— Ты ж ведаеш, што ейная маці мела псіхічнае захворванне? — запытаўся ён, і гэтае пытанне, відаць, прызначалася яму, каб збіць залішні кавалерскі імпэт. — Ёй трэба перыядычна назірацца ў псіхатэрапеўта, я ўладкаваў яе да добрага знаёмага. Пакуль усё нармальна, але хто ж ведае...
— Я ўпэўнены, што з ёй усё будзе добра, — толькі і выціснуў з сябе хлопец.
Насамрэч яму хацелася выказаць Рупелю тое, што назапашвалася ўжо не адзін год, але ён мог нагрубіць Нюцінаму бацьку і потым пашкадаваць пра сказанае. І ён стрымаўся. Але пасля гэтай размовы Грынкевіч пачуваўся так, быццам яму праз ультрагук паказвалі нечую душу. Звычайную такую чалавечую душу, не высокую і не нізкую, з ейнымі натуральнымі душэўнымі працэсамі і рэакцыямі, назіраць за якімі не зусім прыемна. Але ж гэта натуральна, а таму мае права на жыццё. Дый увогуле Рупель не Крэспель, але дачку абараняе на свой капыл.
У госці Нюта запрасіла толькі праз тыдзень. Нешта ў ёй за гэтыя дні змянілася, і прычына не ў тым, што дзяўчына аслабла пасля грыпу і выглядала даволі зняможанай. Відаць, тата і з ёй правёў размову і невядома што нагаварыў.
— А памятаеш, калі ты быў на першым курсе. Ты тады з'ехаў на лета да бацькоў і ніводнага разу мне не патэлефанаваў... Чаму? А цяпер ты абрываў мне тэлефон.
Гэтае пытанне заспела яго знянацку і збянтэжыла — ён не знайшоў што адказаць. Увогуле, ён не мог зразумець, што за прэтэнзіі Нюта яму выстаўляе.
— Пачнем з таго, што мы тады не вельмі добра развіталіся, — сказаў ён. — Ты вырашыла, нібыта я заляцаюся да той дзяўчыны... Ну, з тэарэтычнага, з якой я тады граў у чатыры рукі. Нас жа выстаўлялі на канцэрт, вось мы і займаліся. А ты тады зашыпела і сказала не званіць табе. Я і не званіў. А ўвосень усё ўжо змянілася...
У летку ён любіць худзенькіх.
Яны пілі гарбату, але мірнай і нязмушанай размовы, на якую Грынкевіч наладзіўся ад пачатку, не выходзіла. І неяк так атрымалася, што Нюта прагаварылася. І разанула яго новым прызнаннем. Дзяўчына казала гэта як быццам дзеля таго, каб зрабіць яму балюча. Так і выйшла. Ён нешта такое падазраваў, але тады яшчэ стараўся быць вышэй, стараўся верыць і таму не задаваў пытанняў. Яна сама здзерла з уласнай душы прыўкраснае ўбранне. Маўляў, глядзі на мяне, на сапраўдную. Я не прынцэса, я ведзьма. Не страшна?
Было не страшна, але прыкра і тужліва. І проста не хацелася верыць. Хацелася атрымаць нейкую сляпую надзею, учапіцца за яе і зрабіць так, каб усё сказанае Нютай было толькі нагаворамі на саму сябе. Бо быў жа ж той дзень і тая ноч, лепшых за якія ён ніколі не меў.
Грынкевіч проста не ведаў, што рабіць далей, таму ён знік і не званіў ёй два тыдні, пакуль яна сама не прыйшла ў вучэльню і не знайшла яго там.
— Зусім вы мяне закінулі, Herr Kapellmeister, — сказала яна, спрабуючы прыязна ўсміхацца.
Хлопец якраз заканчваў заняткі, але сказаў, што яму трэба яшчэ пагартаць партытуру. Нюта, зразумела, адчула гэты фальш, хоць нічога не сказала. Грынкевіч прачытаў ейную крыўду па тым, як яна штурхнула перад сабой дзверы, выходзячы з вучэльні. Можа быць, яна сябе наўмысна абылгала, каб раззлаваць яго? Увечары ён патэлефанаваў Нюце дадому, яна была спакойнай і нават вясёлай. Запрасіла ў госці, але не сказала: прабач, я несла абы-што, не бяры да галавы.
Дзеля чаго ён ішоў туды, Грынкевіч не ведаў. Але ішоў з торцікам у руках і з такім адчуваннем, нібы ідзе на дзень народзінаў дзяўчынкі-аднакласніцы, дзе ён будзе адзіным хлопчыкам сярод прышчавых выдатніц. І вецер болей не казаў яму: «Гэта сапраўднае, сапраўднае, сапраўднае...». Вецер ляцеў з Фінскай затокі і гнаў мокры снег з дажджом, напяваючы: «Гэта была здрада, здрада, здрада».
Пасядзелкі з тортам і гарбатай былі цырымоннымі, яму ўсё хацелася завесці размову самому, але ён баяўся атрымаць адказ: так, я не хлусіла. Таму і маўчаў. Зазбіраўся ўжо праз пару гадзін і на развітанне сказаў тое, што кажа пераважная большасць мужчынаў у сітуацыях, калі жанчыну не варта груба адштурхоўваць: «Я патэлефаную». Яна сказала: «Ок». Ейныя вочы былі красамоўнейшымі за вочы Русалачкі, але ён ужо вырашыў для сябе, што нічога сапраўднага і вечнага не бывае. Няма пачуццяў, ёсць адчуванні. Калі ж ён выйшаў з кватэры, то яму падалося, што нешта нябачнае схапіла яго за руку і не давала ісці далей. Ужо спускаючыся па сходах, ён зірнуў на дзверы Нюцінай кватэры. Яна стаяла на парозе і глядзела на яго. «Скажы мне, што гэта была няпраўда! — хацелася выгукнуць яму. — Я пастараюся табе паверыць, я хачу табе паверыць!..» Але ён змаўчаў, хутка адвёў вочы, каб не сустрэцца позіркамі, і амаль пабег прэч.