Тая самая Анна?.. Тут, у гэтым тэатры?!
Ён хацеў гэтай сустрэчы, марыў пра яе, але ж не ў такіх абставінах. Значыцца, яна ўсё ж стала спявачкай. А іначай не магло быць, бо Анна нарадзілася для гэтай партыі. Голас мядова-цёплага тэмбру, жарсны, як позірк ейных вачэй, лёткі, як пасмы ейных цёмных доўгіх валасоў, гнуткі, як уся ейная пастава. Нагэтулькі жаноцкая, што перастаеш заўважаць пэўную недасканаласць рысаў твару. Анна хапаецца за плашч незнаёмца, спрабуючы яго затрымаць, ён прыціскае яе да сябе. Капельмайстру, які сядзіць у ложы, падаецца, што гэта ён сам адчувае ейныя дотыкі, што гэта ягоная рука абхапіла талію жанчыны. Ён схіляецца да яе, ловіць частае дыханне, пах парфумы, бачыць грудзі і плечы, ледзь прыкрытыя белымі карункамі, залаты ланцужок з крыжыкам, вялікую радзімку на шыі. Гэтае насланнё робіцца невыносным.
Але ж Анна ўцякла са сцэны, калі там з'явіўся Камандор. А ён, капельмайстар, сядзіць у ложы і проста глядзіць спектакль.
Камандор забіты ў сутычцы, дон Джавані і Лепарэла знікаюць. Зноў з'яўляецца донна Анна ў таварыстве свайго жаніха, гэткага традыцыйнаінфантыльнага тэнара. Але ён, капельмайстар, не чуе нічога, апроч ейнага голасу, і не бачыць нічога, апроч жанчыны ў белым начным убранні.
Толькі калі заканчваецца ейны дуэт з донам Атавіа, капельмайстар крыху супакойваецца. Потым ідуць камічныя сцэны з доннай Эльвірай, Дзэрлінай і Мазэта. Ён захапляецца відовішчам, галасамі, якіх цяпер нідзе не пачуеш, добрым гучаннем аркестра. Ён ужо зразумеў, што будзе да канца спектакля сядзець у ложы адзін і ніхто яго не патурбуе. Але за спінай ён адчувае слабы шоргат тканіны, пэўна, жаночай сукенкі. Лёгкі водар парфумы таксама належыць жанчыне. Капельмайстар наўмысна не азіраецца на сваю суседку, каб захаваць хаця б ілюзію таго, што ён тут адзін і яму ніхто не замінае. І вось ён чуе лёгкае кэрханне — так робяць звычайна спевакі, калі хочуць адагнаць макроту. Ці прыцягнуць увагу?..
Анна сядзіць тут, побач з ім. Яна ў чорным строі, як і належыць яе гераіні. Сукенка дакладна абмалёўвае хударлявую, але не кволую фігуру, якая ўся выпраменьвае шалёную энергію дзікай коткі, нават калі жанчына сядзіць нерухома, як цяпер. Плечы распраўленыя, пасадка галавы велічная, як у герцагіні. Але жанчына не пачуваецца няёмка, ловячы ягоны позірк. Вялікія кісці рук з доўгімі пальцамі схаваныя ў чорныя карункавыя пальчаткі. Валасы сабраныя ў высокую немудрагелістую фрызуру. Твар закрыты чорным густым вэлюмам.
— Ты?.. — толькі гэта ён і здольны прамовіць.
Яна моўчкі адкідвае вэлюм, і цяпер капельмайстар ужо не мае ніякіх сумневаў у тым, што ягоная Анна тут, побач. Твар з высокім ілбом, з бровамі, задужа густымі, як на жанчыну, але ж яна іх, зразумела, падпраўляе. Характэрны і недасканала-прыгожы твар. Вочы... У яе насамрэч блакітныя вочы, проста ў паўзмроку зрэнкі гэтулькі пашырыліся, што позірк зрабіўся агатавым, як у сапраўднай іспанкі. Нос даўгаваты, з гарбінкай, але тонкі ды зграбны. Рот завялікі, але ж вусны дасканала абмаляваныя, падбароддзе крыху завостранае — адчуванне зацятай упартасці і просьбы аб дапамозе адначасова.
Анна маўчыць і цешыцца тым уражаннем, што стварыла, прыйшоўшы ў ложу так нечакана. Капельмайстар пачынае распытваць, як такое можа быць, што яна адначасова на сцэне і тут, побач з ім.
— Non mi dir. Нічога не кажы, — просіць яна і прыкладвае да ягоных вуснаў далонь у карункавай пальчатцы. Ён пачынае п'янець ад гаркаватага водару парфумы, якой пахне запясце Анны. — Ты проста не ўяўляеш, чаго мне каштуе, каб цяпер быць з табой. І гэты тэатр, гэты аркестр, гэтыя спевакі — яны ж найлепшыя ў свеце.
— Я ведаю, я ўсё разумею! Дзякуй табе. Але я хачу, каб ты засталася са мной назаўсёды. Я. Мой аркестр. Твой голас. Наша музыка. Нічога болей у жыцці не хачу, толькі шторанку прачынацца з табой і штовечар бачыць цябе на сцэне ці вось у гэтай ложы...
Ён бярэ твар жанчыны ў свае далоні. Анна, ужо зусім не па-каралеўску скораная, глядзіць на яго. Са сцэны чуваць «Or sai chi l'onore...», але хто б мог падумаць, што спявачка, якая грае ганарлівую дачку Камандора, можа быць такой пяшчотнай.
— Не хачу страціць цябе зноў, — шэпча ён. — Я думаў пра цябе столькі гадоў, і вось ты прыйшла.
— Мне таксама бракавала цябе, — шэпча яна ў адказ. — Таму я не вытрывала і прыйшла сама. Ты павінен быў сам мяне знайсці.
— Але цяпер я цябе не адпушчу, — кажа ён, абдымаючы яе так, быццам жанчына напраўду вось-вось пакіне яго. — Анна. Анна.