Выбрать главу

— І ты вырашыла абысціся падобным чынам з героем? Хіба ж гэта па-жаночы?

— Зусім не па-жаночы. Па-жаночы — пусціць яго зноў бегаць па ўсіх колах пекла, вярнуць яго ў той стан, з якога ён вылез на старонкі гэтай кнігі,

— стан цынічнага засранца з неардынарнымі музычнымі здольнасцямі. А дзеля поўнага шчасця ажаніць з якой-небудзь несапсаванай істотай. І каб яна нарадзіла яму хлопчыка і дзяўчынку. Але, халера, мне шкада ўласнай працы! Я не магу завяршыць уласны твор гэтакім лубком!

— Ты ж так і зрабіла, калі пісала раман. А цяпер ты ўсё разбурыла. Ты змяшала роды і жанры. Ты ўпарта ўчапілася за оперу, за гэты вечны сюжэт, які не вымагае нічога, апроч смерці героя. Будзем лічыць, што з героем усё выйшла лагічна. Але што з гераіняй? Табе зусім не шкада яе? Ты думаеш, калі ён не спыніў яе, не запрасіў у край вечнай ночы, то яна крыху пасумуе і ўсё забудзе? Мне падавалася, ты рабіла яе далёка не прымітыўнай дамачкай. Донна Анна не перажыве гэты год — акурат 25 чэрвеня будзе гадавіна смерці іншага Амадэя, прычым круглая дата. А яшчэ ты верыш у містыку лічбаў і шмат якія даты маюць для цябе асабістае значэнне. Нездарма ты звяла гэтых нем­ца і беларуса разам.

— Я толькі цяпер звярнула ўвагу.

— Што будзе з Аннай, калі яна страціць адзінага чалавека, які кахаў яе? Забіваючы яго, ты не пакінула ніякіх шанцаў гэтай беднай дзяўчынцы. Уяві сабе: той, хто кахаў цябе, памірае на тваіх руках. Што ты адчуеш? Ці доўга ты вытрываеш на гэтым свеце, штохвіліны думаючы: не зберагла, не ўратавала, не паспела? Наўрад ці яна ўбачыць у гэтым толькі эфектную оперную мізансцэну.

Я сапраўды пачынаю сур'ёзна над гэтым задумвацца. Тады, седзячы ў офісе з разбітай каленкай і запаўняючы анкету нікому не вядомага Грынкевіча, я прыдумала занадта складны сюжэт. Занадта ўдала ўвяла ў яго матыў Ананкэ, з якой мела сталыя прафесійныя сувязі. І вось цяпер яна глядзіць на мяне і нечага чакае. і я заўважаю, што ейная дачка Антропас яшчэ не перарэзала ніткі жыцця!..

— І што цяпер зрабіць? Як гэта адкруціць на­зад?

— Прачытаць заклён. Ты ж ведзьма!

— Які заклён?!

— Ну, не заклён, а хоць бы добры верш. Сама ж і сказала, што мастацтва — гэта стыхійная магія. Раптам падзейнічае?..

І адказ. Цішэй скрыпічнай струны.

Голас маці Хрыста і маёй:

— Ён кахаў, і за гэта палову віны

Выкраслі з кнігі сваёй.

І душа яго была, як палі

Ў сонечнай майскай расе.

Ён кахаў прыгажэйшую на зямлі, —

Выкраслі віны ўсе.

Ён так кахаў, як ніхто з мужчын.

Свет паклаў на каханай далонь.

Жанчына я і стаю за жанчын.

Кідай лісты ў агонь.

А ты, што душы можаш будзіць,

Ты, шалёная галава,

Уваскрэсні, на людныя вулкі ідзі,

Грашы, суцяшай, спявай.

Ёсць на свеце гор і лясоў краса,

Акіянаў сіняя соль.

— Але я не хачу, не хачу ўваскрасаць,

Там боль!

— І тут будзе боль.

Забыцця ў каханні і смерць не дае.

— Там змрок!

— І тут будзе змрок.

— Там яна!

— А тут не будзе яе.

Ёй горка,

Вярніся, дружок.

Сцэна апошняя

Лепарэла, донна Анна, донна Эльвіра, дон Атавіа, Дзэрліна і Мазэта.

— Вярніся. Вярніся. Вярніся.

Анна шаптала гэтыя словы як малітву, як мант­ру, як заклён. Лекар з хуткай дастаў нейкую прыладу і загадаў ёй адысціся. Патлумачыў, што за­раз будзе даваць ток. Яна заплюшчыла вочы, калі ўбачыла, як бездапаможна страсянулася выпрастанае на падлозе цела Грынкевіча. Яна не хацела верыць, што цяпер гэта ўсяго толькі цела.

— Халера... Яшчэ разрад! — скамандаваў доктар памочніку.

— Пятровіч, мы яго не выцягнем, пульсу няма.

— Спрабуем, спрабуем яшчэ!

— Вярніся. вярніся. вярніся. — шаптала Анна.

Як яна магла падумаць, што гэта было не про­ста залішняе паглыбленне ў мастацкі матэрыял! Як яна магла не адчуць, што ён сам гукаў бяду, гуляўся з уласнай ніткай жыцця, як свавольнае кацяня. Як яна магла не зразумець, што патрэбная яму цяпер. Ведала, што сёння, кажучы «бы­вай», ён не граў, але ўгаварыла сябе паверыць, нібыта ўсё было неўзапраўду, як амаль ва ўсіх артыстаў.

Мсціўцы прыбеглі ў дом дона Джавані. Яны пэўныя, што зараз заспеюць свавольніка. Прыйшоў час пакараць жахлівага чалавека. «Калі я ўбачу яго мёртвым, то, магчыма, супакоюся»,кажа донна Анна.

— Вярніся. вярніся. вярніся. — паўтарала Анна ўжо каторую сотню разоў.