Выбрать главу

— А ты схадзі да балетных на рэпетыцыю. Дарэчы, табе «Шчаўкунка» хочуць аддаць, ён у нас часта ранішнім ідзе. Вось пасядзіш, тэмпы пазанатоўваеш, а там і з дзевачкамі пазнаёмішся.

Дон Джавані адразу заўважае сярод сялянак нявестуДзэрліну. Пачынае да яе заляцацца, хоць Лепарэла яго адгаворвае: маўляў, яна ўжо замужам.

На сённяшняй «Жызелі» публікі было шмат. Стоадсоткавую запаўняльнасць залы забяспечылі не толькі адданыя прыхільнікі Маэстра Галоўнага: на ягоныя спектаклі звычайна зганялі ўсіх, хто меў да гэтага тэатра хоць нейкае дачыненне. Вядома ж, адміністрацыя не бегала з бізунамі за супрацоўнікамі слыннай культурніцкай установы — такое тут магло здарыцца мо гадоў дваццаць таму. Але і цяпер не прыйсці на спектакль да Маэстра і не выказаць яму захапленне з нагоды таго, як ён не дазволіў аркестру разваліцца, а спрытнай сваёй рукой з'яднаў колькі дзясяткаў музыкантаў у адзіным творчым парыве. Карацей, не хадзіць на галоўнага было маветонам. Пасля размовы з дырэктарам Грынкевіч вырашыў не дражніць гусі і стаў рабіць так, каб на спектаклях шэфа ўсе яго бачылі, і пры гэтым ніхто не заўважаў ягоных уцёкаў.

Пакуль Джавані размаўляе з Дзэрлінай, Лепа­рэла таксама спрабуе пазаляцацца да адной з сялянак. Тая ўскрыквае. Джавані патрабуе ад лёкая паважліва ставіцца да дамы. Лепарэла апраўдваецца.

Сёння ўцёкі зрываліся, бо да яго падсеў Вася, пляменнік шэфа, і не проста падсеў, а прывязаўся, як назола якая. Вася стажаваўся тут другі се­зон і, відаць, яго думалі пакінуць у тэатры наста­ла, калі кантракт у Грынкевіча скончыцца. Акурат праз год стажор атрымліваў дыплом. А яшчэ ён пасля кожнага выступу Маэстра бег за кулісы і рассыпаўся перад ім дробным макам. Дыплом і віртуознае мастацтва слаць языком мусілі прынесці дывідэнды ў будучыні. Гэта значыць, зрабіць з Васі дырыгента Каршакова нумар два: сяджу ціха, нікуды не лезу, не маю ніводнай пастаноўкі і сумленна махаю спектаклі. Але Вася яшчэ не зусім гэта ўсведамляў. Ці, можа, усведамляў і наўмысна мазаў мёдам дзядзькаву душу. Пакуль гэты хлопец са смазлівай пысай і ростам пад метр дзевяноста не выявіў нечага такога, што дазваляла б яму скочыць вышэй за Каршакова нават у наступнай рэінкарнацыі. Таму ён загадзя аслупоўваў сабе месца ў гэтым тэатры.

Дон Джавані запрашае сялян да сябе ў замак, каб адсвяткаваць вяселле менавіта там.

— У партэры, дарэчы, твая сядзіць, — шапнуў Вася, штурхаючы Грынкевіча ў бок.

Грынкевіч не адразу зрэагаваў на штуршок. Толькі што ён прачытаў СМС ад Ірыны: «Буду пасля 21:00». Цяпер яго мала што ў гэтым свеце займала. Паказ сёння затрымалі амаль на дваццаць хвілінаў — значыцца, першы акт скончыцца пасля восьмай і ён ледзь-ледзь паспявае дадому. А тут яшчэ думай, як гэта ўдала размінуцца са «сваёй» у часе антракту.

«Ягоную» звалі Маргарытай. Аматарка прыўкраснага мастацтва, дорага пастрыжаная і з густам апранутая. Ёй ужо за сорак, як сказалі пад сакрэтам Грынкевічу. Ён нешта такое і падазраваў, але ўсё ж схіляўся да меншай лічбы. Фітнэс, касметалогія і рацыянальнае харчаванне мусілі трымаць цела ў тонусе і ратаваць нервовую сістэму ад стрэсаў, звязаных з вядзеннем бізнэсу. Маргарыце належала цэлая сетка рэстарацый у N. У гэты бізнэс яна прыйшла дзяўчом, студэнткай нейкай кулінарнай установы. Разам з аднакурснікамі Марго вырашыла стварыць летнюю кааператыўную кавярню. У летняй кавярні яна скарміла сваё юнацтва наведнікам, бухгалтарскім справаздачам, падаткавікам і рэкетырам. Потым яна гэтаксама раздзяліла на порцыі сваю маладосць і запісала яе ў меню ўласных рэстарацый. Толькі нядаўна Маргарыта пачала разумець, што сама яна не паспела нічога пакаштаваць. Яна ўзяла рэшткі маладосці, як закваску, і паставіла ў цёплы кут у надзеі, што нешта яшчэ падыдзе. Апроч фітнэсу, касметалогіі і рацыянальнага харчавання былі кнігі па пазітыўнай псіхалогіі. І фэншуй ды іншая эзатэрычная лабудзень.

Чалавеку роўна столькі гадоў, на колькі ён пачуваецца. Маргарыта вырашыла, што яна пачуваецца на дваццаць. Зрэшты, у эмацыйным сэнсе ёй прыкладна столькі і было. Грынкевіч з першай сустрэчы зразумеў: камунікаваць з гэтай кабетай — усё адно, што спяваць у гарах з лавінанебяспечным становішчам. Яна б накрыла яго з галавой усімі назапашанымі за чатыры дзесяцігоддзі эмоцыямі.

Першая сустрэча адбылася на фуршэце пасля нейкай афіцыйна-культурніцкай імпрэзы, да якой Грынкевіч таксама спрычыніўся. А Марго была адным са спонсараў мерапрыемства. Пазнаёміў іх дырэктар тэатра, які шапнуў Грынкевічу, што дама ім цікавілася. Яшчэ дырэктар шапнуў, што дама мае грошы, а тэатру варта мець сталую крыніцу фінансаў на пэўныя гаспадарчыя патрэбы. Не, Марго была не крыніцай, яна была цэлай студняй. Таму, вядома ж, з дамай трэба быць гжэчным. Грынкевіч вырашыў не перабольшыць і таму быў проста ветлівым: яму нецікава было даглядаць занядбаныя студні. Але, на жаль, ён зрабіў уражанне. Дакладней, ён спадабаўся значна раней, да іхнага афіцыйнага знаёмства. Ён не падабаўся мала каму з жанчын, асабліва на падстаўцы ў часе працы. Цяпер уражлівая кабета наведвала ўсе яго спектаклі і перадавала яму праз адміністратараў букеты жоўтых ружаў. Дарыць мужчынам ружы — камільфо, а жоўты колер — гэта колер той чакры, якая адказвае за славу, поспех і прызнанне.