Ён схаваў ад публікі боль, схіляючыся ў паклоне. Гэта быў самы востры ўдар нябачнага клінка. Затым у вачах пачало цямнець, але ён усё яшчэ трымаўся і нават спрабаваў усміхацца. Вынеслі кветкі. Трэба было яшчэ выйсці на авансцэну ўсім адразу, узяўшыся за рукі. Яго левую далонь трымала Анна. І ён ужо зусім не адчуваў уласнай рукі.
Нарэшце пайшла заслона, і на сцэне раптам зрабілася цёмна, быццам у тэатры выбіла ўсю электрычнасць. Асядаючы на падлогу, ён толькі паспеў убачыць твар Анны, якая схілілася над ім. Яна нешта выгукнула, яна клікала яго, прасіла пра нешта. А ён злавіў такі знаёмы гаркаваты вод ар парфумы і заплюшчыў вочы. Вод ар яе парфумы, водар дажджу. І не трэба яму, каб за адну толькі хвіліну пранеслася ў памяці ўсё жыццё. Хопіць успаміну пра тую ноч, у якую здарылася навальніца. А цяпер усё, заслона! Ананкэ ўзяла з яго дорага, але яно таго каштавала.
Камень у грудзях раптам ператварыўся ў лёгкую птушку — і адляцеў.
Дон Джавані правальваецца ў апраметную.Дзвесце дваццаць гадоў таму памёр Моцарт. Ва ўсіх фільмах пра вялікага кампазітара паказваюць, што на дварэ ў той дзень было асабліва пахмурна, асабліва слотна, што снег ішоў асабліва брыдкі, а вуліцы былі асабліва бруднымі. А потым у іншы дзень з такім самым надвор'ем геніяльнага нябожчыка скідвалі ў агульную магілу разам з тагачаснымі венскімі бамжамі.
Сёння ідзе дождж, як быццам гэта пятага лістапада, а не пятага снежня. Не ведаю, як там у Вене, бо не сачу за прагнозам надвор'я ў Еўропе, але ў Мінску сапраўды пахмурна і шэра, хоць і даволі цёпла.
Ніхто цяпер ужо не даведаецца, што загубіла Моцарта і ў якім абліччы ён бачыў уласнага Камандора. Ніхто не скажа праўду, ці насамрэч яго атруцілі масоны за пародыю на іхныя рытуалы ў «Чарадзейнай флейце». А можа быць, у яго проста перасталі працаваць ныркі на глебе беспрабуднага п'янства?
І цяпер ужо ніхто дакладна не засведчыць, якім быў пачатак снежня 1791 года. У любым разе, справа была ў Вене, а ў Еўропе зімы звычайна цяплейшыя, чым у нас, у Мінску. Ці ўгорадзе N, які я прыдумала, нават прыкладна не азначыўшы для сябе, у якой частцы Расіі ён знаходзіцца. У Расіі нямала гарадоў з опернымі тэатрамі і кансерваторыямі, а значыць, пісьменнік заўсёды мае магчымасць ствараць зборныя вобразы. Нават калі гаворка ідзе пра чалавека рэдкай прафесіі.
— ...які таксама памёр пятага снежня. І ўсё па тваёй волі!
О божухна! Толькі не высвятленне адносінаў, толькі не цяпер! Мне ўчора так складана даўся папярэдні кавалак тэксту, што падавалася, быццам я сама адлячу ў апраметную. Я днямі нават крыху прастудзілася, калі пісала, што герой схапіў грып. Гэта факт, гэта я не прыдумала. У сэнсе — грып героя я прыдумала, а вось мая прастуда была сапраўднай. І вось зараз мяне будуць яшчэ ў нечым папракаць.
— Ты ж мяне забіла! Я, я прататып твайго героя! Я з'явіўся пасля таго, як ты напісала папярэднюю версію рамана, і я папрасіў не забіваць яго! Я прасіў, каб ён застаўся жыць і стаў добрым дырыгентам! А ты хочаш забіць мяне! Ты ж сама ведаеш, што такое сінхранізм!
— Па-першае, я гэтым разам пісала не раман. Па-другое. хіба ты не бачыш, што гэтым разам я пісала не пра цябе? Ён іначай выглядае, іначай паводзіцца, урэшце, я пазбавіла яго той геапалітычнай заклапочанасці. Ну, і дзень народзінаў у вас болей не супадае.
— Ведзьма!
— Якая ўжо ёсць. З самага пачатку я табе сказала, што буду рабіць хіба што раман у рамане, а значыць, галоўны герой будзе сам па сабе, а наша з табой гісторыя — сама па сабе. Але потым я вырашыла адкінуць нашу гісторыю: калі пісаць яшчэ і пра нас з табой, то выйдзе эпапея. І вось я пакінула яго аднаго, а ты. Прабач, ты пайшоў толькі ўстаўным нумарам.
— Ты ўсё яшчэ злуешся на мяне?
— Не-а. Проста люблю падражніць гусі. Кніжкі з элементамі аўтабіяграфізму цяпер чытаюцца лепей. Але ж пабудаваць такі немаленькі тэкст толькі на ўласнай біяграфіі. Гэта ўжо будзе кепскі густ. Мастацкае аздабленне жаночых біяграфій звычайна зводзіцца да аднаго: мяне, белую і пухнатую цёцю, пакрыўдзіў брудны і грубы казёл, а я вось зараз вазьму і адпомшчу яму. А іншыя цёткі чытаюць і радуюцца: ату, ату яго!..
— Але ты забіла героя.
— Ён — не ты, не пераймайся.
— А хто?
— Суцэльны плён маёй фантазіі. Як гэта і было з самага пачатку.
Я адразу прыгадваю той сакавіцкі дзень, калі я ішла на працу а сёмай раніцы. Я так баялася спазніцца на аўтобус, што пабегла і паслізнулася. На аўтобус я паспела, але ж моцна ўдарылася. Зайшла ў офіс са скрываўленай каленкай і ў падраных калготках. Я была хадзячай метафарай уласнага жыцця, тагачаснага жыцця. Наперадзе быў нервовы працоўны дзень на восем гадзін. Я сядзела на сваім месцы ля вакна і разважала на экзістэнцыяльныя тэмы: што я тут раблю і як мне выбрацца з гэтай мініяцюрнай мадэлі пекла пад назвай колцэнтр прыватнай фірмы.