Выбрать главу

Аляксей быў старэйшым за Воўчыка на два з паловай гады, і, як тады казалі ўсе яго аднакашнікі, няясна што забыў на дырыгенцка-харавым аддзяленні. І праўда, навошта было пасля двух гадоў на музыказнаўчым, дзе ён быў выдатнікам-разумнічкам, забіраць дакументы і перапаступаць у іншую вучэльню, на менш прэстыжны а-ха? Воўчык быў адзіным, каго гэта мала цікавіла.

Воўчык, нявінная правінцыйная душа, з разяўленым ротам назіраў, як Грынкевіч дзеля размінкі пальцаў ганяў складаныя эцюды Шапэна, як ён з аркуша граў любыя харавыя партытуры, з якімі іншыя першакурснікі толькі пачыналі калупацца. Грынкевіч стаў яго каралём і богам, бо рашаў яму задачкі па гармоніі, вучыў курыць і распавядаў, як ездзіў на конкурсы за мяжу ў сваім піяністычным мінулым. А дзяўчаты. Найстарэйшы і найразумнейшы на курсе хлопец, нават калі ён не дужа высокі і ўвогуле не Апалон, адразу робіцца кумірам усіх без вынятку дзяўчат. Воўчык зайздросціў белай зайздрасцю.

Ён заўсёды з ахвотай бег па гарэлку і цыгарэты для старэйшага сябра, калі той раніцай пасля пагулянкі не мог узняцца з ложка. Ён без усялякіх спрэчак сыходзіў невядома куды на ўсю ноч з пакойчыка, які яны здымалі ўдвух, калі ў Грынкевіча было важнае спатканне. Ён частаваў яго пірагамі і сочывам, якія перадавала мама з роднага Рыбінска.

Так яны і прасябравалі, амаль па-сямейнаму, чатыры гады прасябравалі. Потым Воўчыка забралі ў войска, а Грынкевіч паступіў у кансерваторыю. Яшчэ пазней Воўчык прыехаў у Маскву, а Грынкевіч апынуўся ў N.

Лепарэла кажа дону Джавані, што мае да яго важную справу. Узяўшы з гаспадара клятву, што ён не будзе гневацца, лёкай кажа Джавані: сіньёр вядзе непрыстойнае жыццё. Дон Джавані разюшаны, але клятва стрымлівае яго ад таго, каб пабіць лёкая.

У Маскве Воўчыку было тужліва — прынамсі, пра гэта Грынкевіч чуў ад даўняга сябручка пры кожнай сустрэчы. Яму і ў Піцеры нявесела жылося, але ў Піцеры была свая рамантыка. Пасля вучэльні і войска Воўчык не пайшоў па дырыгенцка-харавой каляіне, а ціхенька збочыў на запасны пуць і скіраваўся на сартавальную станцыю. Ён і праўда пачаў у Маскве з разгрузкі вагонаў. Затое цяпер меў фірму «купі-прадай» з раскіданымі па горадзе гандлёвымі пунктамі, машыну, чатырохпакаёвыя апартаменты ў адносна новым доме, жонку і дваіх дзяцей у хаце, а таксама студэнтку на ўтрыманні недзе ў нанятай кватэры. Ён адбыўся як мужык! І пакуль Воўчык быў цвярозы, гэтая адбытасць складала асноўны змест размовы.

Вось і цяпер яны сядзелі ў рэстарацыі на Арбаце, з акна якой быў відаць бронзавы Пушкін з бронзавай жонкай. Графін, у якім афіцыянт прынёс ім пяцьсот грамаў гарэлкі, быў выпіты ўсяго напалову. Воўчык натхнёна расказваў пра перспектывы свайго бізнэсу. Грынкевіч глядзеў на бронзавага Пушкіна і згадваў «Меднага вершніка», а потым адразу — «Каменнага госця».

— Я вось хачу яшчэ адну крамку адчыніць. З бялізнай кітайскай, ну там, станікі розныя, майткі-шмайткі. Мне месца добрае саступаюць у пераходзе, трэба браць, — хваліўся Воўчык.

— За твае планы і іх рэалізацыю! — Грынкевіч кульнуў яшчэ адну стопку гарэлкі і, нават не заядаючы, палез правяраць тэлефон.

Дон Джавані распавядае Лепарэла, чаму прыйшоў сюды: ён захапіўся новай прыгажуняй, і тая адказвае яму ўзаемнасцю. Лепарэла радуецца, бо зможа ўнесці ў каталог яшчэ адно жаночае імя.

Алёна бамбавала яго СМСкамі. Рудая ведзьма сумавала па кожнай пражылцы ягонага самі разумееце чаго. Гэтая дзяўчынка была закаханая ў Яго, вяла з Ім размовы, нават калі Ён быў спакойным і адпачываў пасля працяглага любішча. «Мой жа ж ты харошанькі, напрацаваўся, мой салодзенькі, смачненькі, ружовенькі... Ну адпачні, паляжы ўжо, а потым Алёнка цябе разбудзіць і будзе з табой гуляцца... Праўда ж, каханенькі мой?»

Ён звычайна засынаў пад гэтую наіўна-распусную калыханку і ўжо ў сне гладзіў мяккія натуральна-рудыя валасы: Алёна любіла класці яму галаву на ніз жывата і скручвацца абаранкам побач, як котка. Маленькая, мяккая котка. Котка жыве сваімі вусамі і праз іх спасцігае навакольны свет. Алёна жыла тым, што яна без усялякага манернічання называла — «мая Піздзюлечка». Яна нават на габоі сваім грала прыстойна толькі пасля таго, як Піздзюлечка атрымлівала сваю порцыю радасці. Яна разумела толькі фізіялагічную вобразнасць. Не мела сэнсу казаць ёй на рэпетыцыі: «Сыграй пяшчотна». Лепей было папрасіць: «Сыграй так, як быццам я цябе лёгка цалую ў вусны, пасля таго як добра ад'ябаў». Гэта яна разумела і адразу знаходзіла патрэбны, надзіва дакладны штрых. Грынкевіч не проста так даў граць ёй сола. Між тым Алёна ні ў якім іншым аркестры ці ансамблі прыжыцца не магла і толькі ў яго сапраўды зайграла.