Усё было не тое, але ў такі момант Грынкевіч страціў красамоўства. Красамоўным ён быў менавіта з тымі, з кім, як ён казаў, былі немілагучныя пярэчанні. Ён хутка дакурыў цыгарэту, падышоў да Ірыны.
— Ты мяне разумееш?
Яна апусціла твар і ціха, акцэнтуючы кожнае слова, прамовіла:
— Ты за некалькі месяцаў выпаліў усю маю душу, як поле з пустазеллем. Потым узараў. І я не ведаю, што ў маёй душы пасля гэтага ўзыдзе. Табой складана не захапіцца, а захапіўшыся — складана не закахацца.
Яна ўзнялася і пайшла з кухні. Грынкевіч стаў машынальна прыбіраць са стала, каб сабрацца з думкамі і эмоцыямі: спатканне рабілася не такім, якім яны, кожны па-рознаму, яго ўяўлялі. Калі ён увайшоў у пакой, то ўбачыў яе на ложку. Дзяўчына ляжала, прыкрыўшыся коўдрай. Яна паспела скінуць вопратку і расплесці свой «каласок», нібыта хацела, каб спатканне ішло так, як раней — неўтаймаванае любішча, у часе якога яны амаль нічога адно аднаму не казалі. Яна як быццам спрабавала аднавіць узарваныя рэйкі, паставіць на іх сваё жыццё і пагнаць яго туды, дзе так шмат грошай і камфорту, так лёгка робіцца кар'ера і дзе сэкс — не больш чым удзячнасць з боку жанчыны. Або спосаб рэлаксацыі, усё залежыць ад партнёра. Вось тут каханак, там спонсар — усё проста, і не трэба ўскладняць.
Джавані кажа, што ім не варта губляць ані хвіліны і трэба неадкладна пажаніцца. Тут непадалёк ягоны дом, дзе можна застацца сам-насам і згуляць вяселле.
Грынкевіч нахіліўся да Ірыны і пацалаваў яе ў плячо. Потым лёг побач і моўчкі абняў яе.
— Ты не будзеш распранацца? — запыталася яна, і дзявочыя пальцы яшчаркамі праслізнулі яму пад швэдар.
Сёння яму не хацелася перажываць тое, што было ў іх звычайна. Ён не хацеў спяшацца, ён хацеў рассмакаваць яе, нарэшце вывучыць. Сыграць цэлы канцэрт замест капрыса, быццам той уяўны скрыпач-маньяк. Але яна сама прыспешвала, зацягвала яго, як човен у бермудскі трохкутнік.
№ 7: Дуэціна «La ci darem la mano...».
— І рукі ў цябе таксама ад дзеда-хірурга?
Яна ўзяла ягоную далонь і правяла ёю па сваім
твары. Ён адчуў вільгаць вуснаў на сваіх пальцах. У цемры дотыкі казал і болей за словы.
— Можна сказаць і так. Я ўвогуле ў матчыну радзіну ўдаўся. Па бацьку ў нас усе гонкія бландыны. Як мой брат.
— Бракавала яшчэ, каб ты быў бландынам! — смеючыся ўскрыкнула Ірына.
— Але ж да смуглявага мача мне яшчэ далей.
Ірына намацала ў цемры выключальнік. Сла-
бае святло начніка зрабіла ейную скуру і валасы залатымі. Яна раптам асядлала яго і паглядзела з вышыні, як ільвіца на здабычу. Ён правёў далонямі па ейных грудзях, па жываце, па сцёгнах, але не дзеля таго, каб распачаць новую мілосную гульню. Ён зноў пачуваўся тым скрыпачом-маньякам, які ўсё ж выкраў з музея дарагі інструмент, але не можа граць на ім на публіцы. Ірына нарадзілася, каб быць жанчынай ва ўсіх праявах. Яна нарадзілася, каб насіць жаноцкую вопратку, каб граць на сцэне прыгожых гераінь, атрымліваць асалоду ад мілаванняў і нараджаць дзяцей.
— Памятаю, ты на першай спеўцы была такой сур'ёзнай і правільнай дзяўчынкай. Баялася маёй рэпутацыі і таму прыйшла ў чорным швэдрыку, у доўгай спадніцы і без касметыкі?
— Я цябе з'ем, калі будзеш увесь час гэта прыгадваць.
Яна схілілася да яго і пацалавала, сапраўды злёгку грызануўшы вусны.
— Смачна есці! — засмяяўся ён і нечакана для яе апынуўся зверху.
Дон Джавані просіць Дзэрліну падаць яму руку і адказаць яму «так». Тут непадалёк яго дамок, варта туды скіравацца.
Цяпер ён моўчкі ляжаў і пільнаваў вуснамі, як б'ецца жылка ў яе на шыі. Яна раскінула рукі і таксама ляжала нерухомая, скораная, але шчаслівая падпарадкоўвацца. Была ўжо амаль раніца, але спаць ім не хацелася.
— На першай спеўцы ты мне нагадаў з твару некага з кампазітараў-рамантыкаў — валасы густыя і крыху хвалістыя, барада, вусы. Ты спазніўся хвілінаў на дваццаць, вельмі ветліва, але па-дзелавому папрасіў ва ўсіх прабачэння. Я нават памятаю, што на табе было кароткае шэрае паліто, класічныя чорныя нагавіцы і чаравікі, таксама класічнай нейкай мадэлі. І яшчэ на табе быў белы швэдар з высокім каўняром. Я тады старалася на цябе не глядзець, але ж падумала, што для кавалера гэта занадта чысты швэдар. Ты тады даўно не стрыгся, прадкі валасоў падалі табе на твар, але гэта выглядала дужа арганічна.
— І сэксуальна? — прамурчэў ён на вуха дзяўчыне.
— І сэксуальна. Ты запытаўся, дзе тут новая стажорка, якую ўводзяць у спектакль. Усе паказалі на мяне. Тут мы з табой сустрэліся позіркамі. Я хацела адвесці вочы, але не змагла. У той момант не змагла. Ты сказаў толькі ветліва-дзелавое: «Ага. Ну то будзем знаёмыя». Падышоў да мяне і працягнуў руку для вітання. Ад цябе пахла парфумай, у якой, на шчасце, было няшмат ментолу з эўкаліптам. Ад цябе пахла марозам, які ты прынёс з вуліцы.