— Ну што, мая Піздзюлечка?
— Хто я?!
Сцэна V
Тыя ж самыя і донна Эльвіра.
№ 3: Арыя «Ah, che mi dici mai...».
— Што ты сказаў?! Ану паўтары!
Грынкевіч у гэты момант пачуваўся так, быццам у яго сярод спектакля трэснулі штаны ў самым заўважным і цікавым месцы. У першую секунду ён стаяў агаломшаны і не мог зразумець, што адбываецца. Ён спалохана зірнуў на манітор тэлефона, а там было чаго палохацца: МАША.
Вельмі лёгка размаўляць з жанчынай, калі ты вызначыўся, патрэбная яна табе на штосьці ці не, а калі патрэбная, дык на што менавіта. З Машай ён на гэты конт не вызначыўся. Дакладней, яму трэба было вызначацца вось проста зараз, бо жыццёвыя планы рэзка мяняліся. Маша ў тыя планы не надта трапляла, а калі шчыра, дык не трапляла зусім. Але ён два месяцы таму зрабіў глупства, страшэннае глупства.
— Казюлечка мая. — выціснуў ён з сябе першае, што прыйшло да галавы.
— Гэта што яшчэ за пяшчота такая? — з недаверам, але ўжо з меншым раздражненнем запыталася Маша. — Грынкевіч, ты зноў п'яны?
— Ну, не зусім, ёсць крыху, — адказаў Грынкевіч, адчуваючы, што Маша не прасякла яго лажу.
Ніколі не кажыце «ніколі». Ніколі не размаўляйце з невядомымі. Ніколі не спіце з былымі.
Дон Джавані і Лепарэла назіраюць здалёк за дамай, у якой пакуль што не пазнаюць донны Эльвіры. Тая амаль у тэатральнай манеры скардзіцца на свой лёс. Яна хоча ведаць, дзе гэты нягоднік, які пакінуў яе.
Іх з Машай драматычная гісторыя пачалася ажно дванаццаць гадоў таму. Грынкевіч толькі паступіў у кансерваторыю, але ў вучэльню да былых педагогаў усё яшчэ забягаў. Дый не толькі да былых педагогаў: між справай ён рабіў агледзіны першакурсніц. Вось і заўважыў Машу — яна была са свежага набору вакалістак. Калі б Грынкевіч меў здольнасць прадказваць будучыню, ён бы не стаў распускаць перад ёй хвост. Але ж тады яна была смуглявай цемнавокай лялечкай з Краснадарскага краю, побач з якой нават оперная зорка Нятрэбка выглядала бляклавата, як мачысіна дачка побач з Папялушкай на балі. Завязаўся доўгайгральны раман, які Маша лічыла грамадзянскім шлюбам, а Грынкевіч — свабоднымі адносінамі, шчасліва прыпыненымі два гады таму і потым фатальным чынам адноўленымі.
Калі б Грынкевіч ведаў, дзе спатыкнецца, то абышоў бы тое месца. Не застаўся б начаваць у
Машы пасля нядаўняга паходу ў канцэртную залу Чайкоўскага, дзе давалі «Дона Джавані» з запрошанымі зоркамі. Гэта было якраз пару месяцаў таму, калі ён сустрэў Анну. Гэта было 28 чэрвеня, калі зусім дакладна. Анна, як і раней, міла з ім паплявузгала, нібы яны не бачыліся самае большае тыдзень, сказала, як яна ўпадабала Кермес, і сышла, а дакладней, знікла. Знікла разам з тым бляклым, як моль, мужыком, сумным, як веснавы снег на гарадскіх ходніках, перамяшаны з соллю і пяском. Грынкевіч быў амаль спаралізаваны гэтай сустрэчай, і калі раптам да яго падышла Маша і кранула за руку, ён не ўсвядоміў усёй фатальнасці гэтай сустрэчы.
На бяду Грынкевіча, Маша была без хоць якога мужыка. Але яна надта добра выглядала і надта ўжо міла з ім паводзілася. Яны разам выйшлі з канцэртнай залы і сталі ля помніка Маякоўскаму. Завязалася досыць прыязная гутарка. Спёка ў тыя дні стаяла пякельная, нават познім вечарам у Маскве было горача. Ісці ў сваю прасмажаную сонцам камуналку на Малой Дзімітраўцы, якую ён не здаваў кватарантам, бо часта сюды наязджаў, Грынкевіч не хацеў. Тут было зусім блізка, а яму хацелася перачакаць хаця б гадзіны дзве, пакуль спёка хоць крыху спадзе. Яны пайшлі з Машай гуляць па горадзе, і размова ў часе шпацыру была мірная, быццам два гады таму не было ў іх скандальнага развітання, быццам не рабіла Маша ніякіх дурасцяў і быццам ён тады не ўдарыў яе пры людзях — у прысутнасці ўсёй трупы і ўсяго аркестра N-скай оперы. Пасля гэтага Маша з'ехала ў Маскву і ажно два гады Грынкевіч нічога пра яе не чуў.
Яму падалося, што Маша нарэшце стала дарослай і незалежнай ад свайго паўднёвага тэмпераменту. Да таго ж ён па-ранейшаму пачуваўся вінаватым, бо, можа быць, яна б так не паводзілася, калі б ён не развязаў вайну яшчэ ў юнацтве. Яна любіла паўтараць банальную фразу: «Ты зламаў мне жыццё!». І самае жахлівае было ў тым, што Маша часткова мела рацыю.
Ён быў першым і па-сапраўднаму адзіным, хоць, вядома ж, за два гады растання Маша рабіла нейкія няўцямныя сэксуальныя спробы з іншымі кавалерамі. У той задушны вечар, пасля спектакля ў канцэртнай зале Чайкоўскага, яна так і сказала: «Папросту не ўяўляю сябе з кімсьці яшчэ. Можаш лічыць гэта своеасаблівай вернасцю. Ці дурасцю. Але я цябе кахаю, Грынкевіч».