Жыццё было мудрым, і яно зрабіла так, што Грынкевіч не бачыў Нюту яшчэ амаль два гады, хоць жыў з ёй у адным горадзе і хадзіў на адны і тыя ж канцэрты і спектаклі. А потым сама Нюта ўзяла дый абдурыла мудрае жыццё.
Вераснёўскім вечарам, ідучы па калідоры кансерваторыі, Грынкевіч здалёк запеленгаваў позіркам чырвонавалосую дзеўку, стрыжаную амаль пад нуль і апранутую так, што хоць у каноплі стаўляй. Дзеўка яўна апярэджвала эпоху, бо «Пяты элемент» выйшаў толькі праз некалькі гадоў — са спіны дык проста двайнік Лілу, толькі значна меншага росту. На ёй была вельмі кароткая скураная спадніца, скураная куртка, высокія і цяжкія берцы. На плячы яна трымала вялікую торбу, што звісала амаль да калена. Грынкевіч у той момант ішоў у адбымку з чарговай красуняй, якая мела на яго асаблівыя спадзевы, але ж чамусьці Лілу-нефармалка яго зацікавіла. І прычына нават не ў тым, што ён ацаніў нефармалчыны ногі на дзевяць балаў з дзесяці (на дзесяць балаў яны мусілі быць даўжэйшымі, бо Грынкевіч меў невытлумачальную слабасць да высокіх дзяўчат). Калі ён са сваёй спадарожніцай амаль параўнаўся з Лілу, тая, да таго моманту засяроджаная на вывучэнні раскладу заняткаў, раптам азірнулася.
— Нішто сабе сустрэча! — вырвалася ў Грынкевіча.
Ён любіць велічных і мажных.
Нюта за гэтыя два гады паспела не толькі завесці кашмарны, як на ягоны густ, гардэроб і сапсаваць валасы. Яна яшчэ зрабіла сабе навамодны пірсінг: бровы, нос, ніжняя губа былі ў колцах і ў шыпах, як у афрыканскай прынцэсы. Дзяўчына паведаміла, што паступіла на падрыхтоўчае аддзяленне як вакалістка. Грынкевіч пахваліўся, што яму ўсё ж пашэнціла пераскочыць з харавога на сімфу. На тым размову і скончылі. Ён пайшоў далей, з дэманстратыўнай пяшчотай абняўшы сваю сімпатычную спадарожніцу. Як добра, што я тады ўсё ж уцёк, думалася яму. Пранесла.
Убачыліся ўжо на наступны дзень, таксама ў калідоры кансервы. Павіталіся і размінуліся. Вялікай ахвоты камунікаваць Грынкевіч не меў, бо чыста па-мужчынску адчуваў нешта блізкае да агіды. Яго проста пужаў цяперашні імідж Нюты. Зрэшты, яна змянілася не толькі звонку. Ён цяпер часта бачыў, як да консы падкатвае байкер, як Нюта садзіцца на задняе сядзенне, абдымае таго байкера за талію ды імчыць невядома куда. Раней быў «залаты хлопчык», а цяпер — «жалезны».
Неяк яны сустрэліся на канцэрце, дзе гралі нешта нетрывіяльнае, кшталту нававенскіх класікаў. Разгаварыліся. Грынкевіч не выцягнуў на гэты канцэрт ніводную са сваіх лапачак, нават адданая яму Маша не пайшла такое слухаць. Нюта таксама была адна і ў не вельмі страшнай вопратцы. Канцэрт скончыўся ўсяго а дзявятай, і яны разам выйшлі на вуліцу. Адзінае, што засталося нязменным, — гэта іх агульная тарабарская мова, на якой яны яшчэ ў юнацтве размаўлялі пра музыку і мастацтва. Нюта выказвала нечаканыя думкі, яна сыпала парадаксальнымі ідэямі і асацыяцыямі. Грынкевіча гэтая размова проста захапіла. Што ні кажы, а з ёй заўсёды было цікава і займальна. З ёй было проста добра.
— Давай ужо дагуляю цябе да дому, — як у ранейшыя часы, але без рамантычнага падтэксту сказаў Грынкевіч.
На вуліцы было цёпла, як на восень. Гулялі яны пешшу і загуляліся да таго часу, калі метро не працавала, а масты развялі.
— Хадзем, напаю гарбатай і пасцялю на канапе, а зранку пойдзеш, — прапанавала Нюта.
За гарбатай яна распавяла, што цяпер ёй нялёгка, бо ў іх з бацькам страшэнна папсаваліся адносіны. Калі яна пайшла ў кансерваторыю паралельна з універсітэтам, бацька перастаў даваць ёй грошы. Сама яна ўжо крыху хал туры ла пісьмовымі перакладамі, але на гэта пакуль не пракормішся. Калі ў Піцеры здараўся нейкі фестываль ці чэмпіянат, яна няблага падзарабляла, сустракаючы дэлегацыі з нямецкамоўнага свету, але паміж такімі падзеямі была звычайна «на падсосе». Калі рабілася зусім кепска, яна ішла танчыць у начны клуб. Там яна здымала амаль увесь пірсінг, надзявала бландзіністы парык, туфлі на высачэзных абцасах і круцілася вакол пілона.
— Што такое пілон? Гэта такі шост, вакол якога круцяцца стрыптызёры, — спакойна патлумачыла яна Грынкевічу і зірнула на яго з выклікам. — А што, я нават маю сваю публіку, я падабаюся...
Яму зноў падумалася, што ён меў рацыю тады, калі ўцёк. І тым не менш, на душы яму стала так тужліва, быццам у яго на вачах спалілі бясцэнную карціну геніяльнага мастака.