Выбрать главу

— Анна, вам трэба адпачыць. Вы цяпер усё адно нікуды не патрапіце. Ужо амаль ноч, наведнікаў ні ў якое аддзяленне не пусцяць. А яго, натураль­на, павезлі ў рэанімацыю. Туды ўваход забаронены. Таму заўтра зранку вы ў найлепшым выпадку зможаце трапіць да яго лекара, ну, таксама пагутарыць з сястрычкамі. Высветліць, што там трэ­ба перадаць. Можа, цыдулку якую возьмуць. Вы не накручвайце сябе, Анна. Ён малады, даволі моцны. Наколькі я ведаю, там добрыя спецыялісты, куды яго павезлі. Можа, стэнт паставяць, і тады ўвогуле хутка ачуняе і будзе без сур'ёзных наступстваў. Абы толькі ён курыць кінуў і не быў такім фанатычным у працы. А цяпер вам трэба пра сябе падумаць. Сэрца — яно, ведаеце, ва ўсіх не вечнае.

Яна была ўдзячная лекару за рэдкае разуменне, ужо хоць бы таму, што ён ці не адзіны ў тэатры запомніў, што яе трэба называць менавіта Аннай, а не Аней.

Выйшаўшы з медпункта, яна скіравалася да сваёй грымёркі. У тэатры было ўжо амаль бязлюдна. Анна хутка пераапранулася і ўмылася. Надзяваючы паліто, яна раптам зразумела, што ёй няма дзе начаваць. У нанятай тэатрам кватэры спыніўся Гюнтар. Там яго рэчы, у Гюнтара, на­рэшце, ключы ад гэтай хаты. А яна выпітая да дна, яна не хоча размоў з Гюнтарам, прынамсі цяпер. Можа быць, заўтра, але не сёння. Сёння яна хацела пабыць адна.

Донна Эльвіра кажа, што хоча дажываць век у самоце і цішыні. Для тагачасных жанчын гэта звычайна азначала сыход у кляштар.

Анна палезла ў торбачку паглядзець, колькі мае на руках грошай, каб разлічыцца за пакой у гатэлі. Гатоўкі малавата, а вось на картцы грошы ёсць. Але з ейнай карткай апошнім часам нейкія праблемы, пачала выдаваць гатоўку далёка не ва ўсіх банкаматах, а калі разлічвацца безнаяўна, дык часта вісне. Усё ніяк не магла дабрацца да банка, каб разабрацца. Будзе недарэчы, калі картка заглючыць сярод ночы і аплата не пройдзе. А бегаць уначы па горадзе і кланяцца кожнаму банкамату — гэта не для яе сённяшняй.

Тут яна ўбачыла ў асобнай кішэні торбы звязку ключоў. Анна міжволі ўсміхнулася ад гэтай знаходкі і цяпер ужо спакойна выйшла з грымёркі.

У калідоры яе чакалі бацька і Гюнтар. Яна прайшла паўз іх, як прывід.

— Анна?

Яна павярнулася і раптам згадала пра адну неадкладную справу. Сцягнула з безыменнага пальца мілы пярсцёнак, які былы жаніх так угаворваў яе насіць. Моўчкі працягнула яго Гюнтару. Той таксама моўчкі сціснуў пярсцёнак у кулацэ.

— Vergib mir, — сказала яна і пайшла прэч.

На вуліцы яна злавіла таксоўку і назвала адрас.

Таксіст быў жартаўніком і ўсё распытваў, чаму такая мілая дзяўчына ды такая сумная. Зрэшты, яна ўжо настолькі стамілася, што не мела сілаў рэагаваць на бестактоўнасці. Ля дому Анна расплацілася і выйшла з машыны. Адчыніла пад'езд, паднялася па лесвіцы і адамкнула дзверы.

Калі яна ўвайшла, то мела такое ж адчуванне, як шмат гадоў таму, калі яе вярнулі з Краснаярска ў Піцер, у роднае жытло. Яна апынулася дома, і сцены гэтай кватэры, здавалася, павінны былі надзейна яе абараніць. Анна скінула паліто, разулася і прайшла ў пакой. Ложак быў прыбраны сяктак: відаць, гаспадар ужо сёння ўначы пачуваўся кепска, таму доўга не ўставаў. У кватэры яшчэ пахла лекамі ад кашлю. Дурань. Дбае пра здароўе толькі тады, калі прыпячэ. Зрэшты, у гэтым сэнсе ўсе мужчыны дурні, падумала яна і мела аб'ектыўную рацыю.

Дзэрліна і Мазэта таксама дзеляцца сваімі простымі, як мех з бульбай, планамі на жыццёпасяліцца ва ўласным сялянскім дамку і як мага хутчэй забыць пра гэтую прыгоду.

Анна адчыніла вакно, каб праветрыць пакой. Кепска, што ён толькі пасля грыпу, абы яго не працяла якім скавышом, бо калі, крый божа, які бранхіт на гэтым фоне. Ёй зноў стала неспакойна, але яна вырашыла не думаць пра нядобрае. Яна сказала доктару ўсё што магла, пра грып з ускладненнямі таксама. Лекары павінны гэта ўлічыць.

Далей яна па-жаночы пачала абжываць кватэру. Гаспадарскім рухам сцягнула з ложка ўжо не вельмі свежую бялізну і аднесла яе ў лазенку.

Знайшла ў шафе чысты камплект. Вось ужо ніколі не думала, што гэты раздзяўбай не лянуецца прасаваць прасціны і накоўдранікі. Гэта ж дакладна не з пральні, а з хатняй пралкі. Зрэшты, ён і раней быў крыху старамодным у пабытовым сэнсе, дый цяпер не набывае «пажмаканай» бялізны, якую можна не прасаваць. Зноў усміхнулася. Яна была дома. І тут ёй было добра.

На кухні Анна запоўніла фільтр вадой, і, па­куль вада рыхтавалася, яна паторгала мышку ноўтбука, пакінутага ўключаным проста на стале. Нешта, відаць, пампаваў.