Дон Джавані падаерэпліку: гэтая бядачка яўна пакінутая сваім каханкам, трэба яе суцешыць.
Маша падавалася больш разважлівай і спакойнай, ейныя немалыя грудзі і пышныя клубы надта ўжо апетытна выглядалі ў летняй ільняной сукенцы, яна прызналася ў каханні. У Грынкевіча толькі што адбылася шалёная ноч з Ірынай, і тая сказала, што не варта паўтараць, пагатоў ён з'язджае. Гэта добра, што ён з'язджае, так лепей для іх абоіх. Сезон заканчваўся, наперадзе быў аплачаны адпачынак, а потым абхадны ліст, разлік і — бывай здаровы, горад N. Грынкевіч яшчэ не перабраўся ў Маскву, але яе варта было паціху абжываць ужо цяпер. У Маскве ёсць сякоетакое, але ўсё-ткі ўласнае жытло з перспектывай адсялення ў асобную кватэру, ёсць амаль сабраны ўласны аркестр, ёсць ідэі, як пракарміцца, пакуль не раскруцішся. Чаму б не мець у Маскве яшчэ і афіцыйную кабету, на якую ў ложку ён за столькі гадоў не скардзіўся і з якой не сорамна на людзі выбрацца? Грынкевіч у той вечар, зразумела, пайшоў праводзіць Машу дадому, а яна, ведама ж, запрасіла ў госці на каву. Так і адбыўся рэнесанс.
А потым ён паехаў у N сабраць рэчы і атрымаць разлік. І там яму прапанавалі застацца і далі пастаноўку. Таму засваенне Масквы адкладалася сама меней на год. На гэты год трэба было неяк іначай планаваць жыццё.
Але Маша не ўмела планаваць толькі на год. Ёй трэба было планаваць жыццё і адносіны сама меней на пяцігодку, як савецкую эканоміку. Яна зноў, як у былыя часы, стала выкладваць перад Грынкевічам увесь свой сацыяльна-псіхалагічны анамнез. Кубанскія казакі, мама-камсорг, татавыпівоха і цётка, якая з'ехала з глузду на глебе праваслаўя, — зноў давялося пакаштаваць гэтай грымучай сумесі. Маша званіла штодня, кантралявала кожны ягоны крок і ўсё цікавілася, калі ён падпіша абхадны ліст. Маша віла гняздо. Ці латала старую клетку, якую Грынкевіч здолеў разламаць два гады таму.
І вось цяпер яна заспела яго сваім званком у рэстарацыі, дзе ён паціху нажыраўся з Воўчыкам і адкуль думаў пашыбаваць да Алёны.
— Ты станеш алкаголікам у сваім N! — пачала Маша сваю прамову. — Я ўяўляю сабе, што там адбываецца: зноў Мішэль, зноў твая любімая духавая секцыя.
— Машааааа! — паспрабаваў спыніць яе Грынкевіч.
Маша мела адметнасць: яна была прыроджаным прамоўцам. Калі яна прыехала ў Піцер, то ніхто не заўважаў у яе нават прыкметаў паўднёвага акцэнту, які часам бывае ў ейных землякоў. А калі яе нешта раздражняла, яна пачынала казаць падкрэслена правільнымі фразамі. Адна толькі гэтая правільная будова сказаў была здольная давесці да вар'ятні каго хочаш.
— Ты звольніўся?
— Чаму цябе гэта так турбуе?
— Дзіўнае пытанне! Мы вырашылі жыць разам, мы думалі пра сумесны адпачынак у верасні. Мне падаецца, я маю права ведаць, дзе ты знаходзішся і што маеш рабіць. Мая праца не дазваляе мне зрывацца з месца ў любы момант. Адпачынкі плануюцца за год наперад. У адрозненне ад мяне, ты маеш адносна вольны графік. Прынамсі, ты мяркуеш так жыць у Маскве. Я не хачу ўтручацца ў тваю працу, але я хачу ведаць: калі?
Донна Эльвіра зноў паўтарае, як ёй хочацца ведаць, дзе гэты нягоднік, і як яна хоча яму адпомсціць за свае крыўды. «Бядачка, бядачка!» — кажа дон Джавані, услухоўваючыся ў яе рэплікі.
Заўтра на тую пару, калі рак паляціць з вады ўгару, хацелася сказаць Грынкевічу, але ён не стаў грубіць. Зрэшты, з гэтым усё ж трэба было канчаць, зараз жа. І ніякіх сантыментаў.
— Маша, я не звальняюся. Мне пастаноўку далі.
Яна змоўкла. Калі чалавек ейнага тэмпераменту маўчыць, гэта заўсёды падазрона і небяспечна. Маўчала яна доўга, ажно з паўхвіліны. Грынкевічу падалося, што гэта праблемы сувязі, і ён прамовіў:
— Алё!
— Я тут, — адгукнулася Маша тым самым падазрона спакойным тонам і працягнула: — Значыцца, мы вырашылі ўкараніцца на цёплай балоцістай глебе. Нас задавальняе танная і аблезлая, нанятая тэатрам кватэра. Мы шчаслівыя, бо маем заробак ажно ў пятнаццаць тысячаў рублёў і падзарабляем яшчэ ў некалькіх месцах. І гэтыя халтуры мы яшчэ пускаем на кадаванне тубістаў, каб яны хадзілі на рэпетыцыі ў нармальным стане. А самі паціху співаемся з валтарністамі і трубачамі. Як мысліш, ці скінуцца яны, каб потым лекаваць цябе? Хоць бы на танометр скінуліся, ці што, у цябе ж ціск скача.
Маша імкліва ішла на крэшчэнда. Грынкевіч, як сапраўдны дырыгент, ведаў на памяць усю партытуру ейных эмоцый. Ён папросту чакаў моманту, калі можна паказаць, каб яна спынілася. Але Маша заўсёды была няўважлівай і за ягонымі жэстамі не сачыла:
— Але што там піва і гарэлка, гэта не галоўная наша забава. У тэатры багаты асартымент патрахушак! Віяланчэлісткі, дзяўчаты з кардэбалета — я памятаю, якія ты рабіў падтрымкі. Грынкевіч, я не раўную цябе. Калісьці раўнавала, а цяпер мне ўсё адно. Але мне шкада, што ты самога сябе зарываеш у гэты гной. Ты дэградуеш у асабістым развіцці, у духоўным развіцці. Я памятаю, што слова «духоўны» ты лічыш лаянкавым, але мне балюча ўсё гэта назіраць!!! Мне падалося, што ў чэрвені былі нейкія пробліскі. А цяпер зноў.