Неістотна, якая яна — бедная ці багатая, прыгожая ці агідная. Пакуль жанчыны носяць спадніцы, дон Джавані будзе на іх паляваць, падводзіць вынік Лепарэла.
І вось праз восем гадоў яна з'явілася, прамільгнула ў яго жыцці і знікла зноў. А якой яна была ў той вечар!.. Як быццам богі ўзялі і прымусова выкупалі яе ў марской пене, з якой яна выйшла наноў народжанай.
Грынкевіч па вяртанні ў N зноў палез у сацыяльныя сеткі, каб шукаць яе. Рызыкнуў зліставацца з той Аннай Рупель-Зайцавай, якая жыла ў Санкт-Пецярбургу і працавала перакладчыцай. Тая нічога не адказвала. Зрэшты, неўзабаве ён кінуў думаць пра няоперную донну Анну, угаварыўшы сябе на тое, што ў яе цяпер, мусіць, усё добра, — і дзякуй Богу.
Але які ж ён быў дурань! Навошта ён панёс тады, у канцэртнай зале Чайкоўскага, пра задраныя тэмпы ў «Non mi dir.»?! А яна так нязмушана падхапіла размову, быццам не было працяглага развітання, спрачалася з ім, як у мінулыя часы, даводзіла, што толькі ў выкананні Кермес і толькі з такімі тэмпамі можна было стварыць вобраз апантанай донны Анны. І так лёгка знікла.
Лепарэла сыходзіць.
Сцэна VI
Донна Эльвіра адна.
Рэчытатыў «In questa forma dunque...».
Маша сапраўды з'явілася, толькі не пазваніла, а напісала. У тых самых сацыяльных сетках, дзе Грынкевіч пакінуў ажно тры паведамленні Анне Рупель-Зайцавай. Мінула ўжо амаль тры тыдні ад пачатку аднабаковага ліставання, і гэтае маўчанне пачынала напружваць. Здаецца, пры сустрэчы яна паводзілася прыязна, але, магчыма, яна проста не хоча пускаць яго ў сваё жыццё зноў, не на пяць хвілінаў. Мае на гэта права.
І вось замест адказу, які ён чакаў, Грынкевіч знайшоў гняўлівы ліст ад Машы. Пісала яна горш, чым казала, як гэта часта бывае з прыроджанымі прамоўцамі: «.у сувязі з тым, што ты застаўся па-ранейшаму легкадумным і ненадзейным, я больш не буду рабіць спробаў перавыхавання цябе. Я старалася дзеля цябе і не атрымала нават падзякі за той факт, што ты не стаў скончаным алкаголікам, дзякуючы маім намаганням, пакуль я жыла ў N. »
Грынкевіч прачытаў рэшту тэксту хіба па дыяганалі. Там было пра тое, што ён можа «жыць у бяздзеянні і адсутнасці памкнення да змянення свайго існавання ў лепшы бок». Маша таксама пісала, што не хоча выстаўляць яму «чыста жаночых рахункаў», што яна была заўсёды вышэй за гэта і бачыла ў ім «надзвычай адоранага чалавека, які без належнай адказнасці ставіцца да ўласнага жыцця і таленту».
Яна гэта пісала і казала ўжо не ўпершыню, дый не апошнім разам — Грынкевіч быў у гэтым перакананы. Але ж ён прыкінуў, што Маша найбліжэйшым часам не здзейсніць самага непрыемнага для яго — не прыедзе ў N. У ейнай фірме, дзе яна зарабляла ў Маскве грошы на іпатэку, вельмі складана з адпачынкамі. Значыцца, новай спробы перавыхаваць надзвычай адоранага чалавека ўжо не будзе, калі ён сам не варухнецца.
Донна Эльвіра наракае, што Джавані адплаціў ёй чорнай няўдзячнасцю за каханне і за ўсе ейныя пакуты. І яна павінна адпомсціць зладзюгану. Ейнае сэрца цяпер напоўненае адным толькі гневам.
«Шанцуе ж нам з табой на прыпізджаных баб!» — напісаў ён брату, які вісеў у скайпе і акурат скардзіўся на тое, што жонка зноў істэрыць.
«Ты са сваімі не жаніўся.» — заўважыў брат.
«Яшчэ чаго бракавала! А наконт Волькі, дык я табе адразу сказаў: можна вывезці дзяўчыну з вёскі, але нельга вывесці вёску з дзяўчыны. Яна таму і паступіла ў хлапечы ўнівер, каб гарантавана выйсці замуж. І таму яна так лёгка цябе ашчаслівіла. Але ты быў чэсным чалавекам і вырашыў жаніцца. Нават без залёту».
«Ну дык яна не заўсёды такой была. І сям'я ў яе нармальная.»
«А чаго яна ад цябе хацела? Вывез яе ў Штаты і цяпер працуеш, як вол, на тое, каб дом набыць. Яна разумее, што крэдыты на дом проста так не даюць? Хоча, каб ты меней працаваў і яе забаўляў?»
«Дык што мне цяпер, адправіць яе назад разам з малым? Я не такі, як ты».
«А я і не кажу, што адправіць. Проста вазьмі і без нерваў растлумач, што ты ёй можаш даць, а чаго не можаш. Калі не разумее — ты яе не трымаеш. Блін, Віцька, яна не павінна вырашаць, як табе жыць і што рабіць!»
«Мы разам жывём, у нас жыццё агульнае. »
«Ёсць рэчы, якія лепей вырашаць самому — і ставіць перад фактам. Я сур'ёзна. Кажуць, мяне прафесія дэфармавала, але я такім быў заўсёды. Ёсць аб'ектыўныя рэчы, якія бабы не могуць зразумець праз свае эмоцыі. Паістэрыць і супакоіцца, а потым яшчэ і дзякуй табе скажа».