– Ты ўпэўнена, што яму шлюб патрэбен? Я не ўпэўнена.
Ён ведае, што ты і так адгукнешся. Навошта лішнія абавязкі?
Ты ўпэўнена, што ён знойдзе агульную мову з тваім сынам і маці? Мужчынам свае дзеці не заўсёды цікавыя, як можна было назіраць у выпадку з Алегам. А ты хочаш, каб твой мужчына не сваім дзіцем займаўся. Навошта яму? Ён паглыблены ва ўласную творчасць, якая для яго з’яўляецца вычарпальнай і самадастатковай.
Твой Маэстра падсвядома баіцца, каб ты не заняла занадта вялікае месца ў ягоным жыцці. Дзяўчынка, гэта безнадзейна. Абсалютна. Мне здаецца, што твой кампазітар прыляцеў да нас з другой планеты, дзе прастора і час існуюць па іншых законах. Звычайныя зямныя людзі чым займаюцца? Пішуць, потым прабіваюць уласныя творы. Выбіваюць званні і прэміі, будуюць кватэры і дачы, купляюць машыны. Шукаюць грашовыя пасады, высокія аклады, уплывовых сяброў, п’юць гарэлку ці іншае зелле. Мяняюць кватэры, машыны, жонак, каханак. Карацей кажучы, як мага лепей уладкоўваюцца ў жыцці.
– Так, чалавечыя страсці і жаданні яго не датычаць. Яму не патрэбны ні сям’я, ні жонка, ні дзеці, ні грошы, ні маёмасць… – заўважае дзяўчынка.
– Ён жыве на сваёй планеце, – працягвае сталая Надзя. – Ён там адзін, але вакол яго цэлы свет. Напэўна, калі б ён апынуўся ў пустыні Сахара, і там нічога не было, апрача інструмента і нотнай паперы, ён і там адчуваў бы сябе шчаслівым. Музыка – яго рэлігія, Бог, сэнс жыцця. Творчасць – і нарачоная, і каханка, і жонка. I ніхто яму не патрэбны. I ніколі рэальная, зямная жанчына не будзе галоўнай падзеяй яго жыцця, цэнтрам яго сусвету…
– Так, – згаджаецца дзяўчынка, – можна перамагчы рэальную суперніцу, але нельга перамагчы музыку.
– Яна дапамагла вам сустрэцца, але яна вас і развяла.
– Але я жывая! – амаль крычыць дзяўчынка. – Я не магу чакаць усё жыццё!
– Са сваёй далёкай планеты ён не можа лётаць да цябе штодзень. Шлях доўгі. Ты хочаш мець яго каля сябе. Каб штодня адчуваць сваю жаночую сілу, здольную перамагчы ў спрэчцы з творчасцю.
– Я хачу не мець, а чуць!
– Калі ён зробіцца звычайны, як усе, табе з ім будзе не цікава. А пакуль ён – далёкая зорка. А яны заўсёды трывожаць і вабяць. Зірні праўдзе ў вочы! – пераконвае жанчына. – Хіба ён сказаў хоць аднойчы, што жыць без цябе не можа? Маўчыш, значыць, не сказаў. Ну, сустракаліся вы з ім. Ну, цалаваліся. Ну і што? Ці мала хто з кім сустракаўся-цалаваўся? З гэтага нічога не вынікае… Можна колькі заўгодна абмяркоўваць узаемаадносіны дзвюх палавін чалавецтва. У рэшце рэшт, усё зводзіцца да трох пытанняў: ты любіш – або не любіш, цябе любяць – або не любяць. I нарэшце, ці хочаш ты гэтага чалавека бачыць і чуць штодзень, ці не? Вось і ўся філасофія. Ты яму не цікавая. Твой іншапланецянін паляцеў на сваю планету. А цябе пакінуў на Зямлі.
Дзяўчынка зацята маўчыць.
– Таму я вельмі раю табе, – працягвае адбітак у люстэрку, – пакінуць яго першай.
– ?..
– Мая даражэнькая, каханне – гэта яшчэ і поле бою. Вырашае не тое, у каго пачуцці мацнейшыя, а ў каго больш трывалая воля. Хто з таго поля пойдзе першы, той і пераможца. Вакол цябе няма людзей, якія будуць рады пасядзець з табой у кавярні ці прайсціся па вечаровым горадзе? А калі дадому на каву запрасіць, тут чарга ўтворыцца. На свеце няма нічога горшага, чым комплекс пакінутай жанчыны.
– Я не магу ад яго адмовіцца. Ён – лепшае, што ёсць у маім жыцці. Мо падобнага ніколі не будзе?
– Не будзе. Будзе штосьці іншае. Цяпер ты блукаеш на папялішчы былога кахання. I думаеш, як вярнуць тое, што вярнуць немагчыма. Калі ты кінеш яго або знойдзеш сабе некага іншага…
– Ніхто іншы мне не патрэбен.
– Даслухай. Калі ты яго кінеш або знойдзеш сабе іншага, Маэстра, магчыма, яшчэ вернецца. Ён хоць і з іншай планеты, але мужчына, а яны па прыродзе эгаісты і ўласнікі. Ён не тэлефануе, бо ведае, што ён для цябе Бог, адзінае святло ў акенцы. Калі ўбачыць, што цябе побач няма, твае якасці паўстануць перад ім у больш прывабным святле. Жанчыну трэба заваёўваць. Зноў і зноў. Дай яму такую займальную магчымасць!
– Няўжо гульні дзейнічаюць мацней, чым пачуцці?
– Я лічу, што гульні лепей, чым слёзы. У цябе дзіўнае разуменне адносін Ён – Яна. Навошта ты ставіш мужчыну ў цэнтр свету? Ці сусвету… Ці не надта вялікі гонар для яго? А сама не хочаш там стаяць? Ён сышоў, і табе здаецца, што свет знік. Не! З ім усё ў парадку.
На шчасце, мужчына – не цэнтр Сусвету. А толькі фрагмент. Часам цікавы, часам нецікавы. Твая багатая фантазія дамалявала ў партрэце тое, чаго няма ў рэальнасці.
Ты хочаш, як Ганна Аркадзьеўна Карэніна, каб у жыцці панавала толькі адно бязмежнае каханне. Але паглядзі: штодня працуюць школы, садкі, паліклінікі, крамы, аптэкі, банкі, заводы, міністэрствы. Людзі вучацца, працуюць. Падарожнічаюць, гандлююць, чытаюць, глядзяць тэлевізар, ходзяць у госці, ездзяць на лецішча. Значыць, не адно каханне кіруе рэальнасцю. Калі б эратычная ідэя была вызначальнай, ніхто б з ложкаў не вылазіў…