Выбрать главу

Яна зайшла ў сацыяльныя сеткі з канкрэтнай мэтай — знайсці Аляксеевага брата. Трэба неяк папярэдзіць сваякоў, бо Грынкевіч меўся ехаць у Мінск на трыццаць дзён па бацьку, але ж не пры­едзе. Брат якраз быў анлайн, яна без цяжкасцяў знайшла яго ў сябрах у Аляксея. Анна пачала тлумачыць, што адбылося. Прасіла як-небудзь звязацца з маці і падрыхтаваць яе.

«А я пайду ў карчму і пашукаю сабе іншага гаспадара»,кажа Лепарэла.

«Ёй толькі скажы — яна імгненна прыляціць у N, — напісаў Віктар у сярэдзіне размовы. — Яна такая. Але прыдумаем нешта. А вы, напэўна, разам з Лёшам працуеце? Ставіце спектакль? Проста я пазнаў вас на фотках, ён скідваў мне.»

«Мы вельмі блізкія сябры. І нават болей, — напісала Анна, а потым пасаромелася гэтай няшчырасці і дадала: — Я яго кахаю і вельмі шкадую, што не паспела яму пра гэта сказаць».

«Яшчэ скажаце!»

«Я ў гэта хачу верыць».

Яна пакінула Віктару на развітанне свой нумар мабільніка. Той сказаў, што пасля новага года ўжо будзе ў Мінску ўсур'ёз і надоўга. Затым Анна адкрыла яшчэ адно акенца Мазілы і ўвяла ў адрасны радок — gmail.com. Нешта было зусім аўтаматычнае ў ейных дзеяннях — трэба праверыць уласную пошту. У скрынцы было дзясятка паўтара непрачытаных лістоў, на якія яна цяпер не мела сілаў адказваць і нават чытаць іх не магла. Так ужо атрымалася, што ейныя самыя шчырыя сяброўкі з часоў маскоўскага студэнцтва разляцеліся замуж па розных кутках Еўропы. І цяпер яны завальвалі Анну лістамі са скаргамі на асабістыя нягоды. Нават не чытаючы ліста ад адной з такіх сябровак, Наташы, яна ўжо ведала яго прыкладны змест: Роберт зноў едзе ў Штаты на два месяцы і пакідае яе адну з дзіцем. І зноў ён такі халодны, такі стрыманы. Анна раней суцяшала сяброўку, спачувала ёй, а цяпер раптам захацела напісаць: хай бы ехаў хоць на паўгода, абы толькі ведаць, што пабачыш яго зноў жывым і здаровым. Але яна не стала такога пісаць, ведаючы ўражлівую і датклівую Наташу.

А вось дзелавое ліставанне не магло чакаць, пакуль Анна прыйдзе ў сябе пасля ўсіх сённяшніх узрушэнняў. Пісаў прадзюсар мюзікла, казаў, што яна павінна быць у Маскве ўжо сёмага снеж­ня, то бок паслязаўтра. Там шмат працы. Трынаццаць дзён шалёнага графіка, а дзясятай раніцы пачынаем, а дзясятай ночы заканчваем і працуем толькі з кароткімі перапынкамі на паходы ў прыбіральню. Нават абеды будуць прыносіць на замову.

Чорт, чорт, чорт! Яна не можа быць у Маскве і не можа ставіць гэты мюзікл. Яна павінна быць тут, у N. Анна ўзяла тэлефон і набрала прадзюсара: яму можна было званіць да поўначы, а была яшчэ толькі палова на дванаццатую. Прадзюсар спачатку анямеў, а потым зароў, як бык. Што значыць не магу быць у Маскве?! Ты што, захварэла? Не? Ты цяжарная і ў цябе пагроза выкідка? Таксама не? Тады каб была сёмага на працы і не падстаўляй мяне, даражэнькая.

— Я згодная заплаціць табе няўстойку, — раптам сказала Анна.

Яна пакуль не ведала, дзе возьме грошы на няўстойку, сапраўды прапісаную ў кантракце (а кантракт ужо быў падпісаны!). Сума была нішто сабе. Заўтра трэба абзваніць сяброў і пазычыць колькі магчыма. Але яна не можа з'ехаць з N, і няма сэнсу тлумачыць гэтаму монстру шоў-бізу, што гэта ніякая не бздура. Ейныя абставіны — не форсмажор, гэта, паводле юрыстаў, што складаюць кантракты, не цунамі і не землятрус.

— Што з табой здарылася, Анна? — раптам змяніўшы інтанацыю з уладарнай на клапатлівую, запытаўся прадзюсар.

Тады яна набралася смеласці і сказала:

— Мужчына, якога я кахала ўсё жыццё, сёння трапіў у рэанімацыю. Ён тут, у N. Гэта сур'ёзна, і калі. Я гэтага не перажыву.

Монстр шоў-бізу памаўчаў, а потым сказаў:

— Не трэба ніякай няўстойкі, найду іншага рэжысёра, гэта не праблема. Але калі ён управіцца лепей, то болей я цябе ніколі не запрашу, ок? Ты мяне таксама зразумей, дзевачка. Я пайшоў табе насустрач, адсунуў пастаноўку, каб ты паспела і тут, і там. Дазволіў разарваць рэпетыцыйны працэс. Ты мне гэтай сваёй операй тры месяцы магзі выносіла. І што цяпер? Жанчыне вельмі лёгка разваліць кар'еру і потым не сабраць, нават калі ты супер-пупер геніяльная. Мужыкі прыходзяць і сыходзяць, Анна, а бізнэс застаецца. Гэта табе кажа стары гей, якога не раз падманвалі і кідалі.

І што яшчэ застаецца? Нягоднік нарэшце трапіў у каралеўства Празерпіны і Плутона, адкуль няма вяртання, а драму трэба завяршыць старадаўняй песенкай. Шасцёра салістаў становяцца ў шэраг на авансцэне і пачынаюць спяваць.

Цяпер яна старалася не думаць, ці не было гэтае палюбоўнае развітанне з прадзюсарам піравай перамогай. Але ў скрынцы былі таксама іншыя лісты. Вось, напрыклад, пішуць з дырэкцыі опернага фестывалю ў Аўстрыі. Адтуль паведамлялі, што Анна прайшла адбор і павінна быць на месцы 27 студзеня. Удзел яна мусіць пацвердзіць да 10 снежня.