Грошы на запрашэнне пастаноўшчыка інвеставалі ў мэблю для дырэктарскага кабінета і, відаць, у рамонт яго загараднага дамка. Таму вырашылі карыстацца, так бы мовіць, уласнымі рэсурсамі. Галоўны дырыгент, два чарговых і стажор Вася з мясцовай кансервы, пляменнік галоўнага. Маэстра галоўны спецыялізаваўся выключна на рускай музыцы і ўвесь хварэў «Хаваншчынай», якую думаў выпускаць увосень, хай сабе ў канцэртным выкананні. Займацца Моцартам, лічыў ён, несур'ёзна: не той маштаб. Другі дырыгент, маэстра Каршакоў, спаслаўся на тую самую тэатральную легенду і раптам зрабіўся страшэнна хворым. Стажор Вася пакуль што дэманстраваў творчую разгубленасць і здольны быў сумленна махаць хіба што дзіцячыя ранішнікі.
Заставаўся адзін Грынкевіч, якому ўжо гарантавалі звальненне. У жніўні ён паціху разносіў кніжкі па букіністах і бібліятэках, раздорваў дыскі сябрам, каб не перці лішняга за сабой у Маскву. Ён паспеў сабраць людзей у свой аркестр, знайшоў у Маскве спонсараў і нават базу для рэпетыцый. Ён гатовы быў пэўны час перабівацца выпадковымі заробкамі. Але ў Ананкэ былі на яго іншыя планы.
Недзе ў сярэдзіне жніўня яму патэлефанаваў дырэктар і вельмі папрасіў прыйсці. У памазлівага ката смятанка была не толькі на вусах, а па ўсёй пысе, таму шэф быў ветлівым і нават лагодным, як гаючы бальсан. Запрасіў у свой кабінет, пасадзіў у той самы скураны фатэль з дарагога сталічнага салона. Дастаў з шафы каньяк, паставіў на стол попельніцу. І пачалася ў іх з Грынкевічам доўгая-доўгая размова пра культуру і мастацтва, пра Моцарта і гранты, пра скураныя фатэлі, эзатэрычны змест «Чарадзейнай флейты» і тэатральныя забабоны.
— Лёша! На цябе аднаго спадзеў! — скуголіў дырэктар пасля таго, як пляшка каньяку скончылася. — Ну, ты ж чалавек разумны, рацыянальны, ты ў гэтую дурату не верыш... Я ўсё лета на гэта забіў, хоць каго-небудзь хацеў запрасіць на пастаноўку — як на злосць, сарвалася. Таго не адпускаюць, у таго кантракт, таму грошай мала.
Грынкевіч сказаў, што яму трэба падумаць, і пайшоў дадому. «Дон Джавані» быў марай, але ж ён ужо нацэліўся на Маскву. У той вечар да яго прыйшла Ірына, якая таксама была марай. І на наступны дзень ён патэлефанаваў дырэктару і сказаў, што згодны на ўсе ўмовы. Нельга праганяць мару, калі яна сама да цябе прыходзіць.
Донна Анна чуе голас Камандора і ўцякае назад у дом.
— Нельга праганяць мару, калі яна сама да цябе прыходзіць, — задуменна прамовіў ён і пацалаваў запясце дзявочай рукі, якая гулялася з непаслухмянымі пасмачкамі ягоных валасоў. — Таму я нічога не баюся. Дарэчы, вазьмі ноты і павучы донну Анну.
— Я?!
У голасе маладой спявачкі было здзіўленне, а ў вачах — наіўная ганарлівасць. Яна не была нагэтулькі добрай акторкай, каб схаваць тое, што насамрэч адчувала. А выглядала яна ў той момант, як зусім маленькая дзяўчынка з дзіцячага хору, якой нечакана далі спяваць сола.
— Ты, ты, — адказаў Грынкевіч, якому падабалася, калі Ірына вось так губляла танальнасць і рабілася той, кім яна насамрэч была — неразумнай малой дзяўчынкай. — Калі што, гэта ўзгоднена з дырэкцыяй. Возьмеш ноты, паглядзіш... Не дык не. Але ж гэта і табе карысна, і мне прыемна: ты хутка вучыш... А яшчэ я буду часцей цябе бачыць. Нездарма ж я цябе сніў.
— І называў у сне Аннай!
Ірына ўзнялася і выпрасталася. Высокая, ладна падабраная, як мадэлька, з абсалютна дасканалымі грудзямі і дупкай-сардэчкам, якія ўпісваліся ў модныя памеры дарагой вопраткі. А яшчэ — вузкая талія, ногі ад вушэй, далікатныя рукі.
Натуральная доўгавалосая бландынка з блакітнымі вачыма, ахайным носікам і крыху прыпухлым невялічкім роцікам. Яна была напраўду цудам і ўсведамляла гэта — безумоўная прывабнасць не патрабуе сертыфікатаў. Мужчыны абарочваліся на яе, нават калі Ірына была ў прасторным швэдры, джынсах і красоўках.
— І ты ў сне нешта казаў гэтай Анне, — працягвала яна пачатую тыраду. — Мне ажно няёмка зрабілася. Яна з Масквы, так?
— О Божухна...
Грынкевіч таксама ўзняўся і выпрастаўся. Сёння Ірына была ў абутку на высокіх абцасах, а таму магла глядзець на яго звысоку, як маладая настаўніца на старшакласніка. Позірк быў камічнастрогі, позірк сапраўднай вучыцелькі. Як быццам на занятках яна злавіла хлопчыка з порначасопісам пад партай.
— Можаш не расказваць. Тваё жыццё — гэта тваё жыццё, а маё жыццё — гэта маё жыццё, я сама не святая, — прамовіла Ірына, калі Грынкевіч толькі збіраўся сказаць нешта ў сваё апраўданне.
— Іра.
Ён паспрабаваў зноў пацалаваць дзяўчыну, але яна пачула галасы людзей і адсунулася: у залу, пэўна, ішлі прыбіральшчыкі. Каханкі моўчкі выбраліся з ложы ў калідор і прыгатаваліся зрабіць выгляд, быццам нічога, апроч працы, іх не звязвае.