Частка дзясятая
Сон
Напэўна, думка пра вар’яцтва глыбока трапіла ў Надзіну свядомасць, бо аднойчы ёй прысніўся сон. Нібыта яна – пацыентка ці то неўралагічнага аддзялення бальніцы, ці то псіханеўралагічнага дыспансера. Але не «Навінак» – гэта Надзя памятала дакладна. Яна ляжыць на бальнічным ложку. Разам з ёй у палаце знаходзяцца некалькі жанчын. Яны апранутыя ў аблезлыя бальнічныя халаты, а твары іх маюць нейкі бессэнсоўны выраз. Напэўна, іх ужо «напампавалі» адпаведнымі прэпаратамі.
Ідзе ранішні абход. I таму ў палаце цяпер цэлая грамада ў белых халатах: дактары аддзялення разам са студэнтамі, будучымі псіхіятрамі.
Палатны доктар Анатоль Пятровіч па чарзе характарызуе сваіх пацыентак:
– Цяжкая форма шызафрэніі. Жанчына паступіла з наступнымі сімптомамі… У стацыянары знаходзіцца два тыдні. Атрымлівае адпаведнае лячэнне…
«Цікава, як гэта можна так спакойна выслухоўваць, што ў цябе шызафрэнія? Не магу зразумець! Я, напрыклад, моцна б абурылася!» – думае Надзя. Натоўп эскулапаў рухаецца далей.
– Больш лёгкая форма псіхічнага захворвання…
Нарэшце Анатоль Пятровіч спыняецца каля Надзі. «Цікава, што ён пра мяне скажа?»
– Жанчына паступіла ў аддзяленне ў цяжкім дэпрэсіўным стане, з моцнымі парушэннямі сну і апетыту. Скардзіцца на трывожнасць, пачуццё страху. Псіхічнае захворванне развілося, як лічыць пацыентка, на глебе няшчаснага кахання…
Надзя заўважае, што на спакойных і абыякавых тварах будучых псіхіятраў з’яўляюцца цікаўнасць і спачуванне: няўжо на свеце яшчэ засталіся дурніцы, якія могуць звар’яцець ад няшчаснага кахання?..
– Захворванне суправаджаецца галюцынацыямі. Навязлівая ідэя выяўляецца ў тым, што жанчына чытае літаратуру выключна эратычнага характару, просіць у сваякоў DVD-дыскі з фільмамі, дзе шмат эратычных сцэн, а таксама падтрымлівае размовы выключна на сексуальныя тэмы.
– Вось гэта клас! – пачуўся захоплены голас у натоўпе студэнтаў.
На эратычна настроенага практыканта засыкалі.
«Скажыце, калі ласка, навязлівая ідэя! Можна падумаць, шаноўныя эскулапы – святыя! – думае Надзя. – Не глядзяць па вечарах, схаваўшыся ад дзяцей-падлеткаў, такія самыя фільмы. I не з эратычнымі сцэнамі, а звычайную парнуху… Не маюць палюбоўніц, не распавядаюць адзін аднаму непрыстойныя анекдоты і не абмяркоўваюць жаночыя ножкі, а таксама астатнія вабнасці-прывабнасці. Тады ўсю краіну трэба ў вар’яцкі дом пасадзіць!»
Палатны доктар працягваў:
– За тры тыдні знаходжання ў стацыянары станоўчая дынаміка, на жаль, не адзначана. За гэты час хворай прапісваліся наступныя сродкі…– далей ішоў доўгі пералік замежных лекаў.– I таму, параіўшыся з загадчыкам аддзялення, мы вырашылі выкарыстаць найбольш моцны сродак, які дае цудоўны вынік для супакаення нервовай сістэмы…
Надзя доўга і цярпліва слухае падобную лухту, але нарэшце не вытрымлівае:
– Анатоль Пятровіч, з медыцынскіх крыніц, а таксама з жыцця вы цудоўна ведаеце, што найлепш супакойваюць нервовую сістэму пацалункі, абдымкі. А таксама ўсё, што адбываецца ўслед за імі…
У натоўпе студэнтаў пачынаецца гамерычны смех. Палатны доктар, а таксама загадчык аддзялення стаяць чырвоныя як ракі.
Першы прыходзіць у сябе загадчык аддзялення. Ён абураны:
– Анатоль Пятровіч, вы мяне дэзінфармавалі! Вы ведаеце, што ў нашым аддзяленні катастрафічна не хапае лекаў! Навошта вы пераводзіце на гэту жанчыну такія дарагія транквілізатары? У яе абсалютна здаровая псіхіка. Нашы пацыенты так не жартуюць. Рыхтуйце дакументы на выпіску!
– Прабачце, якія жарты! – рашуча перабівае яго Надзя. – Я кажу абсалютна сур’ёзна. Мы не высветлілі вельмі важнае пытанне: я сама магу выбраць, з кім мне супакойвацца, ці гэта кансіліум вырашае? Лепш, вядома, калі я сама. Як мужчына, мне асабіста больш падабаецца Анатоль Пятровіч. Толькі варта ўдакладніць, дзе мы з ім будзем супакойвацца…
Цяпер студэнты зарагаталі ізноў, разам з імі дактары аддзялення, потым Анатоль Пятровіч, загадчык і нарэшце сама Надзя. Яна смяялася так доўга і няспынна, аж захлынаючыся ад шчаслівага, разняволенага смеху, што нарэшце… прачнулася.
Легкадумны настрой са сну перайшоў у яву. Цяпер яна ўсвядоміла, што трэба неяк ратавацца. Выцягнуць сябе з дэпрэсіі. Як Мюнхгаўзен з балота за валасы. Інакш усё можа кепска скончыцца. Калі працягваць далей у такім жа стылі, сон у рэшце рэшт зробіцца яваю.
Каб хто-небудзь год ці два таму сказаў Надзі, што мужчына пераверне дагары нагамі ўсё яе жыццё, яна не паверыла б. Надзя забараніла сабе слухаць яго музыку, якая раней мела над ёй незразумелую ўладу. Забараніла сабе тэлефанаваць яму – што б ні здарылася. Забараніла думаць пра яго і ўспамінаць. Спачатку тое здавалася немагчымым. Бо ўсюды яна натыкалася на рэчы, звязаныя з ім, на твары агульных знаёмых, на творы, якія яны абмяркоўвалі. Пэўны час Надзя існавала нібы ў прастрацыі, бязлюднай, ненаселенай прасторы. Але потым зрабілася лягчэй.