— Я ўсё ж за цябе баюся, — загаварыла спявачка, знянацку мяняючы тэму. — Навошта гуляць у гульню, вынік якой вядомы? Мне казалі, што павер 'е заўсёды спраўджваецца.
— Хто табе такое казаў? Цёця Тоня? — рассмяяўся дырыгент. — Што за глупствы?! Спачатку ты мяне нейкай Аннай папракаеш, потым пераказваеш мне гэтыя забабоны. Ты ж разумная дзяўчына.
— З табой я раблюся неразумнай. — Яна ўсміхнулася, але не дужа весела. — Бландынкай.
— Ты абсалютна нестэрэатыпная бландынка,
— прамовіў Грынкевіч, вачыма прабягаючыся па яе скульптурна дасканалых сцёгнах.
Каб жа ўгаварыць красуню не чакаць цэлы тыдзень, а рвануць да яго сёння. Пагатоў, ён якраз думаў паехаць на два тыдні па справах у Маскву. Чакаць сустрэчы столькі часу невыносна, нават калі ты ўдвая старэйшы за Рамэа. Патрэба захоўваць таямніцу адно прышпорвала Грынкевіча. Яны мелі ўсяго толькі два спатканні, іхні раман — які, што дзіўна для тэатра, мала хто западозрыў — толькі пачынаўся. Аляксеевы пачуцці пакуль трымаліся на арганным пункце тэстастэрону, і таму хацелася бачыцца як мага часцей.
Камандор са здзекам пытаецца ў дона Джавані: ці не вырашыў ён уцячы, пазбегнуць двубою? Дон Джавані адказвае, што ніколі не быў баязліўцам, і прымае выклік.
Зрэшты, Ірына не была настроеная на спатканне. І на нязмушаную размову яна настроеная не была. Больш за тое, ёй хацелася далей абмяркоўваць гэтыя тэатральныя забабоны, нічым не спраўджаныя і не пацверджаныя.
— Лёша. Ёсць рэчы, якія нельга памацаць рукамі і пабачыць вачыма. І нельга заўжды быць выключна рацыянальным. Ты ўвогуле ў што-небудзь верыш?
Грынкевіч замест адказу прыабняў яе за талію, але дзяўчына тут жа скінула ягоную руку: яны былі ў вестыбюлі тэатра, у глядацкай частцы, дзе ў такі час можна было нарвацца на сведку ў асобе самотнай прыбіральшчыцы са швабрай.
— Я за цябе баюся, — паўтарыла Ірына.
Грынкевічу гэта пачынала не падабацца.
— І што са мной здарыцца? Згару на тэатральным пажары? Жырандоля на мяне зваліцца? — забурчэў ён. — Незадаволеная публіка закідае мяне памідорамі? Нават калі вынік гульні вядомы, я ўнясу ў яе хаду элемент непрадказальнасці, гэта я ўмею.
Дон Джавані б'ецца з Камандорам. Камандор, паранены ў бойцы, падае. Ён слабым голасам кліча на дапамогу. Джавані і Лепарэла ў разгубленасці.
Размова перарвалася нечакана, бо ў Ірынінай торбе зазваніў тэлефон. Тэлефон у торбе турбаваўся, дзе яна і з кім. Дакладней, гэта турбаваўся мясцовы алігарх з прозвішчам Собалеў. Без усялякіх тлумачэнняў і развітанняў Ірына, размаўляючы па сотавым, паскорыла хаду і пайшла з вестыбюля. Грынкевіча накрыла адчуваннем, вельмі падобным да рэўнасці, хоць насамрэч ён ведаў, што не раўнуе гэтую дзяўчыну да ейнага афіцыйнага спонсара і каханка. Найхутчэй гэта было абурэнне: толькі што яна была жывой, жаданай і цёплай, а тут раптам ператварылася ў марыянетку, бо яе паклікаў лялькавод. Былі ў яго жанчыны, якіх ён дзяліў з іх сталымі мужчынамі. І што такога? Але тут. Тут было нешта іншае. Раней ён ведаў, што рана ці позна сэксуальна-рамантычная гісторыя скончыцца, ну хіба былі рэдкія выняткі, калі хацелася верыць — гэта назаўсёды. З Ірынай ён жадаў працягу і яго ўсё меней задавальняла тое, як дысцыплінавана яна зрываецца і бяжыць да свайго гаспадара. Ён ніколі не меў адносінаў з жанчынамі, якія мелі гаспадара, — можа, праблема ў гэтым?
Зрэшты, якая яму справа? Асабліва пасля таго, як у сне ён клікаў зусім іншую. Добра, што хаця б назваў яе Аннай, а не тым імём, якім заўсёды называў у жыцці. (Але ж і рамантык вы, Herr Kapellmeister. Чаго толькі не зробіць з чалавекам абстынентны сіндром!)
Камандор памірае.
Сцэна ІІ
Дон Джавані і Лепарэла ля цела забітага Камандора. Размаўляюць сцішана. Лёкай папракае гаспадара ў тым, што той нарабіў: збэсціў дачку і яшчэ забіў бацьку. Дон Джавані разюшаны і загадвае лёкаю маўчаць.
Рэчытатыў «Leporello, ove sei?».
Нясцерпна хацелася піва. Была ўжо палова на першую дня, і Грынкевіч пачуваўся, як выкінутая на марскі бераг медуза. Надзвычай атрутная медуза. Такая павольна плавіцца пад сонечнымі промнямі і марыць толькі пра дзве рэчы: або трапіць назад у мора, або паспець угрызці на развітанне якую-небудзь чалавечую асобіну, пакінуўшы на скуры моцны апёк. Але ж яго яшчэ чакаў візіт у дырэктарскі кабінет.
Дырэктар не пасаваў на ролю бяскрыўднага пляжніка, якога можна атруціць, таму Грынкевіч вырашыў ахвяраваць сабой. Сёння ўгаворваць будзе ён, і дырэктар наўрад ці пачастуе яго каньяком, як тыдзень таму.