Выбрать главу

А яна робіцца бязважкай, лёгкай, як тэатральны ветрык-скавыш. Спачатку ён перастае адчуваць ейнае цела ў сваіх руках, потым некуды адлятаюць непаўторны водар скуры, змяшаны з водарам горкай парфумы. Апошнім знікае ейны голас. Музыка сціхае, уся тэатральная зала разам з публікай ператвараецца ў аксамітна-пунсовае месіва. Ён расплюшчвае вочы і зноў бачыць пус­тую залу, пустую яміну і разгорнутую партытуру «Дона Джавані» ў сябе на каленях.

Заслона.

АКТ ПЕРШЫ

Сцэна І

Сад каля дома Камандора. Ноч. Лепарэла адзін. Ён пільнуе гаспадара, які прабраўся ў пакой донны Анны, і скардзіцца на сваё жыццё. Лёкай кажа пра тое, што яму хочацца таксама быць гаспадаром, мець мілосныя прыгоды і забаўляцца, а не чакаць сіньёра пад вокнамі ў любое над вор' е і ў любую пару сутак. Потым з'яўляюцца дон Джавані і донна Анна, потымКамандор.

№ 1: Інтрадукцыя.

— Што яшчэ за Анна?! Га?

Нехта трэс яго за плечы, вельмі інтэнсіўна трэс. Пачуўшы над вухам высокі жаночы галасок, які ў гутарцы быў не такім прыемным, як у спевах, Грынкевіч канчаткова прачнуўся. І адразу ўсведаміў: яго злавілі. Ні на чым, але ж усё адно трэба было выкручвацца.

— Дык што за Анна?!

Ён моўчкі адклаў партытуру, злавіў дзяўчыну за талію, пасадзіў да сябе на калені і закрыў ейны сімпатычна прыпухлы роцік кіношна доўгім пацалункам. Яму патрэбны быў хоць караценькі люфцік, каб зусім вызваліцца ад мроі ды вярнуцца ў рэчаіснасць.

— І-і-і-ра, ну ты як дзіця малое, далібог. Сніў цябе. Быццам ты на сцэне, у гэтай партыі, — адказаў ён, гледзячы на дзяўчыну сумленна-адданым позіркам і накручваючы прадку ейных валасоў сабе на палец. — І потым, што ты хочаш ад мужыка, ад музыканта, калі ён учора да ночы пакланяўся шкляному богу.

Грынкевіч не ўтрымаўся і расшпіліў верхні гузік на ейнай блузцы.

— Ты што! Тут зараз будзе натоўп людзей. — Ірына падскочыла, як варам аблітая, і села праз крэсла ад Грынкевіча. — Залу адчынілі, бо яе мыць збіраюцца, а ты сюды прыйшоў чамусьці. Пыталася ва ўсіх, дзе ты, павіншаваць хацела. Ніхто не ў курсе, галоўны на цябе крычыць, бо ты, парася, з рэпетыцыі ўцёк. А тут прыбіральшчыкі кажуць, быццам ты ў зале спіш. Прыходжу. Бачу, што сапраўды спіш ды ў сне дырыгуеш. Мармычаш нешта сабе пад нос. Вырашыла цябе пяшчотна разбудзіць, каб не вырываць з каралеўства мрояў, блін. А ты мяне Аннай называеш.

— А ты раўнівая, — з задавальненнем адзначыў Грынкевіч і паклаў ёй руку на калена, сягнуўшы праз крэсла. — Але было б да каго... Калі ўбачымся, сонца маё?

Дон Джавані выбягае з палаца Камандора, ён захутаны ў плашч, ягоны твар схаваны пад маскай. Дона Джавані пераследуе донна Анна, яна хапае яго за плашч і гукае служак, каб дапамаглі затрымаць зламысніка.

— Не ведаю. Ён бліжэйшым часам у камандзіроўку паедзе, тады, можа быць. Ці сярод дня.

Грынкевіч узняўся са свайго месца, сеў перад Ірынай на кукішкі і абняў яе калені. Шляхі да адступлення былі адрэзаныя. Ён ведаў, што Ірына не ўмее вытрымліваць даўгія позіркі і здаецца.

— Калі?

— На наступным тыдні. Толькі адпусці.

Ён паклаў галаву на калені дзяўчыны, і яна моўчкі перабірала ягоныя валасы. У такія моманты ён мог сабе сказаць, што робіцца шчаслівым. І ўсё ж гэтая неабходнасць хавацца даводзіла яго да жадання сабраць усе свае ашчаджэнні, улезці ў пазыкі, сесці ў турму на пажыццёвае зняволенне, але наняць ейнаму алігарху кілера. Ці ёсць у свеце опера з сюжэтам, дзе каханак забівае іншага каханка, каб атрымаць хаця б адну сапраўдную ноч з жанчынай? Ноч, без страху быць прыспетымі, каб паходня згасла тады, калі гэтага хочуць закаханыя.

Не, няма такой оперы. Прынамсі, ён такой не памятае.

— Ты дакладна хочаш ставіць «Дона Джавані»?

— запыталася Ірына, спрабуючы прыгладзіць ягоныя ўскалмачаныя валасы і такім чынам надаць абліччу Грынкевіча эстэтычны выгляд.

Ён не чакаў гэтага пытання. Думаў, што Іра пачне даставаць яго допытамі, калі ён нарэшце пастрыжэцца. Гэта больш лагічна — для натуральнай бландынкі, вядома ж.

— Але ж! Вельмі хачу!

— А ты не баішся?

Ірына цяпер сама спыніла на ім доўгі позірк. Грынкевіч зразумеў, што яна мела на ўвазе.

Камандор з'яўляецца на сцэне са шпагай і ліхтаром у руцэ. Ён кажа дону Джавані, каб той спыніўся і біўся з ім на шпагах. Джавані адказвае, што адмаўляецца ад выкліку.

У тэатры горада N, дзе Грынкевіч працаваў ужо восьмы сезон, бытаваў забабон, варты не пачатку XXI, а хіба канца XVI стагоддзя: маўляў, нельга ўводзіцца ў спектакль замест чалавека, які раптоўна памёр. Казалі, не так даўно «Барыса» ціхай сапай знялі з рэпертуару пасля таго, як разбіўся на машыне асноўны выканаўца галоўнай партыі. У трупе заставаўся толькі адзін бас, які ведаў партыю, але ён быў адзін. На замену ж ніхто ісці не пагадзіўся. І адміністрацыя, як ні дзіўна, ні на каго ціснуць не стала, хоць звычайна ў такіх пытаннях была рашучай, як алігарх Брынцалаў у сваіх мастацкіх густах.