Выбрать главу

Сцэна IX

Дон Джавані і Дзэрліна застаюцца адны.

Рэчытатыў «Al fin siam liberati, Zerlinetta gentil, da quel scioccone...».

Аўтобуса чакаць давялося доўга — Грынкевіч за гэты час паспеў выкурыць на прыпынку дзве цыгарэты. Да таго ж на вуліцы ліло як з цэбра: калі ён нарэшце дабраўся дадому, нагавіцы былі мокрыя ажно па калена. Было дзесяць хвілінаў на дзясятую, і Ірына ўжо стаяла каля пад'езда. Апранутая яна была, як на гэтае надвор'е: джынсы, куртка, красоўкі, валасы заплеценыя «каласком», ніякай касметыкі. Быццам выйшла позна ўвечары ў краму па хлеб ці выгуляць сабаку.

Зрэшты, такая Іра яму падабалася болей. Ён хутчэй прапусціў яе ў пад'езд, бо яна чакала яго ўжо хвілінаў пятнаццаць і пачынала крыху дрыжэць ад вільгаці і боязі. Кожны візіт у яго жытло быў для Ірыны праходкай па канаце без страхоўкі. Яна крыху разнявольвалася, толькі калі за ёй зачыняліся дзверы кватэры. Дзяўчыне паўсюль вярзліся сведкі ейнай падвойнай гульні.

— Ты не здольная да ад'юльтэраў, — прашаптаў Грынкевіч паміж дробнымі і нервовымі пацалункамі: Ірына заўжды баялася пачынаць прэлюдыю проста ў пад'ездзе.

Зрэшты, за адзін паверх да яго кватэры яна крыху пацяплела і пацалункі зрабіліся больш працяглымі. Яна толькі паспела шапнуць, што застанецца да раніцы.

— Не спяшайся.

— Думаеш, я так хутка выкладуся, што бісаў за цэлую ноч не будзе?

Увайшоўшы ў кватэру, Грынкевіч замкнуў дзверы і прыняў у Ірыны куртку. Сам скінуў верхнюю вопратку і абутак, паставіў парасоны сушыцца ў кутку вітальні. Пайшоў у пакой і ўзяў хатнія нагавіцы, што віселі на спінцы крэсла, хутка пераапрануўся. Іра пайшла следам за ім, бо не мела звычкі неяк забаўляць саму сябе ў гэтай кватэры. Пэўна, яна здзівілася такой перамене мізансцэн: іхныя спатканні звычайна былі скамечанымі, бо яны лічылі кожную хвіліну — хутка вызваліцца ад вопраткі, хутка апынуцца ў ложку, хутка, як Фаэтон у сваёй павозцы, разам узляцець да самага сонца, а потым. Потым яна моўчкі ўздымалася, ішла ў лазенку, каб гэтаксама хутка змыць з сябе кароткае спатканне, хутка апраналася і хутка ўцякала. А сёння гаспадар гэтай кватэры толькі пацалаваў яе з нязвыклай пяшчотай і пацікавіўся, ці будзе яна гарбату з каньяком. Іра кіўнула і стала аглядаць пакой, пакуль Грынкевіч ставіў на кухні імбрык. Яна была тут некалькі разоў, але ж сустрэчы праходзілі як у сне, таму дзяўчына про­ста не магла неяк засяродзіцца на інтэр'еры.

Джавані кажа, што яны нарэшце вольныя ад Мазэта, і пытаецца ў Дзэрліны, чаму тая не пахваліць яго за такую хітрасць.

У пакоі стаялі ложак, шафа з вопраткай, стэлаж з кнігамі, нотамі, дыскамі і рознай дробяззю, фартэпіяна і тэлевізар. На сценах віселі афішы спектакляў і канцэртаў, колькі карцін невядомых мастакоў і выцінаныя з белай паперы фігуркі няісных людзей ці звяроў — гэта было спецыфічнае хобі гаспадара кватэры. Грынкевіч заўважыў, што яму лепей думаецца, калі ён нешта вырабляе рукамі: грае эцюды на фартэпіяна, мые посуд ці робіць выцінанкі. Папяровыя фігуркі былі на той час сутак, калі суседзі мелі законнае права на сон і граць на фартэпіяна не вы­падала. Ну, а брудны посуд ён не назапашваў. Ніякіх кілімаў і ўсяго, што можа збіраць пыл, у кватэры не было: гаспадар увесь час скардзіўся, што яму бракуе паветра, хоць і не быў алергікам ці астматыкам. Яму хутчэй бракавала прасторы.

— А ў цябе паўсюль чыста, як у аперацыйнай, — зрабіла Ірына чыста жаночы камплімент, калі Грынкевіч прыйшоў да яе з кухні і абняў за плечы.

— Пэўна ж, дзедавы гены: ён быў хірургам. Так што ты пацэліла. Калі не трымаць лішніх рэчаў, гэта не складана. Я нават лішніх кніжак не трымаю. Хоць і люблю пасядзець на кухні і пачытаць. Дарэчы, хадзем на кухню.

Над кухонным сталом вісела палічка, і госця пабачыла некалькі кніжак. Пакуль Грынкевіч насыпаў гарбату і даставаў з хлебніцы штрудэль, Ірына ўзяла з палічкі том з лістамі Шумана і пачала яго гартаць.

— Гэта мне пасля конкурсу падарылі, за перамогу. Паперу з таго конкурсу я маме пакінуў, яна яе на сценку ў рамачку павесіла і дагэтуль не здымае. Ну і хай сабе. А вось гэтай памяццю, кніжкай, я ганаруся. Праўда, да сваёй улюбёнай «Крайслерыяны» я так і не дарос. У сэнсе, я яе ўсю не сыграў. Толькі ў вучэльні неяк граў па агульным фано апошнюю частку. Трэба было нейкую п'есу вывучыць на залік, вось мой педа­гог і вырашыла — а давай гэта. Памятаю, добра тады на заліку сыграў.