Яна хацела была адразу напісаць, што важныя абставіны затрымліваюць яе ў Расіі на няпэўны тэрмін, але пасля размовы з монстрам шоў-бізу, пасля гэтага халоднага душу, Анна старалася не быць імпульсіўнай. Сёння пятае снежня, а значыць, яшчэ ёсць час падумаць, разважыла яна. Прынамсі, у гэтыя дні высветліцца, у якім Аляксей стане, ці доўга будзе ў лякарні.
А вось яшчэ адзін ліст. Не дзелавы, а сяброўскі. Не прачытаць яго Анна не магла. Пісаў ейны італьянскі прыяцель Франчэска, дарэчы, таксама дырыгент, цудоўны музыкант і файны хлопец. Дакладней, Анна лічыла Франчэска прыяцелем, а ён яе — далёкай і недасяжнай зоркай. Анна гэта разумела і часам па-жаночы карысталася яго рыцарскімі схільнасцямі. Пры ўсім сваім міжземнаморскім тэмпераменце Франчэска быў тактоўны і ніколі не навязваўся. Але як файна ён умеў паказаць Неапаль!..
«Ciao, Anna!— пісаў Франчэска. — Hai detto che si lavora con un ragazzo. Conduce Don Giovanni.»
У лісце была спасылка на італьянскамоўную старонку. Анна не вельмі добра ведала італьянскую, хоць збольшага і размаўляла на ёй. Але цяпер ёй складана давалася нават чытанне, адчувалася стома, яна не магла сканцэнтравацца. (Яна нават не скеміла зайсці на англійскую версію сайта.) Зрэшты, самае галоўнае яна зразумела: прымаюцца заяўкі на стыпендыю для маладых дырыгентаў ва ўзросце да трыццаці пяці гадоў. Трэба даслаць якаснае відэа, рэзюмэ. Стандартны набор, карацей. Дэдлайн — 1 сакавіка. Уладальнік стыпендыі будзе цягам наступнага тэатральнага сезона стажавацца ў адным з найбуйнейшых італьянскіх оперных тэатраў. Ці не гэтым Грынкевіч трызніў гадоў дзесяць таму?
Натуральна, яна пераслала гэтую спасылку, нават не ведаючы, калі ейны ліст прачытаюць.
Яны спяваюць маралітэ: той, хто быў нягоднікам, завяршае жыццёвы шлях бясслаўна. (Сабаку — сабачая смерць, прасцей кажучы, але ў класічнай італьянскай оперы такія моцныя выразы, натуральна, недапушчальныя.) Банальна. Затое якая фуга!..
Анна паставіла грэцца гарбату, і, пакуль чайнік закіпаў, яна задуменна вадзіла курсівам мышкі па радку ў сваёй скрынцы, дзе быў паказаны ліст з дырэкцыі опернага фестывалю. Калі чайнік засвісцеў, яна выключыла пліту, але не, не стала запарваць гарбату. Яна адчыніла ліст і з імклівасцю прафесійнага сакратара напісала адказ: так, яна пацвярджае ўдзел, у яе нядаўна адкрытая гадавая шэнгенская мультывіза, таму яна гатовая прыбыць на месца калі спатрэбіцца.
Тыдзень Грынкевіч будзе ў рэанімацыі. Пасля, калі пашэнціць, яго перавядуць у інтэнсіўную тэрапію, так ёй растлумачыў лекар з хуткай. Агулам міне два тыдні, а можа нават і болей, перш чым Грынкевіч трапіць у звычайную палату кардыялогіі. Так ёй растлумачыў Сяргеіч. Калі ўсё пройдзе проста выдатна, то пад новы год, магчыма, выпусцяць. Але дома спатрэбіцца поўны спакой. Яна будзе патрэбная яму ўвесь студзень, а ёй трэба ехаць, прычым у ягоны дзень народзінаў. І пры гэтым у яе чамусьці не было адчування, што яна паступіла няправільна, пагаджаючыся на паездку ў Аўстрыю. У скрайнім выпадку яна скасуе ўсё ў апошні момант, калі раптам ён не захоча. Пакуль жа не трэба нічога загадваць.
На лядоўні ляжаў велічэзны чырвоны гранат. Анна ўзяла яго ў рукі і нявесела ўсміхнулася. Пэўна, усе творчыя асобы — гэта людзі з хворай свядомасцю, калі ў кожнай рэчы бачаць пераносны сэнс і знак. Нават у такія моманты. А можа, гэта ў ёй загаварыла часцінка дзедавай крыві? Яна ніколі не бачыла дзеда, спецыяліста па старажытных мовах, але ж вырасла сярод яго кніг і праз іх нібыта магла з ім размаўляць.
Знайшла ў скрыні з прыборамі нож, яшчэ раз пакруціла гранат у руцэ. Дзед бы яе зразумеў, як ніхто іншы, калі б толькі ён быў жывы.
Анна зрабіла чатыры прадольныя надрэзы на скурцы плада і лёгка разламала яго. Гранат быў спелы, наліты, як на карцінах з мадоннамі эпохі Рэнесансу. Яна крыху павагалася, як быццам чыніла сапраўдны рытуал. Затым адлічыла сем зярнятак і праглынула — яны толькі аддалі ў роце вязкай кіслінкай. Цяпер няма куды адступацца: усё вырашана, пра ўсё дамоўлена.
Зрэшты, яна ўжо ведала, што будзе вяртацца — нават без гэтага рытуалу.
Яна заўсёды будзе вяртацца.
Шасцёра выканаўцаў фінальнага ну мара стаяць на авансцэне, слухаючы коду. У іх за спінай з'яўляецца дон Джавані, які стаіць моўчкі і глядзіць у залу на крыху збянтэжаную публіку. Ён жывы, толькі касцюм севільскага свавольніка ён скінуў у апраметную. Хай сабе гарыць, яму не шкада, бо гэты спектакль ужо скончыўся. А наперадзе ў яго іншыя ролі, якія ён сыграе гэтак жа пераканаўча.