Выбрать главу

Маэстра паехаў. Праз некалькі дзён пачаліся праліўныя дажджы. Надвор’е сапсавалася, пахаладнела, і бабуля з унукам, счакаўшы некалькі дзён на лецішчы, вярнуліся ў горад.

Час ад часу Маэстра тэлефанаваў. Радзей, як таго хацела Надзя, але як толькі ўдавалася. Нечакана ў яе аказалася шмат вольнага часу. Заняткі ў вучэльні яшчэ не пачыналіся, філарманічны сезон павінен быў адкрыцца толькі ў сярэдзіне верасня. Знаёмыя з’ехалі з горада – хто ў вёску, хто на лецішча. Каб неяк заняць час, Надзя прымусіла сябе заняцца празаічнай, але неабходнай справай, закатваннем слоікаў з гуркамі, памідорамі, кабачкамі і тым, што прывозіла з лецішча маці.

Наступны раз, калі цікаўныя журналісты спытаюць пра хобі, яна адкажа: «Закатваць слоікі ў разгар сезона. Не канцэртнага, а дачнага…» Калі спытаюць, пра што яна марыць як спявачка, якія ў яе творчыя планы, адказ таксама напрошваецца сам: «Закатаць як мага больш слоікаў, каб сям’і хапіла ўсяго на ўсю зіму». Што зробіш, калі спевамі немагчыма зарабіць на жыццё. «Зялёныя» з апошняй замежнай вандроўкі даўно скончыліся, прынесеныя Алегам у чэрвені беларускія грошы – таксама.

Надзя ўключыла на кухні плэер, каб сумясціць прыемнае з карысным, начапіла навушнікі і пачала наразаць гародніну. Каляндар знаходзіўся якраз перад вачыма. Па некалькі разоў на дзень Надзя падлічвала па ім, колькі ж засталося да вяртання Маэстра. I штораз дзівілася, што час рушыў так марудна. Жыццё ішло па звыклым раскладзе. Але з дня ў дзень прыходзіла і рабілася ўсё мацнейшым перакананне, што рэчаіснасць вакол прывідная, ілюзорная. I абсалютна бессэнсоўная.

* * *

Надышоў верасень. У Алесіка ў школе пачаўся навучальны год, калі Маэстра нарэшце вярнуўся. Надзінай радасці не было мяжы. Ізноў яна не хадзіла па зямлі, а лётала ў прасторы. Але штосьці незразумелым чынам змянілася ў іх адносінах. Ці то доўгі перапынак у сустрэчах адыграў ролю, ці галава Маэстра была занятая іншым, але яго званкі рабіліся ўсё радзейшымі, а пра спатканні Надзя наогул забылася. Яна разумела, што гэта зусім не той выпадак, калі слёзы, папрокі ці сцэны могуць даць вынік. Тое, што іх аб’ядноўвала, аказалася надта крохкім і далікатным, і яна баялася неасцярожным словам усё разбурыць.

Надзя адчувала сябе як дзіця, якое страціла надзейную руку маці на вялікім і тлумным вакзале. Вакол усе некуды спяшаюцца, бягуць чужыя, незнаёмыя людзі. I нікому няма справы да дзіцяці з вачыма, поўнымі слёз. Пра свае сардэчныя турботы Надзя не хацела размаўляць з маці. Навошта і такі клопат вешаць на яе? Ёй і так хапае – з Алесікам, з іншымі унукамі, дзецьмі меншага сына.

Малодшай Надзінай пляменніцы, названай у гонар бабулі Волечкай, споўнілася тры гады. Нявестка нарэшце выйшла з дэкрэтнага адпачынку на працу, каб маладой сям’і было фінансава лягчэй, а Волечку аддалі ў дзіцячы садок. Але, як часта здараецца, малая пачала бясконца хварэць, а нявестка сядзець з ёй на бальнічных. Параіўшыся з бабуляй, малую пакінулі дома, але цяпер Вольга Аляксандраўна жыла па двух адрасах, імкнулася дапамагчы і Надзі, з якой жыла, і сыну. Значная частка яе дня цяпер праходзіла ў гарадскім транспарце, паколькі сын і дачка жылі ў розных канцах горада, і даводзілася часта ездзіць туды-сюды. Калі Волечка-малодшая хварэла, бабуля заставалася ў сына на некалькі дзён ці на тыдзень.

Апынуўшыся сам-насам са шматлікімі гаспадарчымі клопатамі, Надзя толькі цяпер усвядоміла, што дагэтуль жыла, нібы ў Бога за пазухай. Маці вызваляла яе ад многіх хатніх спраў, каб любая дачушка магла займацца творчасцю і спевамі. Але ў «любай дачушкі» ўсё не ладзілася. Навакольны свет, вялікі вітраж, рассыпаўся на мноства рознакаляровых кавалачкаў. Быў твор, зроблены па законах боскай гармоніі. Засталіся рознакаляровыя шкельцы, звычайнае смецце.

Прэм’ера Надзінага канцэрта адкладвалася на няпэўны тэрмін, званкі Маэстра аказваліся цяпер яшчэ больш рэдкімі. Усё, што яшчэ паўгода таму радавала душу, цяпер прыгнятала альбо раздражняла. Студэнткі не хацелі займацца дадатковымі вакальнымі творамі і прыходзілі на заняткі, не давучыўшы рамансаў. Начальства ў вучэльні чамусьці вешала на Надзю непатрэбныя справаздачы. Сын грубіяніў без усялякіх прычын. Дом патрабаваў яе паўсядзённых клопатаў, а яна не мела часу імі як след займацца. У дадатак задуманая на канец верасня гастрольная паездка ў Балгарыю сарвалася. Непрыемнасці ўсё дадаваліся і дадаваліся, і разблытаць іх клубок Надзя проста не мела ні сіл, ні цярпення. Вечары здаваліся невыносна доўгімі, яна не ведала, чым іх заняць, калі ў філармоніі не прызначалі рэпетыцыі.