У Францыі — 100.
Такой яна была на момант іх развітання. Так ужо склалася, што яна сама абсалютна нязмушана распавядала яму пра свае подзвігі, хоць і без падрабязнасцяў, — відаць, тут спрацоўвалі нейкія інтэлігенцкія тармазы. А калі не яна сама, то ў агульным асяродку знаходзілася нямала асведамляльнікаў. Ім чамусьці падавалася, што для Грынкевіча гэта будзе мець нейкую асаблівую важнасць, а ён толькі паціскаў плячыма. Вельмі часта пра іх думалі, што яны сустракаюцца. А што яшчэ можна было падумаць пра хлопца і дзяўчыну, якія разам ідуць з кансерваторыі на нейкі канцэрт, а потым хлопец праводзіць гэтую дзяўчыну дадому і там начуе. Праўда, у асобным ложку, але гэтаму ніхто не даваў веры.
А цяпер у яе вельмі доўгія валасы, тонкія срэбныя бранзалеты на руцэ і сукенка, у якой жанчына выглядае як німфа. Яна перастала адпрэчваць сябе, перастала зазямляць і забрутальваць сябе цяжкімі берцамі і мужчынскімі кашулямі. Стала дарослай.
У Турцыі — 90.
Яна нарадзілася на два гады і трыста шэсцьдзясят тры дні пазней за Грынкевіча. І калі ў іх утварылася агульная кампанія, то народзіны яны святкавалі сумесна, недзе дваццаць пятага ці дваццаць шостага студзеня, каб нікому не было крыўдна. Проста паміж «двума Амадэямі» было выгадна складвацца на студэнцкі банкет. Яны разам гойсалі па крамах, закупаючыся пітвом і ежай, а касіркі прымалі іх за мужа і жонку. Абое потым доўга смяяліся з гэтага: хлопец — у паліто, класічных нагавіцах і класічным абутку, а дзеўка — з чырвонымі валасамі ды ў берцах. Нішто сабе сямейка!
Потым яны разам у Нюцінай кватэры на Петраградцы стрыглі салаты, рэзалі каўбасы, раскладвалі на талерках прысмакі, якія дзяўчына даставала з духоўкі, і ў гэтых сумесных побытавых дзеяннях было нешта цалкам натуральнае і нязмушанае. Банкеты яны ладзілі разам не толькі з нагоды народзінаў, але і пасля сесій ці проста ў гонар таго, што завяліся грошы — адмысловае студэнцкае свята.
Але ў Іспаніі... у Іспаніі іх 1003!
Грынкевіч вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі на дырыгента. Яму пашэнціла паступіць спачатку на харавое, а праз год перавесціся на оперна-сімфанічнае. Нюта вучылася на «моцнаепаўсалодкае» сапрана на падрыхтоўчым аддзяленні. А яшчэ яна вымушана хадзіла ва ўніверсітэт, дзе ёй павінны былі выдаць дыплом выкладчыка нямецкай мовы.
Ейны тата, вядомы ў пэўных колах кіношны і тэатральны рэжысёр Антон Рупель, увесь час казаў: трэба мець нейкую людскую прафесію, трэба мець добрую адукацыю, ты ж вучылася ў спецшколе, мова заўсёды спатрэбіцца. Карацей, уся звыклая аргументацыя бацькоў, якія зычаць дзецям таго, чаго не мелі самі. Гэта значыць, нармальнага людскага жыцця.
Сам Антон Рупель за савецкім часам сваёй «нялюдскай» прафесіяй сапраўды не здабыў сабе ані славы, ані грошай. Але ў пачатку дзевяностых ён неяк падвязаўся да нямецкай дыяспары, па гэтых каналах выйшаў на замежжа і заняўся грамадскай дзейнасцю. Тады ў яго з'явіліся грошы, якіх шараговы расійскі рэжысёр у сябе дома звычайна не бачыў. Праўда, славы ён на гэтым не здабыў, але ці хацеў ён той славы? Нюта часам то з іроніяй, то з нейкім невытлумачальным захапленнем казала, што ейны бацька, прыбалтыйскі немец, перахахліў ды перагабрэіў шмат якіх сваіх калегаў. Яна любіла свайго авантурнага тату.
Сярод іх сялянкі, пакаёўкі, гараджанкі, графіні, баранэсы, маркізы, княгіні — усе саслоўі і ўсе станы.
Тата грэў ёй месца ў нейкім нямецкім культурным цэнтры, які даваў магчымасць ездзіць у Еўропу, а потым паступіць дзякуючы веданню мовы ў нейкі з тамтэйшых універсітэтаў на някепскую спецыяльнасць, кшталту эканомікі ці чагосьці такога. А там — від на жыхарства, грамадзянства, праца, сям'я з прыстойным еўрапейцам, а не з рускім Ванем, дзеці і ўсё такое. Калі ж Нюта на чацвёртым курсе ўніверсітэта пайшла паралельна на падрыхтоўчае аддзяленне ў кансерваторыю, у яе адносінах з татам пачаліся суцэльныя пярэчанні і паралельныя актавы.
Спяваць яна марыла ўвесь час, — казала пра гэта, калі яны з Грынкевічам толькі пазнаёміліся. Знаёмства гэта, як на людзей іхнага асяродка, адбылося даволі будзённа — за кулісамі Марыінскага тэатра, куды Грынкевіча занесла працаваць рабочым сцэны.Нюта была адзінай, каму ён тады шчыра распавёў пра свае творчыя кульбіты, і яе амаль нічога не здзівіла. Ёй было трынаццаць, і была яна як той балетны маленькі лебедзь. Ён упершыню заўважыў дзяўчо, калі яна расцягвалася, закінуўшы нагу на высокае падваконне ў калідоры. Ён падумаў, што гэта нехта з балетных, але гэта была гадаванка з дзіцячай студыі, праўда, як яна сказала, раней яна сапраўды займалася балетам. На той момант у ёй не было нічога асаблівага — такая сабе сярэдняга росту істота з аскетычнымі акругласцямі ўвогуле неблагой, але ўсё ж невыразнай фігуркі. Уся магія была ў рухах і жэстах, а ўся прыгажосць — у вачах, блакітных, неверагоднага аквамарынавага адцення і з нейкім крыху ўсходнім разрэзам. Дзіўная камбінацыя генаў балтыйскіх немцаў і крымскіх татараў з дадаткам габрэйскай крыві. Адным словам, звычайная руская дзяўчынка.