Выбрать главу

— Н. — гэта першае каханне?

— Н. — гэта проста Н. ВыНятак. НевытлумачальНае, — адказаў Грынкевіч, невядома навошта крыху падаўжаючы кожную «н».

— Толькі вынятак і можа чытаць Гофмана, — прамовіла Ірына такім тонам, быццам раўнавала яго, і Грынкевіч згадаў, як нядаўна назваў яе ў сне Аннай.

— Гэта сёння Гофмана чытаюць толькі выняткі. А ў нашыя, больш рамантычныя часы было крыху іначай.

Ён паставіў Гофмана на палічку, каб нарэшце скончыць гэтыя рэтраспекцыі. Значна болей яму цяпер хацелася прытуліцца да Ірыны. Яна быццам адгадала гэтае жаданне і паклала ему рукі на плечы.

— Мне з табой вельмі светла, нават уначы, — ціха сказаў ён, цалуючы валасы дзяўчыны. Затым дадаў: — Які я шчаслівы, што нарэшце скраў цябе ў гэтага ёлупня Собалева!

— Не трэба так яго называць, прынамсі ў маёй прысутнасці. Я яму шмат чым абавязаная.

— Каму?! Яму?

Джавані кажа: гэтыя абяцанні нічога не значаць. Не для таго Дзэрліна нарадзілася, каб быць простай сялянкай.

Ірына адсунулася і села на зэдлік. Яна ўзяла кавалачак штрудэля і пачала есці, быццам вызваляючы сябе ад неабходнасці спавядацца.

— І чым жа ж ты яму абавязаная? Тым, што цяпер не можаш кроку ступіць? — не супакойваўся Грынкевіч. — Тым, што ён ужо амаль два гады жыве і з жонкай, і з табой? І хутчэй за ўсё, так будзе вечна.

— У кожнага медаля ёсць аверс і рэверс. Ты бачыш і аверс, і рэверс. Ты ўвогуле, Лёша, шмат бачыш, і табе ад гэтага, пэўна, цяжка жыць сярод людзей, — казала яна, адпіваючы з кубка гарачую, толькі што разлітую гарбату. — А ёсць яшчэ гісторыя стварэння медаля. І тым, хто яе ведае, зразумела, чаму ў медаля такі аверс і такі рэверс.

Дзэрліна баіцца, што Джавані яе падмане: шляхта рэдка абыходзіцца сумленна з простымі людзьмі. Аднак свавольнік пярэчыць: лухта, гэта ўсё прыдумалі дурныя плебеі.

Грынкевіч зрабіў паўзу, таксама сядаючы за стол і наліваючы сабе гарбату. Гэткіх абагульненняў і метафар ад Ірыны ён ніколі не чуў. Дагэтуль ён уяўляў яе проста вельмі стараннай студэнткай, якая жыве пакуль чужымі словамі і думкамі. У ёй была музыка, якую, зрэшты, яна на словах не любіла аналізаваць, але дакладна разумела.

— Што за гісторыя?

— Простая чалавечая гісторыя. Я, дзяўчына з голасам і з такім сабе абліччам і фігурай, паступаю ў кансерваторыю. На той момант тата мой памёр, а мама працавала на дзвюх працах, каб аплаціць маё навучанне. Мяне ж наўмысна падрэзалі, каб не браць на бюджэт. Там цяпер дачка нашага галоўнага вучыцца, угу. Мне потым так і сказалі: на цябе мы бюджэтнае месца не трымалі. Мама працуе, я таксама як магу, так і дастаю грошы. Апрануцца няма за што, харчы самыя сціплыя. Мне і раз, і два, і тры прапаноўваюць паехаць на конкурсы за мяжу — а мне няма за што. У пазыкі мы з мамай не лезем, бо ведаем: няма чым аддаваць. Сваякоў у нас ніякіх, так ужо атрымалася. І вось аднойчы я падпрацоўваю на рэкламнай акцыі ў аўтасалоне. Туды бралі мадэлек, ну і мяне ўзялі. Мне мужыкі ўвесь час нешта прапаноўвалі. Сам разумееш што, але я ж чэсная. Там ён мяне і сустрэў, у аўтасалоне. Потым стаў прыгожа заляцацца, на сэксе не настойваў, увогуле вельмі добра са мной абыходзіўся. Я ад яго нічога кепскага не бачыла. У ложку нічога з ім не адчувала, ні прыемнага, ні брыдкага. А калі б цябе не сустрэла, дык і верыла б у тое, што так яно і трэба, абы чалавек быў добры.

Толькі цяпер Грынкевіч зразумеў, што падарваў рэйкі, па якіх яна на вялікай хуткасці гнала сваё жыццё ў нейкую ілюзорна светлую і бесклапотную будучыню, бо ніякіх запасных шляхоў лёс ёй не даў. І ўпершыню ён прымусіў сябе падумаць, што рабіць далей. Ён адчуў нешта падобнае да адказнасці.

— І стала я каханкай афіцыйнай і каханкай неафіцыйнай. — рэзюмавала Ірына, нявесела ўздыхаючы.

— Ты мне не каханка, — сказаў Грынкевіч, узняўся са свайго месца, але чамусьці зноў пацягнуўся за цыгарэтамі: ён невядома чаму пачынаў нервавацца.

— Лёша, а ты мяне хіба ні з кім не чаргуеш? — запыталася Ірына з іранічнай наіўнасцю. — Прабач, я не маленькая дзяўчынка, каб думаць, што гэта не так.

Гэтая размова даўно выспявала, але ці не дзеля гэтага ён хацеў, каб Ірына засталася на ўсю ноч?

— Бачыш, Іра. Бывае так, што сустракаеш чалавека, жанчыну — яна табе падабаецца, ты яе хочаш. Калі ты яе ну вельмі хочаш, дык пачынаеш мірыцца з тым, што яна не глядзіць з табой у адным кірунку. Або табе пачынае падавацца, што яна глядзіць з табой у адным кірунку, бо ты яе вельмі хочаш. Потым усе гэтыя пярэчанні робяцца відавочнымі і немілагучнымі. Але з табой ніякіх пярэчанняў няма. І я не маю адчування, што чарговым разам угаворваю сябе паверыць у цуд. І ні з кім я цябе не чаргую. Чаргаванні пачынаюцца, калі хочаш ад некага ўцячы, а не ведаеш куды. А я ад цябе ўцякаць не хачу.