Выбрать главу

– Гляджу, ты змянілася. Папрыгажэла…

Надзя адчула, што пачынае чырванець пад ягоным позіркам.

– Можа, і кампліменцікі пачую…

– Ты не адказала на пытанне! – голас Алега прагучаў амаль патрабавальна.

Надзя вельмі не хацела, каб былы муж ведаў штосьці пра яе асабістае жыццё. Таямніца, абгавораная ўсімі, пераставала быць ёю. Але яго настойлівасць, а дакладней, нахабства, яе абурылі:

– А ты мне расказваеш, хто і калі ў цябе з’явіўся? Следчы… Шэрлак Холмс! А табе – клопат?..

– Значыць, клопат. А калі грубіяніш, значыць, нехта ёсць. Іначай чаго агрызацца.

– Бач ты, псіхолаг! – Надзя адвярнулася да акна, каб Алег не мог ні пра што здагадацца па яе твары.

– А-а, чаго ты саромеешся! – уздыхнуў ён. – Справа жыцейская… Калі ў нас з табой песня не склалася, можа, з кім-небудзь іншым складзецца…

«Якая высакароднасць! – насмешліва падумала Надзя. – Нешта я такіх разважанняў раней не чула…»

– Ну, добра, Марыя Калас, Барбара Стрэйзанд і Рэната Тыбальдзі ў адной асобе. Я пайду. Але памятай, што яны непараўнальна лепш уладкаваліся ў жыцці, чым ты…

«Усё, што ты гаварыў апошнюю гадзіну, – думала яна, – на вайсковай мове называецца разведка боем. А наконт таго, як уладкавацца ў жыцці… Побач з кожнай спявачкай, якую ты назваў, былі людзі, якія іх любілі. І гатовы былі нечым ахвяраваць, каб ім было лягчэй і весялей жыць. Чамусьці раней увесь час ахвяраваць мусіла я…»

Надзі не хацелася, каб іх размова закончылася тэмай яе асабістага жыцця. І яна спытала:

– Алег, скажы: а на цябе часам не «наязджаюць»? У сувязі з бізнесам толькі пра гэта гавораць і пішуць…

– А чаму ж не! – скептычна ўсміхнуўся ён. – I на мяне «наязджалі», але толькі і я «наехаць» магу! – У ягоным твары з’явілася нешта нядобрае. – Галоўнае, сувязі трэба мець, з уплывовымі людзьмі кантакты мець. З любой бяды выцягнуць!

– Можа, ты, новы беларус, і з крыміналам сяброўства водзіш?

– Жанчына, ты замнога хочаш ведаць! – ухіліўся ад адказу Алег. – З крымінальнікамі, можа, і не важдаемся. Але не такія далікатныя і цнатлівыя, як так званая інтэлігенцыя! То націск не там зробіш, то пінжак не таго колеру апранеш!

– Раней ты сябе да інтэлігенцыі адносіў…

– Цяпер мяне ніхто пад гэтыя сцягі не зацягне. Я быў жабраком, а цяпер не хачу і не буду. А хто не ўмее прыстасавацца да новых умоў жыцця, таму застаюцца толькі ўзвышаныя прынцыпы ды размовы пра духоўнасць! XIX стагоддзе даўно мінула, ужо XX скончылася, а вы ўсё тыя ж казкі пра духоўнасць расказваеце!

– Я ж табе не пярэчу! Жыві, як хочаш…

– Мне яшчэ са школы такія размовы абрыдлі. Ідзіце вы да д’ябла з вашай духоўнасцю!

«Напэўна, ты шмат аддаў бы за тое, каб Светка за тваёй спінай не круціла амуры з тваімі падначаленымі, а яны не смяяліся цішком са свайго шэфа. Вось табе і духоўнасць…» – думала Надзя. Але як гэта скажаш уголас? Яму млосна, вось ён і злуе на ўвесь свет.

– Алег, чаго ты так разышоўся?

– Мне Сашу шкада! Будзеце яго казкамі пра высокую духоўнасць да дваццаці гадоў карміць. І вырасце яшчэ адзін чалавек, непрыстасаваны да жыцця!

Тут Надзя не вытрымала:

– Бачыш, які клапатлівы бацька! Калі Алесь хварэў, і я бегала па горадзе, шукала патрэбныя лекі і патрэбных дактароў, мне дапамаглі староннія людзі, а не ты! Табе ён чужы… Так і сказаць трэба!

– Магла б патэлефанаваць і сказаць, што захварэў!

– Калі сын табе не надта патрэбны, дый ты не ведаеш яго, – што яму цікава, што хвалюе, – як ты можаш вызначыць для яго будучыню? – паціснула плячыма Надзя.

Алегу, відаць, ужо надакучыла гаворка:

– Хіба жанчыну ў чым-небудзь пераканаеш?

Частка сёмая

Музыка ліпеня

Былы муж быў водгуллем таго жыцця, да якога Надзя наўрад ці калі-небудзь вернецца. Маэстра быў яе цяперашнім жыццём. Яна не магла размаўляць з ім так, як размаўляла з іншымі маладымі людзьмі, якія відавочна мелі да яе сімпатыі,– часам рашуча, часам з’едліва, а то і не дужа ветліва. Бо там была ўпэўнена: нікуды не дзенуцца, стрываюць! А не стрываюць – і не трэба. Але тое, што можна было з іншымі, з ім аказвалася немагчымым. Не дазвалялі ягоны голас і ягоная музыка.

Не так даўно ён прынёс Надзі дыскі з уласнымі сачыненнямі. Калі па шчырасці, спачатку яна асцерагалася іх слухаць. Баялася, што расчаруецца, і калі нават не скажа пра гэта, дык ён адчуе, і тое неяк паўплывае на іх адносіны. Надзя лічыла, што ў большасці сучасных кампазітараў, за рэдкім выключэннем, не хапае меладычнага дару. Стварыць мелодыю, якой раней ніколі не існавала на свеце, – усё роўна, што дзіця нарадзіць. I колькі ні разважаюць крытыкі пра асаблівасці сучаснай музычнай мовы (маўляў, развіты меладызм – прыкмета музыкі XIX стагоддзя), такі дар альбо ёсць, альбо няма. I навучыцца яму немагчыма.