— Маша. золатка. ідзі нахуй.
Маша змоўкла, а Грынкевіч націснуў на тэлефоне кнопку, каб адрубіць размову. Ён ведаў, што пасля першага шоку Маша зноў будзе даставаць яго званкамі і што яе трэба паслядоўна ігнараваць. Спачатку яна дастане званкамі ўсіх сваіх сябровак, каб яны параілі, што рабіць, а праз колькі гадзін возьмецца за яго. Але ён даў ёй зразумець: новы рэнесанс праваліўся, ніякага вяртання ў адрэстаўраваную клетку быць не можа. І няхай хоць са спадніцы выскачыць.
Аднак Маша ўмела вынесці мазгі. Пры гэтым яна іх не проста выносіла, яна іх выцягвала звіліну за звілінай, змотваючы гэтыя звіліны ў клубок. І рабіла ўсю працэдуру без анестэзіі. Грынкевіч вярнуўся за стол у такім стане, быццам яго гадзіны паўтары разам распякалі дырэктар і галоўны. Ён забыўся пра тое, што яго яшчэ чакае флейтыст, і залпам выпіў кілішак гарэлкі. А праз некалькі хвілінаў — яшчэ адзін.
— А можна было б яшчэ і хор сабраць. — мроіў Воўчык. — Я б мог.
— Спяваць там? — насцярожана запытаўся Грынкевіч.
Хацелася спадзявацца, што гэта п'янае трызненне. Воўчыку тым часам патэлефанавалі наконт нейкіх банкаўскіх справаў, і гэта крыху рассеяла ягоную ўвагу. Была амаль восьмая вечара. Грынкевіч адчуў, што яго ўсё ж развозіць. Нажэрціся проста зараз жа. Д'ябал з ім, з тым флейтыстам, іншым разам можна пагутарыць, напрыклад заўтра. А на сёння хопіць ужо чужых траблаў.
«Ты дэградуеш.» Сучка. Сама сядзіць на тэлефоне ў нейкай турыстычнай канторы, — грошы яна, блін, зарабляе. Імкліва развіваецца. Збірае на іпатэку — мэту сабе паставіла. Харошая дзевачка, правільная. Дык якога чэлеса яна ўчапілася за яго, нехарошага і няправільнага Грынкевіча?!
На стале з'явіўся ўжо трэці за гэты вечар графін з гарэлкай. Грынкевіч даслаў СМС флейтысту: маўляў, выбачайце, але сёння важныя справы. Нельга прыходзіць на сустрэчу са сваім патэнцыйным салістам добра паддатым — у такім стане можна сыходзіць з гэтай сустрэчы. Можна нават адпаўзаць. Але прыходзіць трэба ў людскім выглядзе.
Графін спустошваўся, настрой уздымаўся. Ён думаў цяпер пра Алёну.
Дон Джавані звяртаецца да донны Эльвіры, спрабуе завязаць размову.
І яго ўжо не страшыла тое, што казаў яму Воўчык. А той развіваў страшныя, аб'ектыўна страшныя ідэі:
— А ты ведаеш, я ўсё ж думаю пра вяртанне ў прафесію. Можа, мне пайсці куды рэгентстваваць?.. Памятаеш, я ж хлопчыкам у манастыр хацеў сысці. Чыстым быў такім. — казаў Воўчык, праводзячы вачыма даўганогую афіцыянтку, можа быць, нават студэнтку тэатральнага інстытута. — Не, нельга мне ў храм. Я лепей буду браць прыватныя заняткі. А потым мы з табой будзем разам працаваць. Як мысліш?
Грынкевіч ледзьве не праглынуў костку ад рыбы, якой ён заядаў новую чарку, — кончыць трэці графін было гэтым вечарам справай гонару. Законы дыпламатыі вымагалі казаць: так, Вова, мы з табой такую праграму забацаем, што заябіся. Але ад гэтай задухі, якую не перамагаў нават кандыцыянер, ды ад немалой дозы алкаголю ён пераставаў быць дыпламатам.
— Вова. Ты за дванаццаць гадоў ужо забыўся, як элементарна сетку паказваць.
— Ніхуя! — закіпаў Воўчык. — Я ў войску па музычнай частцы пайшоў, хорам кіраваў! Ты думаеш, ты адзін у свеце такі разумны?
— Нічога я не думаю. Колькі мы з табой камунікуем пасля пярэрвы? Трэці год. Ты мне пры кожнай сустрэчы кажаш, што пойдзеш спяваць у хор «для душы» і згадаеш пра дырыгаванне. І што? Я за гэты час паспеў скончыць аспірантуру, а ты ўсё дэкларуеш намеры. А дзеянні твае дзе?
Воўчык асёкся: гэтага ў сцэнары не было, ён такога не замаўляў. Ён ангажаваў Грынкевіча ў сваю клаку, ён не прасіў аб'ектыўнай і справядлівай рэцэнзіі.
— Дзеянні мае, Лёша, у хаце спаць кладуцца. Я двух пацаноў задзелаў, Лёша, пакуль твае блядзі ад цябе спароны рабілі. А яшчэ на мяне паўсотні чалавек па Маскве працуюць, я ім грошы плачу, можна сказаць — кармлю іх. А ты — так, пустазелле. Жывеш за кошт такіх, як я, а яшчэ падаткі на цябе трацяць. Пайдзі сам на сябе зарабі спачатку, а потым вучы мяне!
— Ну ўсё, досыць!
Грынкевіч рэзка ўзняўся з-за стала. Машынальна дастаў з кішэні дзве тысячныя купюры і кінуў на стол. Гэтага павінна хапіць. Потым узяў заплечнік і рушыў да выйсця. Ногі не надта яго слухаліся. Ён зноў пакорпаўся ў кішэні і знайшоў там пачак цыгарэт. Воўчык спрабаваў яго спыніць. Ужо на парозе рэстарацыі Грынкевіч пачуў: «Ды пачакай ты, псіх!». Але ён паскорыў хаду і пайшоў прэч.