Выбрать главу

Мініяцюрныя жанчыны яго зачароўваюць.

У тую ноч ён выспаўся на канапе, дзе яму пасцялілі асобна, і зраніцы няголены пайшоў на служ­бу ў царкву — ён падпрацоўваў там рэгентам. У царкоўным хоры спявала Маша, і ў адказ на ягонае тлумачэнне «заначаваў у даўняй знаёмай, нічога такога», Маша зладзіла скандал. Дзіўна, што потым менавіта асэксуальныя адносіны Грынкевіча з Нютай раздражнялі яе асабліва моцна, а вось прыгоды з іншымі дзяўчатамі, гэтыя сакрэты полішынэля, яе амаль не чаплялі. Пазней яна зусім выпадкова даведалася, што Грынкевіч час ад часу пазычае грошы «гэтай шлюндры», прычым «шлюндра» іх не вяртае.

І хоць Маша скандаліла, ён цяпер начаваў у Нюты колькі разоў на месяц. То ён праводзіў яе з канцэрта, то яго проста запрашалі папіць піва ці гарэлкі. Там у кампаніі збіраліся Нюціны сябрынефармалы: нейкія вельмі арыгінальныя асобы з кампазітарскага факультэта, перакладчыкі, рокмузыканты і графаманы. Што ён там рабіў, Грынкевіч не ведаў, але ўсё адно ішоў. Яму сцялілі на канапе ў гасцёўні, а Нюта пры гэтым магла зачыніцца ў сваім пакоі разам з чарговым «жалезным хлопчыкам». Дарэчы, яна іх мяняла прыкладна раз на два-тры месяцы, паралельна маючы іншыя кароткія раманчыкі. Дзяўчына прызнавалася, што ставіцца да сэксу вельмі проста і не надае яму такога ўжо сакральнага сэнсу. Праўда, танцы на пілоне яна ўсё ж закінула.

У гэты каталог трапляюць і старыя, аднак маладых ён усё ж любіць болей.

Ён любіў Нюцін голас, шчыльны, вялікі і пры гэтым цёплага мядовага тэмбру. На першым жа праслухоўванні пэашнікаў ён сядзеў у зале і слухаў, як дзяўчына спявае нешта з дзяжурнага рэпертуару для сапрана, накшталт «Ах, прошло то время. ». І было неістотна, што яна не паказвала ідэальнага гукавядзення і пакуль не ўмела спяваць фразамі. У самім тэмбры было вельмі шмат музыкі і чароўнасці. Спяваючы, яна рабілася сапраўднай і як быццам ачышчалася. За гэты голас Грынкевіч гатовы быў дараваць ёй усю тую пошласць і вульгарнасць, якой яна сябе атачыла па-за сцэнай.

На іхным апошнім агульным дні народзінаў, які спраўлялі ў яе дома, Грынкевіч моцна напіўся і пачаў пераказваць, што ён адчувае, калі чуе ейны спеў. Дзяўчына стаяла на кухні перад ракавінай і мыла посуд, а ён курыў у фортку.

— Не ведала, што ты такі паэтычны, — без усялякіх эмоцый адказала Нюта на толькі што пачутую тыраду. — Але я, відаць, горшая за свой голас.

У яе нешта не ладзілася з педагогам, і на другім годзе навучання стаяла пытанне пра тое, што пераводныя іспыты на першы курс яна не здасць. Нюта ўсё часцей казала, што, напэўна, бацька меў рацыю наконт кансерваторыі, усё адно яна туды не трапіць, што музыка гэта не ейнае... Людзі вунь з Тоскай і Лізай паступаюць, а ў яе толькі Лаўрэта.

Слова за слова, яны тады зачапіліся і паскандалілі — упершыню за ўсю гісторыю іхнага некароткага знаёмства. Дакладней, скандаліў адзін Грынкевіч, а Нюта сядзела на зэдліку і моўчкі прымала на сябе шквал абразаў і грубасцяў. Ён тады сышоў, моцна ляснуўшы дзвярыма і пакінуўшы гаспадыню кватэры і гасцей у ціхім шоку. Гэта ж былі не проста агульныя народзіны, гэта была яшчэ ягоная адвальная.

Праз колькі дзён ён з'ехаў у горад N, дзе знайшлося месца чарговага дырыгента ў оперным тэатры. Кансерваторыю ён заканчваў амаль завочна і ў свае прыезды ў Піцер не сутыкаўся з дзяўчынай, якой на развітанне нагаварыў лішняга. Пэўна, яна б сама наўрад ці захацела з ім сустрэцца. Пра гэта ён згадваў, калі ягоная рука цягнулася да тэлефона і пачынала набіраць яе нумар. Ён набіраў і скідваў. Аднойчы, калі ён ужо не вучыўся ў кансерваторыі, ён чарговы раз набраў ейны кватэрны нумар і паслухаў доўгія гудкі. Яму не хацелася аднаўляць адносіны ці нешта такое яшчэ, але ж было адчуванне нявыкупленай віны. Хіба яна абірала сабе ў бацькі Антона Рупеля? А можа, гэта ён, Аляксей Грынкевіч, быў поўным ідыётам, калі сышоў ад яе ў слотны зімовы вечар? Можа, яна тады нечага, наадварот, недагаварыла? Ён жа не ад яе сыходзіў, а ад магчымых непрыемнасцяў. І ці не сам ён вінаваты ў тым, што пасля з'явілася чарада «жалезных хлопчыкаў», драныя джынсы, стрыжаныя амаль пад нуль валасы ды яшчэ і спаленыя перакісам і чырвонай фарбай?

Але ён мужчына, ён не маці Тэрэза і не павінен ратаваць жанчыну ад самой сябе, як напісалі б у старадаўнім рамане пра каханне. Тады, у агульны дзень народзінаў, ён прапанаваў Нюце выйсце. Яна сама павінна была вырашыць, ці хоча нешта перайначыць у жыцці. І яна ўжо была досыць дарослай, каб нешта зразумець. Ён не працягнуў рукі, ён проста паказаў шлях, а яна назвала гэта глупствам. А значыцца, няма пра што шкадаваць — сама вінаватая.

Ён выходзіў на агульных знаёмых, але яны нічога не ведалі пра лёс Нюты. Казалі, што ў кансерваторыю яна сапраўды не паступіла, а потым увогуле некуды знікла, нікому нічога не сказаўшы. Цалкам можа быць, што яна сышла да сваіх нефармалаў ці як іх там называюць. Быццам бы яна пэўны час спявала ў нейкім рок-гурце, але пасля пра яе нічога не было чуваць.