Выбрать главу

— .цыгарэтамі, нявынішчаным перагарам. Я тады спазніўся, бо мы з Мішэлем да трэцяй ночы адзначалі нараджэнне ягонага сына. А спеўку паставілі на дзясятую раніцы.

— Я не думала ў той момант пра перагар. Ён мне не замінаў чамусьці.

— А я думаў. Бо калі я на цябе паглядзеў, то зразумеў, што з табой будзе або ўсё і сур'ёзна, або зусім нічога.

Яны абое сціхлі, цесна тулячыся адно да аднаго, бо сталёвае лязо шэрага восеньскага золку ўжо рыхтавалася раздзяліць іх, як сіямскіх блізнятаў. Можа, таму Ірына запаліла начнік: калі гарыць святло, раніцу за вакном не адразу заўважаеш. На дварэ тым часам усё яшчэ дажджыла.

— Як жа яно зарадзіла. — незадаволена сказа­ла Ірына. — Ненавіджу восень і дождж.

— Я восень таксама не вельмі люблю, а вось дождж. Да дажджу ў мяне асаблівае і нават асабістае стаўленне.

— Гэта якое?

— Не скажу.

Тым не менш яна дачапілася да Грынкевіча і некалькі хвілінаў выпытвала, за што ён так любіць дождж.

— Мой першы раз. Сапраўдны першы раз быў у дождж, — нарэшце прызнаўся Грынкевіч. — Мы страшэнна вымаклі і вымерзлі. І сагрэліся толькі тады, калі зрабілі гэта. Па-сапраўднаму, як мы гэта тады называлі.

— А што значыць «не па-сапраўднаму»?

— Мы былі недасведчанымі і вынаходзілі свае ровары. Не ведалі, што аральныя забавы залічваюцца ў сапраўдны сэкс. Дакладней, я спачатку зведаў іх як з'яву, а назвы вывучыў ужо значна пазней.

А яшчэ пазней я даведаўся, што рабіць гэта дзяўчыне — ніжэй за годнасць сапраўднага мужыка.

— І колькі табе было, калі ішоў той дождж?

— Васямнаццаць.

— А ёй?

— Прыкладна столькі ж.

— У яе таксама быў першы раз?

— Не. Прынамсі, яна мне так сказала, хоць я ў гэта не надта веру. Яна ўвесь час любіла дражніць, эпаціраваць. На злосць мне, напэўна, сказала. Але на той момант я паверыў, і мне было прыкра.

Дзэрліна вагаецца: смачная кашка, ды зрабіць цяжка. Ёйнае сэрца трымціць. Дзяўчына хоча быць шчаслівай, але раптам гэты шляхотны кавалер яе падмане?

Ён змоўк, бо зразумеў, што нагаварыў лішняга: Ірына занадта падазроная і пачне нешта там супастаўляць, вылічваць. А каму гэта трэба?

— Лёша. — перарвала маўчанне Ірына.

— Ну?

— А як так атрымалася, што ты нарадзіўся ў Полацку, а родны горад у цябе Піцер?

— Вельмі звычайна. Тата ў мяне вучыўся ў Піцеры і застаўся там працаваць на заводзе і жыць у інтэрнаце. Мама ў мяне была з Полацка, але вучылася ў мінскай кансерваторыі. Калі мяне запраектавалі, мама перайшла на апошні курс. Не хацела дзеля мяне браць акадэмічны, каб цэлы год прапусціць. Я ж нарадзіўся зімой, перад апошнім семестрам. Ёй далі нейкае вольнае наведванне, таму яна сядзела ў бабулі і дзядулі ў Полацку, мяне чакала. Ну, і часам у Мінск паказвалася, каб сёе-тое здаць. Я не прыносіў ёй ніякіх клопатаў, таму яна магла сабе такое дазволіць. Потым яна атрымала дыплом і ўжо са мной пяцімесячным прыехала да таты ў Піцер. Ім далі асобны пакой, і сталі мы там жыць-пажываць.

— А потым?

— А потым нарадзіўся мой брат і нам у інтэрнаце стала зусім цесна. А чарга на кватэру ў таты на заводзе не рухалася і ў мамы ў музычнай школе таксама. І тут мой тата для нейкага ці то станка, ці то яшчэ чаго зрабіў адмысловы паляпшайзер, і яго з гэтым паляпшайзерам разам з групай іншых інжынераў накіравалі на ўсесаюзную выставу ў Маскву. Там быў дырэктар мінскага завода, зацікавіўся, разгаварыўся. Запрасіў на працу, паабяцаў кватэру цягам года. Вось таму тата, мама і брат з'ехалі ў Мінск, а мяне пакінулі ў інтэрнаце пры дзесяцігодцы, бо я тады ўжо хадзіў у другі клас і падаваў надзеі. А Піцер нібыта лепшы за Мінск, дый невядома, ці знайшоў бы я паразуменне з іншым педагогам. Такія справы.

— Я думала, у цябе тата вайсковец ці нешта такое яшчэ. Ты яго апісваў такім правільным.

— Ён увогуле не служыў у войску. У яго ўсё жыццё было кепска з сэрцам. Я ж за ім потым гэтую хваробу і падабраў — спадчыннасць. А наконт правільнасці, дык ён хутчэй ідэйны.

— Камуніст?

— Прынцыпова беспартыйны. З дэпутацкім мінулым і з досведам барацьбы за справядлівасць. Ён у нас камуністаў не шануе, дасталося яму ад камуністаў.

— Гэта як? — нечакана ажывілася Ірына.

— Дзед у мяне быў камуністам. Але я яго не ведаю, бо дзеда расстралялі ў сорак шостым годзе. Спачатку ён адседзеў у польскай турме, потым праваяваў чатыры гады з фашыстамі за савецкую ўладу. А савецкая ўлада яго — да сценкі. А сям'ю разам з татам ды астатнімі — у Сібір. Як і ўсіх тады, зрэшты. Дзядзьку майго яшчэ і ў сувораўскую вучэльню не ўзялі праз гэта. Толькі гадоў праз пятнаццаць рэабілітавалі дзеда.