Выбрать главу

— Алёнка, я нікога ў жыцці не хацеў так, як цябе.

— А я хачу, каб мяне кахалі! Каб мяне не хавалі ад усіх! Ты ў чэрвені, калі прыязджаў сюды, хадзіў на Курэнтзіса. Запрасіў мяне? Ага, я ў цябе для іншых мэтаў, інтэлектуальную асалоду ты разам са мной атрымліваць не хацеў. Ці ты баяўся, што цябе разам са мной убачаць, а ў мяне рэпутацыя, сам ведаеш.

— Нічога такога! — абарваў яе Грынкевіч і сеў побач. — Пачакай яшчэ зусім крыху. Мяне і праўда там нічога не трымае, апроч «Дона Джавані». Пачакай да новага года, а потым я сюды буду прыязджаць часцей, і я табе абяцаю, што ўжо ніякіх хованак. А праз год я прыеду ў Маскву назусім. Хочаш — перабірайся да мяне, праўда, у мяне пакой у камуналцы з тонкімі сценкамі. Зрэшты, можа я і грашыма разжывуся, здымем кватэру, тваю Шэйлу таксама возьмем.

Дон Джавані просіць Лепарэла, каб ён распавёў Эльвіры ўсю праўду. Сам ён незаўважна ўцякае. Лепарэла вымушаны выкручвацца. Спачатку ён па-філасофску суцяшае Эльвіру: маўляў, вы ж разумееце, свет так уладкаваны, што ў ім квад­рат не ператворыцца ў кола. Потым ён раіць жанчыне забыць дона Джавані і не згадваць пра яго, бо яна ў гэтага мужчыны не першая і не апошняя.

Ён казаў усё гэта, але ж цяпер гэта была няпраўда, і Грынкевічу бракавала акторскага таленту, каб яе схаваць. Алёна сядзела з сухімі і пустымі вачыма. Яна болей не верыла.

— Лёша, ты. Ідзі лепей. Мне цяпер неяк пуста і брыдка на душы. Я ні пра што размаўляць не магу. Можа, потым як-небудзь. А цяпер — не.

Амаль а шостай раніцы ён выйшаў з гэтай хаты і рушыў да метро. Ранак быў ужо не такім гарачым, бо набліжалася восень. Грынкевіч адчуваў лёгкі калатун — ці то ад золкага паветра, ці то ад усіх сцэнаў, у якіх яму давялося ўдзельнічаць за апошнія суткі. Ён вырашыў не думаць пакуль, як быць з Алёнай. Але ж пры гэтым згадваў пра тую няоперную Анну, якую зноў гукаў у сне.

Лепарэла выцягвае з кішэні каталог дона Джавані. У імімёны ўсіх пакінутых свавольнікам жанчын.

№ 4: Арыя «Madamina, il catalogo e questo...».

Гэты каталог лёкай вядзе сам. Ён прапануе донне Эльвіры падрабязна азнаёміцца са спісам перамог дона Джавані.

Яе імя было — Анна. Так яна называла сябе з самага ранняга дзяцінства, у любым атачэнні і ў любой моўнай сітуацыі. Яна мала каму магла дараваць, калі яе называлі Аней, Анечкай, Анютай. Яна прымушала зваць сябе толькі Аннай. Нават замежнікі не рызыкавалі назваць яе Анет, Эн, Энхен ці Ані. Яна была толькі Аннай, і гэта імя пасавала ёй. Яна насіла яго з годнасцю, як старадаўні фамільны пярсцёнак.

І толькі з Грынкевічам Анна ператваралася ў Нюту. Яму было дазволена так называць яе.

У Італіі640.

Калі яны выпадкова сустрэліся, ці, што дакладней, сутыкнуліся ў канцэртнай зале Чайкоўскага, ён спачатку не пазнаў яе. Маладая жанчына з балетнай постаццю ў доўгай белай сукенцы з высокай таліяй і глыбокім дэкальтэ. Гэтае ўбранне надавала ёй падабенства з німфай з антычных міфаў. Цёмна-каштанавыя валасы, крыху завітыя, былі сабраныя ў высокую фрызуру, такса­ма ў антычным стылі, на нагах быў лёгкі абутак; яшчэ яна мела бліскучыя завушніцы, каралі, тонкія бранзалеты на руцэ. У гэтую спёку, калі ўсё жывое прыгіналася да зямлі, яна, здавалася, адзіная лёгка дыхала і не хадзіла, а лунала. Грынкевіч пазнаў яе здалёк толькі па гэтай палётнасці ў хадзе, па жэсце, якім яна разгарнула свой веер і пачала ім абмахвацца. І вочы былі такія самыя, як тады: зірнуць у іх — што са студні з гаючай вадой напіцца.

У Нямеччыне230.

І ён глядзеў на гэтую німфу і не разумеў, як яна калісьці магла насіць драныя джынсы або непрыстойна кароткія скураныя спадніцы, стрыгчыся амаль пад нуль, фарбаваць валасы ў чырвоны ко­лер, абвешваць рукі фенечкамі, набываць выключна кеды ці берцы, любіць мужчынскія кашулі. Бываюць брыдкія качаняты, а вось Нюта Рупель была злосным качанём, якое шыпела і шчыпалася. Зрэшты, яна ўмела зрабіць лішнюю дзірку на сваіх джынсах, каб ейныя точаныя сцёгны не давалі спакою мужчынскаму насельніцтву, яна забывалася надзець станік пад мужчынскую кашулю, а па-балетнаму ўцягнутыя каленкі надта добра выглядалі ў шортах ці кароткай спадніцы, нават берцы або кеды не псавалі ўражання. Дзіва, што такое злоснае качаня не курыла, не шыралася і выпівала столькі, што ад гэтага не сядзеш на шклянку, ды яшчэ прынцыпова не мацюкалася. А вось ад сэксуальных прыгодаў яна рэдка адмаўлялася. Сапсаваная дзяўчынка з прыстойнай сям'і.