Выбрать главу

У Нямеччыне230.

У дзіцячай студыі яна займалася нядаўна, з мінулага сезона, — тата ўладкаваў, бо вельмі хацела. Яшчэ яна спявала ў нейкім дзіцячым хоры і зусім крыху займалася на фартэпіяна. У яе тры гады таму памерла маці, з гэтай прычыны Нюта пэўны час жыла ў Краснаярску. Потым вярнулася ў Піцер і пасялілася з бабуляй у матчынай кватэры, дом быў якраз у знакамітым «дваранскім гняздзе». Ну, а тата. У таты была но-вая сям'я, і ён жыў у зусім іншым баку горада. За два гады ў Краснаярску дзяўчынка заахвоцілася хадзіць у оперу і да дзірак заслухала бабуліны кружэлкі з «Донам Джавані». Яна ведала яго ці не на памяць.

Дзякуючы «Дону Джавані» яны ў пэўны момант разгаварыліся, і ён прызнаўся, што мае запаветную мару. Ён гадзінамі мог сядзець у куце на аркестравай рэпетыцыі, куды яго пускалі, але пакуль што гнаў прэч «крамольныя думкі». Дакладней, не жадаў фармуляваць і прамаўляць іх уголас, бо яму падавалася, што сфармуляваная думка імгненна стане рашэннем, за якое хлопец пакуль не гатовы быў несці адказнасць. А гэтае дзівакаватае дзяўчо ўзяло ды ўсё за яго прамовіла: «Можа, табе варта пайсці на дырыгента?».

У Францыі100.

Адносіны з Нютай былі падобныя да добра адладаванага голасу спевака, дзе пераходаў паміж рэгістрамі проста не чуваць. Ён і не адчуў, у які момант яму стала неабходна, каб дзяўчына чакала пасля ранішняга спектакля, пакуль не прыбяруць дэкарацыі. Ён не адчуў, у які момант яму стала неабходна аддаваць ёй куртку, калі ў часе сумесных шпацыраў яна замярзала. Ён не памятаў, як так выйшла, што ён амаль перастаў звяртаць увагу на іншых дзяўчат, нават нашмат ярчэйшых. Грынкевіч быў на першым курсе вучэльні, ужо на харавым дырыгаванні. Тады Ананкэ разам са сваімі дочкамі, як падавалася, вырашыла расшчодрыцца на падарункі: яму далі адтэрміноўку ад войска на год, ён быў найлепшым студэнтам на курсе, ён быў шчаслівым з Нютай.

Як на аблоках, — так ён пазней успрымаў тыя некалькі месяцаў. Але ж падзенне з аблокаў было занадта траўматычным.

У Турцыі90.

Нюту ён страціў пасля летніх вакацыяў. Калі Грынкевіч вярнуўся ўвосень у Піцер, яна з жорсткім спакоем абвясціла яму, што ўсё скончана, і нічога не стала тлумачыць, хоць ён цэлы месяц спрабаваў гэтага дамагчыся. Потым ужо яму сказалі агульныя знаёмыя, што знайшоўся нейкі больш дарослы «залаты хлопчык». Гэты хлопчык у дваццаць гадоў ездзіў на сваёй машыне, што на той момант было не кожнаму даступна. Відаць, у яго быў нейкі няпросты тата. Спачатку было балюча, потым неяк загаілася. Якраз у тую восень Нюта, якой было амаль шаснаццаць, сышла з дзіцячай студыі і перастала бываць за кулісамі Марыінкі — як з вачэй, то і з думкі.

Але ў Іспаніі... У Іспаніі іх 1003!

Сустрэліся яны праз два гады. Не ў тэатры, а ў трамваі. Выпадкова. Старое спачатку варухнулася ў душы і адгукнулася тупым болем, як асколак з даўніх баёў. Нюта была ўжо без «залатога хлопчыка», выглядала яна нейкай задужа сур'ёзнай для сваіх гадоў і задужа стомленай. Грынкевіч не ўтрымаўся, каб укалоць яе, але яна папрасіла: «Не трэба, і так усё вельмі цяжка. Май да мяне літасць». Нюта толькі што паступіла ва ўніверсітэт, куды яе праводзіла ўся радня. І адразу ж у бабулі здарыліся два інсульты запар. Цяпер усё Нюціна жыццё складалася з вучобы і догляду бабці, толькі пару вечароў на тыдзень бацька браў на сябе клопат аб старой і Нюта магла адпачыць.

Яна напраўду выглядала дужа прыціснутай да зямлі. Але ж яна была зусім дарослая, апранутая вельмі міла, з дзявочай элегантнасцю, выглядала на юную парыжанку са сваёй лёгкай балетнай фігуркай, з вузлом валасоў на патыліцы і з глыбокімі вачыма, у якія Грынкевіч цяпер зазірнуў ужо не па-хлапечы, а па-мужчынску. Сам не святы апостал, ну і што?.. У кішэні ён меў два квіткі на канцэрт, куды складана было патрапіць. Ён збіраўся весці туды дзяўчыну, з якой у яго наладжвалася нешта, здавалася б, сур'ёзнае, прынамсі, яму было з ёй спакойна і светла, а тут гэтая феечка сінявокая. І што, што цяпер?! Трэба было ўцякаць і не варушыць былое. Але ж чорт яго падбіў сказаць: «Маю два квіткі, хадзем, развеешся крыху».