Выбрать главу

Але рэжысёр-вядоўца ўжо паведаміў, што ўсё га­това, заслона торгнулася, і дырыгент вымушаны быў весці спектакль далей. Непрацяглы адпачынак на фрагментах са сцэнічным аркестрам ужо не дапамагаў яму. А потым напружанне мелася нарастаць і хвілінаў дзесяць дырыгент не меў права шкадаваць сябе. Трэба быць самому з мармуру ці бронзы, каб зусім нічога не адчуваць на сцэне з Камандорам, каб зусім не патраціцца, нават калі ашчаджаеш эмоцыі. Гэтая музыка прыйдзе і сама іх адбярэ.

Дон Джавані пытаецца ў Камандора: навошта ён прыйшоў, чаго ён хоча. Той адказвае: я маю мала часу і таму запрашаю цябе на сваю вячэру. Лепарэла моліць гаспадара, каб той не прымаў такога запрашэння.

Ён ужо дакладна ведаў: здарылася тое, чаго варта было засцерагацца, і Сяргеіч меў рацыю. Калі з бацькам гэта сталася ў першы раз, ён пратрываў да прыезду хуткай дзве гадзіны. Што ж, датрывае і сын гэтыя апошнія хвіліны спектакля. Грынкевіч глушыў свой натуральны страх, прымушаў сябе думаць, што гэта неістотна. І нават калі ён дырыгаваў кульмінацыйнай сцэнай усёй оперы — сцэнай з Камандорам, ён ужо проста аддаўся Ананкэ, дазволіў ёй кіраваць сабою. Страх адступіў, было толькі ўпартае памкненне прайсці гэты шлях да канца і выпіць келіх да дна. Ананкэ мусіла дазволіць яму гэта.

Камандор просіць дона Джавані падаць яму руку. Той падае і адразу ўскрыквае: далонь Каменнага Госця халодная, як труна.

Самым жахлівым было тое, што пад канец гэ­тай сцэны Грынкевіча перасталі слухацца рукі.

Левая дык зусім знямела, і ён нават не змог гартаць ёй старонкі партытуры. Гэта запрыкмецілі і аркестранты. Яны заўважылі і ненатуральныя грымасы на яго твары, і нежывую бледнасць аблічча. Усё адно што дырыгаваць аркестрам на «Тытаніку», які ідзе на дно, падумалася яму. Ну што ж, калі нават цяпер ён здольны так спецыфічна жартаваць, дык усё яшчэ няблага.

Камандор патрабуе, каб дон Джавані пакаяўся. Той адказвае: «Не».

Сцэна з Камандорам скончылася, і невядома чаму далі заслону, хоць сэкстэт меўся ісці адразу, без спыненняў. Відаць, Сяргеіч сказаў пра ўсё рэжысёру-вядоўцы, і тая вырашыла абрэзаць сэкстэт. Але Грынкевіч даў знак — ён будзе працягваць. У тым сэкстэце ўся квінтэсенцыя спектакля, нельга перакрэсліваць задуму. Шэсць хвілінаў музыкі нічога не вырашаюць.

Тады статуя кажа свавольніку: «Твой час прыйшоў!» — і з гэтымі словамі сыходзіць.

Публіка ў зале ўжо пляскала, думаючы, што спектакль скончыўся, калі заслона зноў разышлася. Сэкстэт быў крыху скамечаны, бо ўсе ўжо ведалі, што адбываецца з дырыгентам. Салісты вельмі перапужаліся, і тым не менш гэтыя шэсць хвілінаў музыкі прагучалі прыстойна. І галоўнае — была пастаўленая рэжысёрская кропка, якую так старанна прыдумляла Анна.

Грынкевіч ішоў з яміны, інстынктыўна хапаючыся рукой за сэрца, як быццам ад гэтага боль мог зменшыцца. За дзвярыма яго сустрэў Сяргеіч, ён сказаў, што хуткая ўжо едзе і што ён адправіў людзей сустрэць медыкаў, каб тыя доўга не шукалі дарогу на сцэну.

— Зараз нікуды не хадзіце, вось тут сядзьце, — сказаў лекар, паказваючы Грынкевічу на крэсла ў калідоры.

— Яшчэ на паклон. — адказаў той.

— Ды вы што, зваряцелі?!

— Пару хвілінаў нічога не зменяць, — адказаў Грынкевіч аслаблым голасам і пайшоў за кулісы.

Дон Джавані адчувае, як яму робіцца цяжка дыхаць. Ён чуе галасы дэманаў, што прыйшлі па яго з апраметнай. Пекла ўжо раскрылася перад ім.

Яго з'яўленне ля выхада на сцэну выклікала пярэпалах, — напэўна, выглядаў ён сапраўды нядужа. На паклон яшчэ не выйшлі ўсе салісты, а дырыгенту ж трэба акунацца ў апладысменты апошнім — такія правілы. За ім следам прыбег Сяргеіч, зноў спрабуючы штосьці давесці. Дырыгент толькі прытуліўся спінай да сцяны, каб не асесці проста зараз. Нябачная дзіда зноў працяла яму грудзі, як быццам хацела навечна прыкуць яго да скалы пакутаў — пакараць за свавольства. Боль зрабіўся невыносным і, здавалася, разліўся па ўсім целе. Вось на паклон пайшлі мастак, хармайстар. Вось выйшла Анна ў чорнай сукенцы з аголенымі плячыма і нізкай перлінаў на шыі. Яна не заўважыла Грынкевіча, — напэўна, яна нават і не ведала, што здарылася. Нарэшце прыйшла і ягоная чарга. Тамара рушыла за кулісы, каб падаць яму руку і вывесці на сцэну.

Чые галасы ён чуе? Дэманаў з апраметнай ці архангелаў, якія вяшчаюць яму гнеў Божы? Тут і тыя, і іншыязляцеліся, усё спадзяюцца перахапіць яго душу. З целам ужо ўсё зразумела, а вось душа... Скажы ён зараз «так»і душа паляціць у чысцец. Але што яму там? Гэта параза, гэта катастрофа. Гэта пафасны баналізм, супраць якога ён паўставаў усё сваё жыццё. І ён выгуквае самае апошняе сваё «не».