«Яна не верыць, што я стамляюся. Бо я да позняй ночы сяджу ў нэце ці ў гулькі рэжуся. Думае, я сабе шукаю ў нэце каханак».
«Усе яны думаюць, што мы шукаем у нэце каханак. Мне трэба ў тэатр бегчы, потым як-небудзь пагутарым, ок?»
« Ок ».
Перад выхадам з сеціва Грынкевіч яшчэ раз перагледзеў анкету Анны Рупель-Зайцавай. Апошні раз яна заходзіла на гэты сайт месяц таму. Можа быць, нешта здарылася. У кожным разе іншыя Анны Рупель, якіх ён адкапаў, ніяк не нагадвалі Нюту і адразу ж выпадалі з пошуку.
Донна Эльвіра сыходзіць.
Сцэна VII
Дон Джавані і Лепарэла сустракаюць сялянскае вяселле. Маладзёны, сярод якіх жаніх і нявеста (Мазэта і Дзэрліна), весяляцца, забаўляюцца, граюць, танчаць і спяваюць. Яны ўслаўляюць маладосць. Шчаслівыя гады хутка пралятуць, а пакуль трэба радавацца жыццю і каханню.
№ 5: Дуэт з хорам «Giovinette che fate all' amor e...».
«Дона Джавані» запланавалі на пятае снежня. Калі яшчэ ў верасні Грынкевіч убачыў прэм'еру ў раскладзе менавіта на гэты дзень, ён унутрана схаладнеў. Нават пайшоў да дырэктара, каб высветліць, ці можа яшчэ нешта змяніцца. Але дырэктар заявіў: дата прэм'еры — справа вырашаная. І гэта зразумела, бо пятага снежня спаўняецца сто пятнаццаць гадоў з дня смерці Моцарта. Да таго ж гэта аўторак і будзе неблагая напаўняльнасць залы. На выходныя нават не ў дачны сезон людзі горш ходзяць у тэатр. Паводле дырэктара, на гэтай даце настойвалі еўрапейскія фундатары, ну, а ў N-скім тэатры не сталі ім пярэчыць.
Грынкевіч, які верыў у містыку лічбаў, яшчэ болей устрывожыўся. І цяпер яго нават узрадавала, калі яму сказалі, што маскоўская рэжысёрка Лана Іванова затрымліваецца, пачне працу толькі ў кастрычніку і сапраўды будзе працаваць з пярэрвамі: тры дні там, тры дні тут. А можа, увогуле не пачне, і тады, магчыма, будзе канцэртнае выкананне. А можа, увогуле. увогуле не будзе ніякай прэм'еры, думалася дырыгенту.
Рэпетыцыі «Дона Джавані» пакуль ішлі ў досыць млявым рэжыме, рабілі толькі музычную частку. А Грынкевіч тым часам спрабаваў высветліць, чым для яго небяспечная гэтая рэжысёрка Іванова. Казалі, што яна ставіць збольшага на драматычнай сцэне, а ў музычным тэатры гэта будзе ці не першая ейная сур'ёзная прэтэнзія на рэжысуру. Вакалісткай яна не была, гэта сталася чуткамі і плёткамі сакратаркі Любачкі, — у рэзюмэ гэтай дамы не знайшлося ніякіх слядоў музычнай адукацыі. Але пры гэтым Іванова шмат працавала ў мюзіклах і на здымках кліпаў. Калі Грынкевіч учуў пра кліпы, ягоная фантазія адразу намалявала карцінку: Дзэрліна, Мазэта і сяляне танчаць хіп-хоп ці яшчэ нейкую трасцу, а дон Джавані і Лепарэла вельмі артыстычна на чвэрць голасу нешта там выяўляюць. Потым відэаінжынер старанна будзе падкладваць гэтыя выўяленні на музыку, «каб трапляла ў вусны».
Карцінка была — хоць ты плюйся. Грынкевіч пашкадаваў, што нарадзіўся такім уражлівым. Было б добра, каб Іванова недзе загразла са сваімі справамі ажно да пятага снежня. Канцэртнага выканання оперы ён чамусьці засцерагаўся меней, яно ўяўлялася камянём, які Кронасу падкінулі замест немаўляці.
Цікавае ў яе імя — Лана. Ад чаго яно скарочанае? Святлана, Мілана?.. Незвычайнае імя, за якое можна дараваць такое звычайнае і распаўсюджанае прозвішча. Імя вельмі музычнае, як італьянская мова, як старажытная арыя. Яна і праўда не музыкантка ў мінулым? Грынкевіч бачыў аркуш з біяграфіяй, але там было толькі пра інстытут у Маскве, пра вельмі слыннага педагога, які, наколькі можна зразумець, абы-каго да сябе на курс не бярэ. Там быў спіс пастановак, якія яна паспела зрабіць у Расіі і Еўропе. Аказваецца, яна і ў Еўропе ставіць, прычым нешта сур'ёзнае, амаль элітарнае. А тут, у Расіі — мюзіклы, кліпы, сцэнары піша. А вось яшчэ — паралельна з навучаннем у інстытуце скончыла курсы драматургаў і сцэнарыстаў.
Яна сімпатычная?..
Ён пагугліў Лану Іванову, але ніводнага фотаздымка не знайшоў, толькі натрапіў на дзве-тры кароткія рэцэнзіі, збольшага прыязныя. І больш нічога. Але ад ейнага імя ішоў нейкі спакой, нейкае яно было цёплае, фіялкавае. А можа быць, дарма ён так непакоіцца за лёс «Дона Джавані»?
Сцэна VIII
Тыя ж самыя, потым дон Джавані і Лепарэла.
Рэчытатыў «Manco male e partita... Oh guar da, guar da.».
— Ты глянь, глянь, як сёлета кардэбалет абнавілі! Хлопцаў панабіралі рослых, а дзевачкі, якія дзевачкі. Ну, гэта ж новыя, я іх не памятаю з мінулага сезона. А вунь тая, з краю, бландыначка такая. Ты глянь, Лёша. Трэба ісці знаёміцца, як гэта я не ўгледзеў яе за кулісамі!