Выбрать главу

— Ты мне пагавары яшчэ. Можна падумаць, па цябе тэатры і аркестры ў чаргу выстройваліся восем гадоў таму. Ён цябе заўважыў і запрасіў. А так быў бы асістэнтам, закулісным служкай. Вось хаця б пра гэта памятай.

І не варта траціць сілы і час на змаганне з ім. Гэта ягоная тэрыторыя, ён выразна пазначыў куты.

— Мікалай Сцяпанавіч, я вас цудоўна зразумеў.

Наступіла паўза. Дырэктар цяжка ўздыхнуў.

— Адпусціць ён цябе, я пагутару. Давай ужо сваю заяву. І каб з верасня быў на месцы!

Грынкевіч выдыхнуў абсалютна шчырае «дзякуй» і пачуўся медузай, якой пашэнціла дачакацца шторму. Яшчэ крышачку — і хваля зноў забярэ яе ў мора. О шчасце! Цяпер — прэч з тэатра. Там воля. Там піва.

Ён дайшоў да дзвярэй кабінета і раптам надумаў запытацца:

— А рэжысёрам хто будзе?

— Вядзём перамовы з трыма рознымі кандыдатамі. Але будзе запрошаны, не з нашых — гэта ўжо справа вырашаная.

Ну ясна, што вырашаная. А як яшчэ растлумачыць такія выдаткі? Толькі запрашэннем рэжысёра ці дырыгента аднекуль з боку. Маўляў, мы не проста так грошы прагулялі, мы іх на ганарар запрошанай зорцы пусцілі. Ад усяго гэтага ванітавала. Яшчэ год у гэтым гадзючніку!.. Але хто сказаў, што мары заўсёды лёгка збываюцца і што Ананкэ зробіць яму зніжку?

На выхадзе з тэатра Грынкевіч злавіў свайго сябрука Мішу, тутэйшага баса. Міша таксама, відаць, пачуваўся выкінутай на бераг медузай, і таму яны без лішніх словаў разумелі адзін аднаго. Калі справа тычылася бухалава, у іх спрацоўвала нейкая тэлепатычная сувязь. У адной толькі Мішавай фразе: «Як жа сёння горача!» — Грынкевіч злавіў аднаму яму даступны мэсідж: «Лёша, ужо першая гадзіна, а ў нашай крыві ані грама алкаголю. Гэта нядобра. Мы ж з табой сумленныя людзі і да апоўдня не п'ём. Але сонца даўно ў зеніце, Лёша, таму нам трэба выпіць хаця б па піву».

Больш за ўсё на свеце Міша любіў свой голас. На другім месцы ў рэйтынгу яго любовяў стаяла бухалава напару са жрачкай, а на трэцім — размовы пра баб. Сёння быў удалы дзень, бо ў класе ён выдаваў жалезабетонныя, ідэальна крытыя верхнія фа. Фундаментальная Мішава патрэба была задаволеная. Цяпер яны сядзелі ў летняй рэстарацыі непадалёк ад тэатра. Праглынуўшы за адным заседам ладны кавалак запечанай свініны і выпіўшы паўкуфля піва, Міша прагнуў пагутарыць пра ГЭТА. Гэта значыць пра сакратарку дырэктара Любачку. Нешта яна апошнім часам робіць яму авансы. То запытаецца пра тое, каго яму болей за ўсё падабаецца спяваць, то камплімент зробіць наконт новага пінжака. Нешта ўсё гэта азначае. Увогуле, яго стаўленне да жанчын акрэслівалася адной ёмістай фразай: «У кабеты не бывае поглядаў, яна мае толькі позіркі — галодныя або задаволеныя, усё астатняе — херня». Любачка кідала на яго галодныя позіркі, пераконваў усіх Міша.

Шмат каму ў тэатры Міша здаваўся проста камічным персанажам, гэтакім вялікім дзіцём. З ім увогуле складана было размаўляць пра музыку, калі гэта не былі вакальныя творы для нізкіх мужчынскіх галасоў. Міша нічога не чытаў, апроч памяркоўна-жоўтай прэсы. Але ж толькі Міша мог сярод ночы ўзяць мабільнік і адказаць сябру, якога накрыў прыступ гіпертаніі. Ён мог таксама сярод ночы падхапіцца з ложка і прывезці лекі ды пляшку каньяку. Часам у Мішы здараліся сапраўды рыцарскія парывы, і ён браўся бараніць пакрыўджаных, стаючы на бок свайго сябра. За гэта Грынкевіч асабліва яго цаніў і дараваў яму недалёкасць.

Грынкевіч тым часам медытаваў на мабільнік. Ён даслаў Ірыне некалькі СМС без асаблівай надзеі атрымаць адказ. Яна папярэджвала, што будзе іх нішчыць адразу пасля прачытання і не заўсёды будзе адпісваць. Калі яна вось так аддалялася, ён пачуваўся неспакойным. Перспектыва таго, што іх неасцярожная гісторыя можа раптоўна скончыцца, чамусьці пужала Грынкевіча. І ён не хацеў завяршэння, хоць і не бачыў магчымасці развіцця. Калі яна аддалялася, з ім здаралася нешта накшталт прыступаў пяшчоты. Яму проста хацелася ляжаць разам з ёй у ложку, моўчкі глядзець у яе твар, накручваць сабе на палец пасмачкі валасоў — ён любіў Ірыніны валасы. Ён гінуў ад аднаго дакранання да іх.

На пэўнай адлегласці Ірына падавалася іншай. Дзяўчом, якое яшчэ мала што ведае пра жыццё і мае патрэбу ў падтрымцы. Калі ж яны сустракаліся, Ірына хадзіла ў вобразе ўпэўненай дзяўчыны, якая дакладна ведае, чаго хоча, і бясспынна ідзе да сваіх мэтаў. Праз ложак бізнэсмэна Собалева. Праз скандалы, якія закатвае Собаліха. Праз чуткі і плёткі, якія чапляюцца да Ірыны ў тэатры. Яе ненавідзяць, бо яна ў дваццаць тры гады ўжо салістка оперы. Бо яна прыгожая, як з карцінкі. Бо яна дорага апранутая. Бо яна ніколі не памыляецца.