Відаць, першая бацькава жонка вельмі не хацела яго адпускаць і на ўсялякі выпадак прыехала ў Піцер, каб паскандаліць са злой разлучніцай. А яшчэ маці працягвала вучыцца ў інстытуце, хоць і мела ўжо немаўля на руках. Можа быць, яна не вытрывала ўсіх узрушэнняў, можа яшчэ што, але праз паўгода пасля родаў у яе здарыўся сур'ёзны нервовы зрыў. Яна ўсё ж выйшла ў акадэмічны адпачынак, а потым неяк скончыла інстытут, але граць на сцэне ўжо не змагла, бо зрывы паўтараліся. Па вялікім знаёмстве маці аформілі апранальшчыцай у тэатры. Бацька яе нарэшце кінуў і ажаніўся зноў, гэтым разам, здаецца, не па разліку, бо там была нявыгадная партыя. Раз-пораз маці трапля л а ў лякарню, а калі Нюце было гадоў дзесяць, яна вырашыла свае праблемы радыкальным чынам: дастала ключы ад гарышча, вылезла на дах... І дачка ўбачыла з вакна, што адбылося. На пахаванні яна так і не падышла да труны, бо баялася.
А потым бацька вырашыў вывезці дачку ў Краснаярск да бабулі. Гэта была вельмі выгадная камбінацыя: пасля смерці другой жонкі вызвалілася вялікая кватэра, а ён ужо меў трэцюю сям'ю і вымушаны быў здымаць жытло. Нюта скандаліла, крычала, што нікуды не паедзе. Тады бацькава жонка заявіла: яна такая ж шызафрэнічка, як ейная маці, можа, яе таксама варта лекаваць? Пасля гэтага выпадку Нюта зразумела, як небяспечна бывае паказваць людзям, што ты насамрэч адчуваеш. Яна вельмі не хацела ехаць у Краснаярск, але, каб не трапіць да шызафрэнікаў, сцішылася і сабрала рэчы. А потым. А потым падвярнуўся неблагі варыянт абмену, бабуля памяняла сваю кватэру ў Краснаярску на Піцер, няхай і з даплатай, пусціла жыць у свежанабытую кватэру бацьку з яго новай сям'ёй, а сама засталася з Нютай у гэтай вось хаце.
Брунетка вабіць яго вернасцю.
Грынкевіч разумеў, што дзяўчына ўсё ж павінна хоць крыху адпачыць. Ён адвёў яе ў гасцёўню і паклаў на канапу. Лекі падзейнічалі, і Нюта зрабілася даверліва-паслухмянай, дазволіла захутаць сябе ў плед. Яна казала, што замярзае, хоць у кватэры не было халодна. Хлопец лёг побач і абняў яе, толькі пасля гэтага Нюта нарэшце заснула. Пад раніцу ён ціхенька ўзняўся, парыўся ў нататніках, што ляжалі ў вітальні на тэлефоннай палічцы. Знайшоў нумар кватэры Рупеля, вызваніў яго жонку, усё ёй растлумачыў... Потым Нюта сказала, што ён гэтым вельмі яе абавязаў, бо сама яна нават у такім выключным выпадку не магла кантактаваць з мачахай. Зрэшты, ён і раней ведаў пра гэта. Калі Нюта дакладна ведала, што бацькі дома няма і слухаўкі ён не здыме, то проста не званіла туды, каб выпадкова не пачуць голас «гэтай кралі».
Дзіўна, што ўсе гэтыя клопаты пра пераляканае дзяўчо яго зусім не напружвалі, ён успрымаў іх тады як нешта цалкам натуральнае. Ну, як адвесці за руку ў міліцыю згубленае і зарумзанае дзіця, якое сустрэў на вуліцы. А можа, яму проста хацелася быць побач, усё адно з якой нагоды?
На пахаванне ён таксама хадзіў, і Нюта, ідучы з могілак, сама ўзяла яго пад руку. Краем вока Грынкевіч сачыў за ейным бацькам, бо адчуваў, што той таксама краем вока сочыць за ім. Рупелю яўна не падабалася, якога спадарожніка абрала сабе дачка, ды і ўся гэтая гісторыя з начным прыходам яму не падабалася, хоць нічога крымінальнага там не было. Антон Рупель цаніў людзей не вышэй за жуйку «Стымарал» і быў пэўны — людзі будуць плаціць яму і ягоным блізкім такой самай манетай. Зрэшты, самае непрыемнае здарылася крыху пазней. А пакуль яны ішлі з пахавання разам з Нютай, потым былі сціплыя сямейныя хаўтуры. Пад вечар, калі Грынкевіч сыходзіў, дзяўчына выйшла праводзіць яго з кватэры на лесвіцу. Яна прытулілася да хлопца і шэптам падзякавала за тое, што дапамог перажыць гэтыя дні. Было зябка. Грынкевіч расшпіліў паліто і захутаў дзяўчыну, абдымаючы яе, як калісьці даўно, калі яны яшчэ былі амаль дзецьмі і апасліва цалаваліся вось тут, у гэтым самым пад'ездзе. Цяпер ён таксама нахіліўся да Нюты і пацалаваў. Сэрца адбівала шалёны пункцір з восьмых і шаснаццатых замест роўных чвэрцяў. А балтыйскі вецер за вокнамі шапацеў: «Гэта сапраўднае, сапраўднае, сапраўднае. » Хлопец паверыў гэтаму ветру, забываючыся на яго пераменлівасць.
У русавалосай ён любіць пяшчоту.
Потым быў шчаслівы дзень, калі яны разам гулялі па горадзе пасля таго, як Нюта здала апошні іспыт зімовай сесіі. Яны хапалі халоднае неўскае паветра паміж пацалункамі і гатовыя былі ўзляцець так высока, што купал Ісакія выглядаў бы як маленькая круглая батарэйка ад гадзінніка. Потым ён з'ехаў на зімовыя вакацыі да бацькоў, але штовечар званіў у Піцер, каб проста яе пачуць. Ён зразумеў, што любіць Нюцін голас, які за гэтыя гады стаў мацнейшым, аброс вельмі жаноцкімі абертонамі, але пры гэтым быў свежым і юным. Пачуць яго было ўсё адно, што адчуць дотык дзявочай рукі. Прынамсі, гэтак яно было для яго, юнага і палкага, — што зробіш, дваццаць адзін год. У часе апошняга «сазвону» яна сказала: заходзь, як прыедзеш. І гэта прагучала з недвухсэнсоўным намёкам. Хлопец выехаў з Мінска на два дні раней, чым трэба.