Выбрать главу

— А чаму не стаў піяністам?

Грынкевіч зрабіў паўзу: у імбрыку вось-вось павінна была закіпець вада і ён нібыта пільнаваў момант, каб своечасова заліць кіпнем гарбату. Напраўду ж ён раздумваў, казаць Ірыне ці не. Гэта была тэма, да якой ён нават праз шмат гадоў не мог ставіцца з пэўным гумарам ці хаця б з лёгкай іроніяй.

— А мяне адлічылі з дзесяцігодкі. За профнепрыдатнасць, — прамовіў ён і ўбачыў, як дзяўчына збянтэжылася. Але ён вырашыў казаць усё, калі ўжо вырашыў не быць супергероем: — Дакладней, не тое, каб адлічылі, а папрасілі забраць дакументы пасля восьмага класа і сысці ў вучэльню.

— Як такое магло здарыцца?

— Страх перад сцэнай.

Тут Ірына засмяялася: яна, напэўна, вырашыла, што яе разыгрываюць.

— Лёша, гэта ўжо нейкая груша на вярбе! — прамовіла яна. — Ты створаны для публікі, і я не веру, што ў цябе магла быць такая фобія.

Дзэрліна пярэчыць дону Джавані: Мазэта ўсё ж такі ейны муж, не варта з яго кпіць.

Ён прамаўчаў і пайшоў у вітальню ўзяць цыгарэты. Той эпізод з юнацтва ён не любіў згадваць, бо лічыў праявай уласнай слабасці. Ён тады здаўся, не стаў змагацца. А ў выніку.

— Я ў дзяцінстве быў надзвычай артыстычным і фенаменальна музычным, — пачаў ён, зацягваючыся цыгарэтай і выпускаючы дым у фортку. — Сам не памятаю, як у мяне гэта атрымлівалася, але я браў залу яшчэ да таго, як пачынаў граць. Нейкі быў інстынкт, падабаўся я публіцы. Я любіў садзіцца за інструмент, скажам, перад урокам сальфеджыа, і каб вакол мяне гуртаваліся аднакласнікі. Любіў граць нешта складанае, імправізаваць. Мне давалі крыху завышаную праграму, і я часта выязджаў на артыстызме і музычнасці, хоць у мяне і былі праблемы з пастаноўкай рук, скажам. А ў чатырнаццаць гадоў на конкурсе здарылася адна прыкрая штука, проста ў апошнім туры, калі трэба было граць канцэрт з аркестрам. Вось пасля гэтага пайшло і пайшло. Кожны выхад на сцэну з сольным выступам — катастрофа. За год я згарэў і вылецеў з элітнай дзесяцігодкі пры кансерваторыі.

Ірына пасур'ёзнела і болей не думала кпіць. Яна запыталася:

— Што за прыкрая штука?

— Я страціў прытомнасць проста на сцэне. Адказны выступ, хваляванне. так, я перад адказнымі выступамі заўсёды хваляваўся, але калі пачынаў граць, то супакойваўся. А тут хваляванне, у зале вельмі душна, рукі макрэюць так, што ніякі тальк не дапаможа. Ну, карацей, у мяне пасля гэтага знайшлі хваробу сэрца, цяжкую для дыягностыкі. Не смяротна, але непрыемна. Потым, дарэчы, я перарос, але ў войска мяне не бралі, усё давалі адтэрміноўкі па стане здароўя. Так і дацягнуў да консы. А ў консе я ўжо бегаў ад ваенкамата. Дык вось, пасля таго заваленага конкурсу я паехаў на іншы — і там зусім кепска адыграў, бо думаў не пра музыку, а пра тое, што раптам памру на сцэне. І пайшло, і пайшло. Што дзіўна — калі трэба было граць з ансамблем, то я пачуваўся спакойна, як у хатніх тапачках перад родным тэлевізарам. А як сольна — дык тушы святло. Кранты. А ў нас, у былым Савецкім Саюзе значыць, і цяпер вучаць толькі на салістаў. У нас няма разумення, што нехта можа стаць коўчам, напрыклад. Гэта таксама крута, але не ў нас. Ага, не можаш быць салістам? Пайшоў прэч з дзесяцігодкі.

Грынкевіч прагна ўцягваў у сябе тытунёвы дым. Ірына глядзела на яго спагадліва: яна моўчкі даравала яму неідэальнасць. Тую неідэальнасць, якую жанчына не заўсёды можа дараваць мужчыне — колішняе фіяска, што засталося без рэваншу. Так, яна, мабыць, усё скеміла. І яна, пэўна ж, разумела, чаму працяг яго маналога быў як смак палыну.

— Пасля восьмага класа дзесяцігодкі ў мяне былі варыянты. Першы — паступіць у вучэльню на фартэпіяна і паспрабаваць неяк зацугляць свае нервы. Твае нервы — гэта твае праблемы, так мне казалі ў дзесяцігодцы. Але ў мяне якраз тады, у восьмым класе, была траўма. Тады ж было восем, а не дзевяць класаў. Я руку парэзаў і ледзь не зачапіў сухажылле. Падумаў, што гэта знак і з піянізмам трэба завязваць. Куды звычайна ідуць піяністы са слабымі нервамі? У тэарэтыкі, вядома ж. І я паступіў у вучэльню на музыказнаўства. Бацькам нічога не сказаў, і яны два гады думалі, што я вучуся ў дзесяцігодцы, потым мы паскандалілі, бо я яшчэ і перапаступаў. у іншую вучэльню перапаступаў. Дык вось, я ў пятнаццаць гадоў прыйшоў на першы курс тэарэтыкам. Першы семестр выкладчыкі ад маёй фенаменальнай музычнасці стагналі і гатовыя былі засіліцца. Ну, ты ўяві сабе абсалютніка-слыхача. Дыктоўка — з першага прайгравання, другое — каб працягласці праверыць і ноты па тактах растусаваць. І знакі альтэрацыі няправільныя! Даюць паслухаць акорды — я пазнаю кожны гук, а як завецца гэты акорд, не памятаю. Ці не ведаю ўвогуле. Чаму я павінен сядзець і займацца дэбільным перапісваннем гэтых акорд аў і іх абарачэнняў у сшытку?! Нашто мне тая матэматыка?! Але давялося яе вывучыць, і я нават стаў вельмі педантычным, бо калі б мяне адлічылі і з вучэльні, гэта б сталася канчатковым ударам па самалюбстве. І ўжо ў наступным семестры я стаў найлепшым на курсе. Потым мне пашчасціла з педагогам па індывідуальнай гар­мони. Задачкі — гэта амаль як крыжаванкі, страшэнна зацягвае, я іх рашаў па дзесяць штук на тыдзень. Потым у мяне знайшлі здольнасці да кампазіцыі і пачалі мяне прасоўваць у гэтым кірунку. Мне гэта было не так ужо цікава, бо я ўсё ж хацеў на сцэну — і вельмі яе баяўся. Рашаў задачкі, нешта сачыняў, граў клавіры і партытуры, слухаў запісы і пайшоў факультатывам на скрыпку і габой. Падумаў, што калі я будучы кампазітар, то варта вывучыць хаця б некалькі інструментаў. Ну, і на хор хадзіў, — ужо думаў, як фай­на апынуцца на месцы хармайстра. Каб жа я ведаў, як шмат мне далі гэтыя два гады!