Выбрать главу

Яна чула лёгкі трэск апарата, праз які «давалі ток», чула, як доктар і фельчар з хуткай называюць незнаёмае слова «фібрыляцыя», прамаўляюць назвы нейкіх прэпаратаў, уголас лічаць хвіліны, якія мінулі з моманту спынення сэрца, і ціха лаюцца. Нарэшце яна пачула, як фельчар прамовіў:

— Пачакай, Пятровіч. Пульс ёсць.

— Фууууух. — выдыхнуў лекар.

Анна нясмела расплюшчыла вочы, быццам гэта яна вярталася з нябыту, быццам гэта ў яе не знайшлося манеткі, каб расплаціцца з Харонам. Медыкі ўсё яшчэ вазіліся над выпрастаным на падлозе Грынкевічам, які павольна вяртаўся ў свядомасць.

— Тааак. цяпер вельмі асцярожна кладзём яго на насілкі — і ў машыну, — скамандаваў Пятровіч некалькім тэатральным раззявакам, што стаялі непадалёк. Лішніх людзей адразу прыбралі са сцэ­ны, каб не заміналі лекарам працаваць. За насілкі разам з фельчарам узяўся Міша, не ў жарт шакаваны ў першы момант, а цяпер ужо раззлаваны на свайго адчайнага сябра.

— Ёбнутае стварэнне. — прабубнеў ён басам. — Мог жа і ўвогуле.

«Нават не спадзявайцеся!адказвае Лепарэ­ла донне Анне.Мой гаспадар сышоў і больш не вернецца».

Анна ішла за гэтымі насілкамі, гледзячы на Грынкевіча, які, відаць, не дужа разумеў, што з ім адбываецца. Ён быў ціхім, як перапужанае дзіця. І цяпер Анна паўтарала ўжо іншую мантру:

— Усё будзе добра. Усё будзе добра. Усё будзе добра.

Ёй далі трымаць кропельніцу, пастаўленую хвораму: бутэлечку трэба было несці за ім да самай машыны. Усё ж нейкі занятак, на свой лад адказны і важны, не дасць раскіснуць. Анна раптам адчула неверагодную моц. Нават уяўляла сабе, што гэтая сіла зараз перабягае ў яго цела па нябачнай нітцы. Вазьмі ў мяне гэтую сілу, нам на дваіх хопіць, думала яна. Я ніколі ні за каго не адказвала, а цяпер мне так хочацца быць адказнай за цябе. А ўголас паўтарала:

— Усё будзе добра. Усё будзе добра. Усё будзе добра.

На дварэ быў мароз, нямоцны, але адчувальны, асабліва калі выйсці без паліто. Зрэшты, Анна ніяк не зважала на холад, выскачыўшы з тэатра ў сукенцы з голымі плячыма і ў лёгкіх туфліках, якімі яна ступала па неглыбокім снезе.

— Усё будзе добра. Усё будзе добра. Усё будзе добра. — сказала яна, калі насілкі з хворым паставілі ў машыну хуткай.

Яна перадала фельчару кропельніцу і паправіла коўдру, якой ахуталі пацыента на ейную просьбу. Калі Аляксея ратавалі, дзеля хуткасці разрэзалі на ім кашулю і майку. Ён быў увесь змакрэлы, таму Анна папрасіла штосьці на яго накінуць.

У гэтыя хвіліны ў Анны вельмі дакладна і лагічна працаваў розум, яна ўлічвала кожную дробязь. Яна дастала з памяці ўсё, што ведала пра перадгісторыю гэтай хваробы, сказала лекару нават болей, чым мог паведаміць пацыент у яго цяперашнім стане. Прыгадала і пра стаянне на ўліку яшчэ ў юнацтве, і пра кепскую спадчыннасць, і пра гіпертанію, і пра цыгарэты па два пачкі на дзень, смерць бацькі і напружаную працу ў апошнія тыдні. Лекар вельмі ёй дзякаваў.

Лепарэла, моцна заікаючыся, пераказвае мсціўцам усё, што пабачыў у апошнія хвіліны: Каман­дора, полымя, што вырвалася аднекуль з-пад зямлі, але пры гэтым нічога не спаліла навокал... І праўда, дым, смурод стаіць страшны, быццам нешта згарэла, але ўсё на месцыа дона Джавані няма... Тут донна Эльвіра прыгадвае, што сапраўды бачыла тут нейкі страшны прывід. Пэўна, ён і забраў свавольніка.

Але як толькі хуткая, уключыўшы мігалку, рушыла ад тэатра, Анну імгненна падкасіла. Яна апусцілася на кукішкі і сядзела так на халодным снезе ў лёгкім вечаровым строі. Нічога, думала яна, я аднаўлю сілы, я змагу, у мяне ўсё атрымаецца. Толькі няхай ён жыве.

На плечы ёй накінулі паліто. Падалі руку, каб узнялася.

Тата.

— Хадзем, замерзнеш. — сказаў ён.

Яна пайшла, абапіраючыся на бацькаву руку. Толькі ў памяшканні яе пачало кідаць у дрыжыкі, як у моцнай ліхаманцы. На парозе службовага ўвахода стаяў Гюнтар — ён, відаць, не захацеў выходзіць на вуліцу без верхняй вопраткі.

— Застудзіцца баяўся? — здзекліва кінула Анна.

Гюнтар пачаў апраўдвацца, казаць, быццам проста не зразумеў, што тут адбываецца. А яна глядзела на яго — на мужчыну, з якім тры гады дзяліла ложак ды пастаноўкі, — і нічога, апроч гідоты, ужо не адчувала. Хацелася абрынуць на яго ўсю жоўч, назапашаную за гэтыя гады, вярнуць яму ўсю іронію, з якой ён разважаў пра ейныя ўласныя ідэі, сказаць, што ў прафесіі ён такі ж бяздарны, як у сэксе, і што няхай цяпер набывае каханак за татавы грошы. Гэта ж нават танней, чым набываць тэатральныя залы і публіку.

Але яна стрымалася. Ці папросту не адважылася. Бацька, які пільна назіраў за Аннай, прамовіў: