Выбрать главу

Рэчытатыў «Chi e la? — Stelle! Che vedo!».

Дон Джавані і Лепарэла нарэшце пазнаюць дон­ну Эльвіру. Яны агаломшаныя.

Ён ішоў па вуліцы і ўсё не мог знайсці запальнічку, а курыць хацелася страшэнна. Воўчык, вядома ж, праспіцца і заўтра ці пазней будзе тэлефанаваць з прабачэннямі — не першы раз у жыцці пасраліся праз такую дурасць. Але Грынкевіч упершыню задаў сабе пытанне: а ці варта браць у такога грошы, нават на святую справу? Варта, не варта. Скрыпач мае адну толькі скрыпку, тэнар мае адзін толькі голас, піяніст мае толькі свае рукі, якія ўвесь час трэба прыстасоўваць да роз­ных раяляў. Дырыгент мае толькі аркестр, і калі ён яго страчвае, то перастае быць дырыгентам. А гэта некалькі дзясяткаў чалавек, якім таксама трэба граць музыку і нешта есці. І цяпер ён, дырыгент толькі што створанага аркестра, можа пазбавіць іх базы для рэпетыцый, якую браўся праплаціць Воўчык. Ну былы склад, ну ў чорта на рагах, ну з ацяпленнем трэба нешта вырашыць, але ж сталае месца. За адзін год можна шмат зрабіць, а потым сказаць ціхае «ад'ё» гораду N разам з тамтэйшай операй.

Можа, мама мела рацыю, можа, і не варта было з такім характарам кідаць піянізм? Быў бы неблагім коўчам. Прыстасоўваць рукі да розных інструментаў лягчэй, чым уласную душу — да самых розных чалавечых бздураў.

Надзіва цвярозая думка для нецвярозага чалавека!

Ён нечакана злавіў сябе на яшчэ адным інсайце: усе яго варушэнні ў Маскве вакол аркестра цяпер сталі нейкімі млявымі, як быццам яму гэта ўжо і не трэба зусім. Мазгі разумелі, што свой аркестр — гэта нешта важнае і перспектыўнае, справа жыцця, доўгі, але цікавы шлях. І ён хоча мець свой аркестр, але, магчыма, не ў Маскве, або ў Маскве, але не так хутка. Зрэшты, ён быў бы шчаслівы, калі б нейкі ўнутраны голас загадаў яму кідаць зараз жа ўсе гэтыя арганізацыйныя справы і сядаць за партытуру «Дона Джавані». Раней ён нібыта зазіраў у будучыню і бачыў там сябе старэйшым — ужо напалову сівым, з заўважнымі зморшчынамі — абавязкова ў атачэнні сваіх музыкантаў, дзе-небудзь у Еўропе на гастролях. Цяпер ён бачыў сябе толькі на прэм'еры «Дона Джавані», а далей была сценка без дзвярэй і вокнаў. Далей нічога не было. Чаму так? Яму гэта таксама было зразумела, чыста інтуітыўна зразумела. Але прызнацца сабе ў пэўных рэчах ён не мог ні ў цвярозым, ні ў п'яным стане.

Запальнічка была ў заплечніку. Зрабіўшы пер­шую зацяжку, Грынкевіч адразу пачуўся лягчэй. Разам з запальнічкай ён выцягнуў з вонкавай кішэнькі пачак «Дырола», на будучыню. Усё ж вар­та хоць крыху пах заглушыць, раптам мянты дачэпяцца ў метро. Дый увогуле — спатканне з дамай.

Алёна жыла ў раёне «Войкаўскай» — каб трапіць туды, варта было ісці або да бліжэйшай «Арбацкай» і потым рабіць перасадку, або пайсці далей, да «Тэатральнай» і адтуль ужо каціць напрасткі. Яго хістала ад гарэлкі, спёкі і адрэналіну пасля сваркі з Воўчыкам. У такім стане могуць увогуле не пусціць у метро, нафіг трэба. А шпацыр верне яму каардынацыю рухаў. Таму Грынкевіч пайшоў да «Тэатральнай», перад тым набраўшы Алёну і папярэдзіўшы, што будзе праз гадзіну-паўтары. Добра, што Алёна існуе ў гэтым свеце. Перад ёй не трэба распускаць хвост, як тая пава, — яна заўсёды прыме яго п'яным павіянам. Ёй усё адно, колькі ён зарабляе, колькі выпівае, каго яшчэ, апроч яе, трахае.

Алёна — яна асаблівая. Сэкс з ёй уяўляўся гэтулькі ж натуральна-прыемнай справай, як цёплы душ. Сэкс з поўнай адключкай мазгоў. Сэкс, у якім няма ніякай камунікацыі, апроч камунікацыі целаў. Сэкс першабытных людзей, без адмысловых рытуалаў. Сэкс сапраўдны. Сэкс, абумоўлены адзіным жаданнем — паябацца. І больш нічога. А потым — проста жывёльнае цяпло. Піздзюлечка.

Донна Эльвіра адразу накідваецца на дона Джавані з папрокамі і абразамі. Джавані спрабуе яе супакоіць, але дарма.

Ён сеў у метро і без прыгодаў даехаў да «Войкаўскай». Можна было заскочыць у трамвай, але ў п'яным выглядзе Грынкевіч мог зачапіцца з пасажырамі, ён ведаў за сабой такую асаблівасць, бо з дзяцінства не любіў наземны грамадскі транспарт, у яго там псаваўся настрой. Яго прысутнасць у трамваі можа стаць недарэчнай, быццам ён не чалавек, а які-небудзь кот Бегемот. Ён зноў пайшоў пешшу, балазе было недалёка, хвілінаў можа пятнаццаць-дваццаць. Алёна здымала хрушчоўку на Копцеўскай разам з яшчэ дзвюма дзяўчатамі. На шляху да ейнага жытла Грынкевіч набыў пляшку марціні б'янка, бо яна прасіла. Марціні і тэтрапак з грэйпфрутавым сокам — гламурнае пітво бедных. Грынкевіч падумаў, што ўсё адно не будзе піць з ёй за кампанію, яна і сама ўправіцца. Паездка ў метро і пешы шпацыр крыху яго развеялі. Прынамсі, цяпер ён смакаваў наперад спатканне з ёй.