Выбрать главу

Грынкевічу хацелася ў Маскву ажно на два тыдні, да верасня, і ён павінен быў пераканаць адміністрацыю, каб яго адпусцілі. Тэарэтычна без яго тэатр на кавалкі не разваліцца, бо спектакляў пакуль няма. Праўда, галоўны чамусьці вырашыў паставіць яго другім дырыгентам на «Хаваншчыну». Яна будзе ісці ў канцэртным выкананні ўсяго адзін раз. Грынкевіч абавязаны хадзіць на рэпетыцыі шэфа, але ён там нічога не робіць, да аркестра яго не падпускаюць. Яшчэ адным дырыгентам прызначылі Каршакова, дый Вася там прысутнічае. У выніку ўсе штатныя дырыгенцкія адзінкі гадзінамі сядзяць у рэпетыцыйнай зале і адно назіраюць за тым, як працуе Маэстра. Які сэнс?! (Увогуле, калі шэф пачынае нешта ваяць, то гэта аўрал для ўсяго тэатра. Нават на такі разавы праект, як «Хаваншчына», ён выпісаў некалькі складаў салістаў, ім таксама гэта мала падабаецца. Галоўны вязе ў N нейкіх трох зорак, таму хоча, каб усё было ідэальна. Зрэшты, пра гэта Грынкевіч ужо не казаў дырэктару.) Што тычыцца «Дона Джавані», дык салістам могуць паціху прызначаць заняткі з канцэртмайстрамі, а праца з аркестрам — гэта два-тры тыдні. Яшчэ столькі ж — на збор усёй музычнай часткі.

— Бач ты, які шпаркі.

Дырэктар, да якога Грынкевіч прыйшоў з заявай на адпачынак за свой кошт, быў нечым незадаволены. Можа быць, ён таксама пачуваўся выкінутай на бераг медузай? Ці, што яшчэ дакладней, алігатарам, якога вылавілі з ракі, прывезлі ў цэнтр мегаполіса і кінулі недзе ў парку. Там ёсць адзін фантан, у якім плёскаюцца людзі. Вось яму, алігатару, цяпер туды. Пэўна ж, быць кракадзілам выгодней.

— Калі ўлез у дугу, не кажы «не магу», — прамовіў Грынкевіч у адказ і потым з далікатнасцю харошага хлопчыка дадаў: — Мікалай Сцяпанавіч, ну папрасіце яго, каб мяне адпусціў. Я ж там усё адно дзеля мэблі.

— Папрасіце. Ты якой хваробы зноў з Маэстра грызануўся?! Гуза на галаву шукаеш? Ты што, пацан малы, каб я цябе розуму вучыў?

Грынкевіч сядзеў у скураным фатэлі і слухаў дырэктарскія пропаведзі. Дзень быў сонечны, хацелася ўжо нават не піва, а хоць бы якой вадкасці. Дырэктар, зразумела, прайдзісвет, і яго даўно трэба пасадзіць разам з Іркіным Собалевым. Колькі ж яны грошай намылі і накралі? Гісторыя з офіснай мэбляй гэта так, санаціна Клеменці для дзіцячай музычнай школы. А яны тут канцэрты Ліста граюць. Зрэшты, дырэктар часам рабіўся чалавекам і менавіта ён прыкрываў Грынкевіча, калі Маэстра кідаўся ў чарговую істэрыку.

— Ён у нас сам ведаеш хто. Гэта велічыня. Гэта асоба. Гэта твар нашага тэатра. Я магу да яго парознаму ставіцца, але калі ты яго дапячэш, я цябе звольню і не пашкадую: такіх, як ты, паўсюль досыць. І я не пагляджу, што ты такі рабочы конік, — прамаўляў дырэктар, лязгаючы зубамі, бы сапраўдны галодны кракадзіл. — Ты ж ведаеш, што ён чалавек праваслаўны, нават дабрачынныя калядныя і велікодныя канцэрты арганізаваў. Дык нашто ты з ім пачаў размаўляць пра свае погляды? Што, польскі гонар? Служыў я ў войску з тваімі супляменнікамі дуркаватымі.

Тут Грынкевічу стала смешна. Учора на рэпетыцыі галоўны вырашыў пабыць у ролі гуру і ляпнуў нешта наконт таго, што ёсць у свеце праваслаўныя, а ўсе астатнія проста нехрысці. І, зразумела, Грынкевіч не стрымаўся — сказаў, што яго хрысцілі ў васьмідзясятым годзе, калі яшчэ нельга было. А вось галоўны хрысціўся ў дзевяностым.

— Дык а што мне рабіць, калі я не праваслаўны?

— Больш сціплым трэба быць, Лёша! — зароў дырэктар. — І стрыманым. Шанаваць тых, хто зрабіў для культуры болей за цябе.

Ідыятызм сітуацыі перавышаў усе санітарныя нормы. Тон дырэктара быў такі, што Грынкевіч зразумеў: галоўны, відаць, курыць касякі з лада­ну. І ён не дасць яму спакойна працаваць над «До­нам Джавані». Грынкевіч быў намерваўся сказаць дырэктару яшчэ нешта, але раптам сам сябе асёк: не захацеў уцякаць адсюль проста цяпер, пагнаўся за сваёй марай — плаці. Гэта значыць, засунь, хлопец, язык у дупу і не звяртай увагі на гэтага правінцыйнага графа Каларэда. Пачуйся Моцартам.

— Запомні, Лёша: усе мы рускія людзі і радзіма ў нас адна. Цябе часам заносіць, але ты базар фільтруй.

— А што, яму больш няма да чаго дачапіцца? Ніяк не перажыве леташняе? — усё ж не стрымаўся Грынкевіч.

Было абсалютна зразумела, адкуль растуць ногі ў гэтых нараканняў, — праваслаўныя крыўды былі толькі зачэпкай. У канцы пазамінулага сезона з дзясятак аркестрантаў папрасіліся, каб іх ставілі толькі на тыя спектаклі, якія вядзе

Грынкевіч. Прычым яны былі з асноўнага скла­ду, а не са студэнтаў ці з тых, каго не шкада выгнаць з тэатра, калі што якое. Такога галоўны перажыць не мог, таму і выпер чарговага ў штрафбат на некалькі месяцаў — дзіцячыя спектаклі весці.