Душ вярнуў яго да жыцця, якое зноў падавалася амаль цудоўным. Праўда, крыху гудзела галава, але не смяротна. Яму захацелася кавы і Алёнчынай пяшчоты. Не, спачатку ўсё ж пяшчоты, а потым можна і кавы.
Донна Эльвіра працягвае папракаць дона Джавані. Яна прыгадвае, як Джавані таемна прабраўся ў яе дом, спакусіў яе, затлуміў ёй розум ілжывымі клятвамі. Ён разбіў сэрца жанчыны: абяцаў ажаніцца, а праз тры дні ўцёк з Бургаса. Ах, як шалёна яна яго кахала!
Ён знайшоў дзяўчыну ў пакоі. Яна сядзела ў вялікім фатэлі перад тэлевізарам і шчоўкала на пульце каналы, хоць выбар у такі час быў небагаты. На Грынкевіча яна нават не зірнула, калі ён увайшоў, заматаўшыся дзеля прыстойнасці ручніком.
Грынкевіч апусціўся на канапу непадалёк ад Алёнчынага фатэля. Яна была ў караценькім халаціку і сядзела падабраўшы пад сябе ногі. Зранку выгляд дзявочых сцёгнаў асабліва хвалюе.
— Хадзі сюды, — паклікаў ён. — Кіця-кіцякіця.
— Мне і тут добра, — нават не адказала, але агрызнулася Алёна.
Яму зараз менш за ўсё хацелася высвятляць, што здарылася. Ён узняўся і падышоў да яе, скідваючы ручнік.
— Адыдзіся! — ужо раздражнёна рыкнула яна. — Ты мне тэлевізар засціш.
Гэта ўжо было сур'ёзна. Грынкевіч пачаў перабіраць у галаве багатую картатэку жаночых бздураў, каб паводле сімптомаў зразумець, што адбываецца.
— А ты ж мне пісала: «Сумую па кожнай пражылцы твайго.» І па чым гэта ты сумавала?
Найхутчэй за ўсё, гэта былі месячныя, але тое, чаго ён зараз хацеў ад Алёны, можна рабіць і ў такім стане. Дзяўчына, зрэшты, зноў зашыпела на яго:
— Бля, Лёша! Па кожнай пражылцы бекона я сумавала! З якім ты яечню смажыш.
— Лена?..
Самае непрыемнае было ў тым, што ягоны мужчынскі арганізм у тыя хвіліны сапраўды патрабаваў тэрміновай разрадкі. І яна, гадаўка, гэта бачыла. І нічога не рабіла, каб прыйсці на дапамогу.
— Ну дапамажы мне. — папрасіў ён пакорлівым го л асам.
— А ты ажаніся са мной. Будзеш трахаць мяне аж да гідоты! — выпаліла Алёна і шпурнула ў яго ручніком, што валяўся побач на падлозе. — Набраўся, як жаба твані. Прыйшоў тут хуем патрэсці, бач якое ў нашай хаце свята! А мне абрыдла вось так, Лёшачка.
«Кажа, як кніжку піша!» — адпускае Лепарэла сваю рэпліку, выслухаўшы тыраду донны Эльвіры.
Пэўна, гэта была ўсясветная феміністычная змова супраць яго. Яму ўчора хапіла Машы, але Машыны прэтэнзіі былі старымі і амаль што абгрунтаванымі. Маша будзе даставаць яго сёння, таму Грынкевіч ні ў якім разе не хацеў пачынаць дзень з разборак з іншай дзяўчынай. Ён зразумеў, што з эротыкай на сёння скончана, і пайшоў у суседні пакой апранацца.
— Значыцца, у N застаешся.
Алёна стаяла на парозе пакоя, абапіраючыся спінай на дзвярны вушак. І позірк у яе быў ужо не злосны, а загнаны і нават роспачны.
— Ну, не зусім так. Мне далі пастаноўку, і да новага года я буду на ёй вельмі заняты. Але ж потым зноў шчыльна займуся нашым аркестрам. А адкуль навіны?
— Людзі добрыя прынеслі. Ідзі ўжо, каціся ў свой N з лёгкім ветрам!
Дзявочы роцік пачаў крывіцца, а вочы вільгатнець.
— Лена, ты чаго?
Грынкевіч разгубіўся. Ён гатовы быў адбіваць атаку, але не такую. І ўвогуле ад бестурботнай Алёны ён такога не чакаў.
— Сашка Сакалоў мне ўчора сказаў, што пару дзён таму з табой бачыўся. А ты мне не казаў, што ў Маскву даўно прыехаў, — прамаўляла яна, каўтаючы слёзы. — Ты мне нічога не кажаш. Калі хочаш — прыходзіш, калі не хочаш — знікаеш. А яшчэ мне сказалі, што ў цябе тут ёсць нейкая Маша. І пры гэтым сёння ў сне ты назваў мяне Аннай!
Дон Джавані пачынае апраўдвацца. Ён кажа донне Эльвіры, што меў свае прычыны на тое, каб паспешліва пакінуць Бургас. Лепарэла пацвярджае: так, гаспадар кажа праўду, вельмі важныя прычыны. Аднак донне Эльвіры гэтыя прычыны зразумелыя: прыроджаная легкадумнасць і разбэшчанасць. І за гэта яна будзе помсціць.
Тут ужо Грынкевіча ледзве не спаралізавала. Ужо другую жанчыну ён называе ў сне Аннай. Або і праўда піць трэба меней, або галаву лекаваць. Ён падышоў да Алёны і згроб яе ў абдымкі. Яна спачатку адбівалася, а потым прытулілася тварам да яго грудзей і толькі ціхенька ўсхліпвала.
— Па-першае, Маша ў мяне ў Маскве была, — загаварыў Грынкевіч, робячы акцэнт на апошнім слове, — а па-другое, ніякай Анны ў мяне няма. Проста я цяпер стаўлю «Дона Джавані» і штодня гляджу ў партытуру.
У тую хвіліну ён зразумеў, як лёгка і прыемна бывае гаварыць праўду, нават адносную.
— Усё адно, — ужо амаль без усхліпаў прамовіла ў адказ Алёна, вызвалілася з абдымкаў і села на ложак. — Колькі разоў я хацела табе сказаць: Лёшачка, вазьмі мяне з сабой у N. Я ж сёлета Гнус закончыла, мяне ў Маскве нічога не трымае. Хоць у будане жыць, але з каханым быць. Хіба ты не змог бы мяне хоць у стажорскую групу вашага аркестра ўладкаваць? Пэўна ж змог бы. Калі б хацеў. Але ты не хочаш. Ты ж у нас легкадумны, ага. А вось я стамілася быць легкадумнай. Я хачу, каб нехта штодня натхняў мяне ну хоць на прыбрацца ў хаце. А як ты думаў?.. Я не магу жыць ад сустрэчы да сустрэчы, ад званка да званка, ад СМС да СМС. Я не магу, каб ты для мяне быў усім, а я для цябе — нічым!