым, што тут кожны сказ быў пабудаваны на розных адценнях пачуцця, якія не кожная спявачка сумее перадаць голасам. Гераіня сапраўды як быццам ста­яла перад райскай брамай, але пры гэтым хацела запэўніць каханага, што іхнае шчасце яшчэ наперадзе. Тут было і ўсведамленне непазбежнасці развітання, і журба, і смутак, і спроба суцешыць і апраўдацца за тое, што вымушаная сысці і прымусіць пакутаваць.

Грукат у дзверы паўтараецца. «Толку з цябе... — незадаволена кідае свавольнік ашалеламу лёкаю. — Зараз сам пайду адчыняць!»

Донна Анна нічога не магла змяніць, яна хаце­ла толькі, каб ейныя апошнія дні на гэтай зямлі не былі азмрочаныя пачуццём віны — перад тым, каго яна не здолела зберагчы. Пасля, на хуткай, бравурнай частцы, яна ўжо выглядала як сапраўды апантаная. І мужчына, які ніколі яе не атрымае, пачынаў разумець — гэта не да яго звяртаецца донна Анна і не з ім яна развітваецца.

Арыя скончылася. Салістка стаяла на сцэне з пачуццём стрыманага артыстычнага трыумфу. Анна, седзячы на сваім месцы ў ложы, апусціла твар на рукі і так заставалася ўсе тыя хвіліны, пакуль спявачцы крычалі «брава».

Дон Джавані бярэ ў рукі свечку і шпагу і сам ідзе насустрач Каменнаму Госцю. Ён адчыняе дзверы.

Сцэна XVI

Тыя самыя і Камандор.

Напэўна, гэта была самая доўгая авацыя ў гісторыі N-скай оперы. І пакуль на сцэне за спушчанай заслонай ішла невялікая перамена дэкарацый, Грынкевіч змагаўся з болем, ад якога яго на непрацяглы час уратаваў лекар. Цяпер удары ў спіну сталі часцейшымі і вастрэйшымі. Чалавечы інстынкт самазахавання заклікаў бегчы адсюль проста зараз, выходзіць з гэтай д'ябальскай гульні, бо на рахунку цяпер кожная хвіліна.

Камандор уваходзіць і абвяшчае: «Дон Джавані! Ты запрашаў мяне на вячэру, і вось я прыйшоў!». Той голасам задзірыстага, але напалоханага шкаляра адказвае: «Я не здзіўлены гэтым візітам! Гэй, Лепарэла, падай прыбор нашаму госцю!». Але Камандор хістае галавой: той, хто пакаштаваў нябесных страў, да зямной ежы ўжо не дакранецца.