Выбрать главу

— Ну што ж. Сёння быў цяжкі дзень. але ж прэм'ера. Трэба недзе хоць бы ўтраіх пасядзець.

Гэта была апошняя кропля, гэта было як ускрыццё абсцэсу. Анну прарвала, яна не магла стрываць таго ўнутранага бруду, які выходзіў з яе душы, — бруду, назапашанага нават не за тры гады стасункаў з Гюнтарам, а за ўсё жыццё. Гюнтар быў тут увогуле не пры чым. Яна раптам пачала крычаць — так, што ейны голас запоўніў увесь службовы вестыбюль і паляцеў па прылеглых калідорах і лесвіцах:

— Тата, ты разумееш, што адбылося?! У мяне на руках толькі што ледзь не памёр чалавек. Ты калі-небудзь хоць бы ў тэорыі мог зразумець, што адчуваюць іншыя людзі?! Зразумець, а не адчуць? Бо адчуваць і спачуваць ты ніколі не ўмеў, мне пра гэта яшчэ бабуля казала. Ты заўсёды лічыў, што ўвесь свет табе вінаваты і ўвесь свет павінен з табой цацкацца. А на іншых табе заўсёды было пляваць, тата. На маю маці, на мяне. Табе і цяпер на мяне пляваць!

— Анна, не істэрыкуй. На нас глядзяць!

Дон Атавіа чарговым разам заводзіць з доннай Аннай размову пра іх будучыню. Маўляў, ну вось, твой бацька адпомшчаны, злачынца пакараны, трэба жыць далей, давай пажэнімся.

Фраза «на нас глядзяць» была магічнай і звычайна дзейнічала на Анну як моцнае заспакаяльнае. Але сёння яна проста перастала чуць уласнага бацьку. Яна выказвала ўсё — нават тое, чаго не выказала тады, калі пасварылася з ім восем гадоў таму.

— Ты хацеў, каб я скончыла ўніверсітэт, выйшла замуж за замежніка і з'ехала. А потым забрала цябе. Бо ты толькі і марыў з'ехаць, як быццам у замежжы такіх, як ты, нехта чакае. Ага, чакаюць. Пад старасць ты думаў сесці мне на шыю. Таму ты так старанна падкладваў мяне пад гэтага. Госпадзе, тата, ты разумееш, што я да апошняга спрабавала знайсці ў табе нешта добрае і светлае?! Я лічыла цябе не такім, як усе, а значыць, думала, што табе болей дазволена.

— Што ты вярзеш, ідыётка! — выгукнуў у адказ Рупель. — Я табе нічога не навязваў. Проста ніколі не ўхваляў гэтага твайго. гм. сябра. Ты сама ва ўсім вінаватая! І я цябе папярэджваў: не ездзі сюды, нічым добрым гэтая пастаноўка не скончыцца. Дык не, ты сюды прыперлася працаваць амаль задарма! І што цяпер?! Варта табе было зноў сустрэцца з гэтым нікчэмным ганарыстым алкаголікам, як ты.

— Не смей так пра яго казаць! — з усяе моцы крыкнула Анна, а потым вельмі ціха, як парваная струна, прамовіла: — Я кахаю яго.

Госпадзе, падумалася ёй, гэта з нейкага спек­такля, не памятаю адкуль, але такое можна казаць толькі са сцэны. Госпадзе, якая я насамрэч пустая і пошлая, дакарала сябе Анна, нават такія прызнанні я аднекуль запазычваю. Якая ж я. акторка.

Навокал было шмат людзей: аркестранты, хор, абслуга і некалькі салістаў. Яны ішлі да дзвярэй, каб пакінуць тэатр, але амаль усе спыняліся. Яшчэ б не спыніцца, такое шоў. Займальнае відовішча, тэатр у тэатры. Відовішча і багатая пажыва для новых плётак. Цяпер у оперы было пра што размаўляць на два тыдні наперад.

— Я кахаю яго, — прамовіла Анна, цяпер ужо ўласнай, не запазычанай з чужога спектакля інтанацыяй.

І раптам яна заплакала. З ёй такое здаралася вельмі рэдка і заўсёды — без сведкаў. А цяпер яна гатовая была не проста плакаць, а галасіць. Бацька схапіў яе за руку і паспрабаваў адвесці ў грымёрку, але яна адштурхнула яго. Утруціўся Міша, абклаў Рупеля мацюкамі, мужчыны мала не пабіліся, але іх расцягнулі. Публікі быў ужо поўны вестыбюль, аднак Анна перастала думаць пра нейкую там прыстойнасць. Яе трэсла ад рыданняў, слёзы струмянямі беглі па шчоках. Тут да яе скрозь натоўп прабіўся Сяргеіч і прапанаваў ісці за ім.

«Дарагі, дай мне пачакаць яшчэ адзін год,адказвае донна Анна.І не сумуй, не крыўдуй на мяне, калі сапраўды кахаеш. Ты павінен на гэта пагадзіцца, Атавіа».

Анна рушыла за лекарам. Пакуль ішлі да мед­пункта, яна ўсё яшчэ плакала і засыпала тэатральнага лекара папрокамі: чаму ён, ведаючы пра ўсё, дапусціў такое?!

— Харошая вы мая, вы б яго ў той момант бачылі! Ён бы ўсё адно пайшоў. Вы даўно яго ведаеце?

— З трынаццаці гадоў.

— І ён увесь час быў такім?

— Ён дурань. — прамовіла Анна, пераадольваючы спазмы ў горле і душачыся слязьмі. — Божа, які ж ён дурань. І як жа я ненавіджу тэатр!

Доктар прывёў Анну ў медпункт і зрабіў ёй заспакаяльны ўкол у плячо, а затым падаў пачак папяровых хустак. Яна яшчэ пару хвілінаў не магла стрымаць слёз, седзячы на лякарскай кушэтцы. Потым нарэшце сціхла і пачала распытваць, куды павезлі Грынкевіча. Першая хваля адчаю адышла, цяпер ёй трэба было даведацца, што адбываецца з Аляксеем. Ёй трэба было быць побач з ім, аддаваць яму сваю сілу. І не варта плакаць, думала яна, так сілаў на саму сябе не застаецца, а ёй цяпер трэба думаць пра дваіх.