Выбрать главу

«Дона Джавані» меліся выпусціць у канцы мінулага сезона, бо акурат сёлета спаўнялася дзвесце пяцьдзясят гадоў з дня нараджэння Моцарта. Вельмі важна было, каб культурная грамадскасць расійскага горада N зарэкамендавала сябе больш культурнай, чым нават грамадскасць аўстрыйскага горада Зальцбурга. У праект пад кодавай назвай «Адзначым год Моцарта з расійскім размахам» уклалі нейкія гранты ад Міністэрства культуры. Знайшлі таксама мясцовых фундатараў, што адразу выдалі грошы.

У дзень народзінаў славутага венскага класіка ў кабінеце дырэктара запахла новай скураной мэбляй, прывезенай на замову з элітнага маскоўскага салона. Такім чынам, моцартаўскі год у тэатры адзначылі годна.

У той самы дзень чарговы дырыгент Аляксей Грынкевіч прызначыў сваім аркестрантам групавую рэпетыцыю, якая, акорд за акорд, перайшла ў звычайную п'янку. Што рабіць — ён таксама святкаваў уласныя народзіны 27 студзеня. За гэтым заняткам яго з аркестрантамі і злавіў дырэктар. І не тое, каб яны шмат выпілі, дый каго здзівіш п'янкай у тэатры. Але ж дырэктар, відаць, быў незадаволены адценнем абіўкі сваёй новай мэблі. Ён вырашыў сарваць стрэс на дырыгенце. Дырыгент, у сваю чаргу, слова ніколі не пазычаў, таму заеўся з дырэктарам. Бос сказаў Грынкевічу, што той ліпіць у гэтым тэатры, як арэх на сухой галіне. Грынкевіч зразумеў, што гэта праўда, бо апроч дырэктара меў таксама непрыемнасці з галоўным дырыгентам, па сумяшчэнні мастацкім кіраўніком N-скай оперы.

Сёлета ў яго заканчваўся кантракт, таму ў наступныя некалькі месяцаў малады дырыгент дужа часта матляўся з N у Маскву і назад. У Маскве ён меў уласны аркестр у зародкавым стане, які яшчэ належала вынасіць пад пахай, а потым выгадаваць і навучыць самастойна есці і лётаць. Грынкевіч цьмяна ўяўляў сабе, чым ён у першы час будзе зарабляць на жыццё ў сталіцы. Яму прынцыпова не хацелася прасіцца ў чужыя аркестры: абрыдла быць падначаленым, ад якога нічога не залежыць. Хацелася рабіць нешта сваё і, найперш, нешта сваё ставіць.

Пастаноўкі за час ягонай працы, апроч запрошаных дырыгентаў, у N атрымалі тры студэнты, якім трэба было недзе засвяціцца. Студэнты зазвычай прыязджалі сюды з Масквы ці Пецярбурга, бо, ведама ж, былі музыкантамі ў другім ці нават трэцім пакаленні. І, зразумела, іхныя таты і мамы вучыліся некалі з тутэйшым галоўным у кансерваторыі. Студэнтам давалі нешта не асабліва мудрагелістае, кшталту даніцэціевага «Дона Паскуале». Потым студэнты з'язджалі: хтосьці — набірацца досведу ў Еўропу, а хтосьці — на пасаду трыццаць пятага стажора ў Марыінскім тэатры. Іх экзэрсісы хуценька здымалі з рэпертуару, як быццам іх там і не было, — Грынкевіч падазраваў, што тэатр зрабіўся неблагой пральняй на грошы і спектаклі на два-тры паказы былі камусьці патрэбныя не толькі дзеля партфоліа. Аднак у трыццаць тры гады, нават маючы такі дурны характар, перастаеш змагацца з ветракамі.

Ён скарыўся і стаў проста хадзіць на працу. Лічыў дні, якія заставаліся да заканчэння кантракта ў N.

У той сезон пастаноўку рабіў не галоўны, не запрошаны маэстра і нават не студэнт — яе чамусьці далі тутэйшаму чарговаму дырыгенту Аляксандраву, чалавеку ўжо немаладому дый нездароваму. Менавіта ён пачаў ставіць «Дона Джавані», каб дырэктар і галоўны маглі адрапартаваць, на што тэатр траціць грошы. Увогуле, гэта было выключэннем з агульнага правіла, бо галоўны нікога з чарговых дырыгентаў да пастановак не падпускаў. Але тут, відаць, сапраўды, што называецца, прыпёрла.

І вось маэстра Аляксандраў раптоўна памёр у канцы красавіка, не паспеўшы амаль нічога зрабіць з гэтым новым спектаклем.

«Дона Джавані» ўсё ж бачылі не ў якасці аднадзёнкі, дый у міністэрстве дужа цікавіліся, куды падзеліся гранты на пастаноўку. Каб жа гаворка ішла толькі пра немаведама куды падзетыя грошы аднаго толькі Міністэрства культуры: усе мы рускія людзі, сказаў бы дырэктар, не выйшаў спек­такль — зробім канцэрт з твораў Моцарта. Але тут яшчэ падвязалася нейкая еўрапейская фундацыя з горада-пабраціма N. І вось гэтая фундацыя вельмі хацела бачыць менавіта спектакль і да канца юбілейнага года. Дырэктара выклікалі на размову ў Маскву. Увесь травень і чэрвень шукалі новага дырыгента на пастаноўку, бо выпусціць «Дона Джавані» стала пытаннем жыцця і смерці.