Потым ён нешта хлусіў той, іншай дзяўчыне, хоць здрадай гэта не было. Дзяўчына, зразумела, нічога слухаць не стала, а Грынкевіч вырашыў нічога больш не тлумачыць, бо яго ўжо зацягнула. Ён пачаў званіць Нюце, сустракаць яе каля ўніверсітэта, яму дастаткова было проста хадзіць з ёй па набярэжных пецярбургскіх рэк і каналаў і казаць пра музыку, пра свае мары, пра тое, пра што ён нікому не мог сказаць. Яна не давала яму ніякіх чыста жаночых авансаў, і гэтыя сустрэчы цяжка было назваць рамантычнымі спатканнямі, але ён прымаў іх як шклянку ржавай вады пасля трох дзён блуканняў па гарачай пустыні.
Сярод іх сялянкі, пакаёўкі, гараджанкі, графіні, баранэсы, маркізы, княгіні — усе саслоўі і ўсе станы.
Аднойчы ўзімку (якраз была сесія, і Грынкевіч толькі што адзначыў з сябрамі здачу дужа паскуднага іспыту) яго сярод ночы пабудзілі. Ён заснуў недзе а першай, а літаральна праз гадзіну бабулька, яго кватэрная гаспадыня, трэсла хлопца за плечы і казала, што яго шукае па тэлефоне нейкая дзяўчына, па вельмі пільнай справе. Пасля студэнцкага банкету і кароткага сну мала што кемілася. Грынкевіч, як той лунацік, пайшоў у вітальню да тэлефона. і здрыгануўся, ледзь пачуў голас у слухаўцы. Званіла Нюта і нейкім абсалютна не сваім голасам распавядала: бабуля толькі што памерла, яна не ведае што рабіць, бацька з'ехаў за мяжу, яна страшэнна баіцца заставацца ў начной кватэры. Яна баіцца, баіцца, баіцца. Грынкевічу падавалася, што ён фізічна адчувае, як дрыжыць рука, у якой дзяўчына трымае слухаўку, нібыта яна не на тым канцы дроту, а побач. Хвілінаў пятнаццаць ён патраціў на тое, каб апрануцца ды крыху паскандаліць з гаспадыняй. Бабулька сварылася на яго, бо ён надта часта перашкаджае ёй спаць уначы, казала, каб з наступнага месяца шукаў сабе новую кватэру. Так ён у выніку і зрабіў, бабулька выканала сваю пагрозу, але ў тую ноч ён думаў толькі пра дзяўчыну, якая прасіла ў яго дапамогі.
Добра, што ўзімку не разводзяць масты, але транспарт так ці іначай ужо не хадзіў, на таксоўку грошай не было. Ён тармазнуў нейкага братка на «вольве» і паспеў заўважыць зброю на заднім сядзенні — часы былі вясёлыя, гістарычныя. Але браток якраз ехаў на Петраградскі бок і дакінуў хлопца амаль да самага дому, дзе жыла Нюта. Дзяўчына сядзела на лаўцы каля пад'езда, і яе напраўду ўсю трэсла, ці то ад марозу, ці то ад перажытага шоку.
Яна ўжо выклікала і міліцыю, і хуткую. Міліцыя ўзяла бабулін пашпарт, а медыкі хоць і канстатавалі смерць, але забіраць памерлую ў морг не сталі: анатаміраванне рабіць не трэба, бо і так усё зразумела, а моргі перапоўненыя. Цяпер Нюта не ведала, як датрываць да раніцы ў кватэры, дзе ляжыць нябожчыца. Грынкевіч ледзь угаварыў дзяўчыну ўзняцца наверх, зачыніў дзверы ў пакой, дзе ляжала старая, адвёў Нюту на кухню і сам зрабіў гарбату. У хаце знайшлася валяр'янка, але нават пасля яе дзяўчыну крыху калаціла. Яна толькі бесперапынна казала, што баіцца нябожчыкаў з таго моманту, як загінула ейная маці.
— Ты казала, яна памерла.
— Яна загінула.
За гарбатай пачаўся расповед, прычым быў ён пункцірна-кропкавым, таму Грынкевіч не адразу склаў усё ў агульную карціну. Нюціна мама была акторкай, прычым вельмі адоранай. Яшчэ ў інстытуце пабралася з бацькам. Сама яна зрабілася сіратой у васямнаццаць гадоў, бо дзядуля і бабуля разбіліся ў аварыі. І таму меней чым праз два гады маці выскачыла замуж за студэнта Антона Рупеля, які вучыўся на рэжысуры ў тым самым інстытуце. Ён паступіў даволі позна, у дваццаць сем гадоў, бо доўга не мог прабіцца ў тэатральны, хоць у сябе ў Краснаярску ўжо даўно граў у мясцовым тэатры. У Піцер яго ўзялі толькі на рэжысуру. Гэта значыць, калі ён ажаніўся з Нюцінай мамай, яму было ўжо трыццаць.
У бландынкі ён вылучае дабрыню.
Пляткарылі, што гэта разлік, бо ў Краснаярску Рупель ужо меў шлюб і нават сына. А як яшчэ было патлумачыць, навошта ён так хутка паехаў разводзіцца, калі на даляглядзе з'явілася прыгожанькае дзяўчо, сірата з інтэлігентнай сям'і і аднаасобная гаспадыня трохпакаёвай кватэры? Пакуль ішоў працэс скасавання першага шлюбу, Рупель вельмі пастараўся і зрабіў так, каб гэтая сірата нікуды ад яго не ўцякла. Ён зрабіў яе, Нюту, бо як яшчэ ў тыя часы можна было надзейна прывязаць да сябе жанчыну? Пажаніліся яны толькі тады, калі дачцэ было месяцы чатыры.