Яна паціху пачала рыхтаваць новую праграму, у вучэльні папрасіла сабе дадатковыя гадзіны. А сыну паабяцала, што ў бліжэйшы час яны абавязкова выправяцца ў парк, пакуль той не зачыніўся на зіму. А яшчэ іх чакае музей, а потым тэатр, а потым дзень нараджэння цёткі Валі, Надзінай сяброўкі, дзе збярэцца шмат дзяцей. Ад такой захапляльнай перспектывы Алесік быццам ажыў. Ад яго капрызаў не засталося і знаку.
«Я звычайная эгаістка. I сама ва ўсім вінавата, – дакарала сябе Надзя. – Сын грубіяніў і злаваў, бо не адчуваў, што мне цікава з ім, што я хачу быць з ім разам. Некалі я гэтаксама злавала таму, што няма… Не, яго няма, – схамянулася яна, – яго няма ў маім жыцці. Ён – проста прывід, здань. Яго няма, няма, няма!»
Жыццё ўваходзіла ў звыклую каляіну. Цяпер, едучы з цэнтра ў свой спальны мікрараён, Надзя ўжо не дзівілася, як мінулай вясной, чаму твары пасажыраў такія абыякавыя, змрочныя ці нават прыгнечаныя. Цяпер яна сама была такой самай і нічым не вылучалася сярод натоўпу людзей, заклапочаных сваімі справамі.
У сярэдзіне кастрычніка з філармоніі патэлефанавалі – у лістападаўскую афішу можна ставіць Надзін канцэрт. Ці гатовая яна? Гатовая, але цяпер, калі на душу лёг спакой, яна баялася страціць адчуванне раўнавагі. І не хацела больш сустракацца з Маэстра. Некалькі разоў яны бачыліся мімаходзь на аркестравых рэпетыцыях, але пасля іх Надзя хуценька знікала, каб яе ніхто не праводзіў. Напэўна, кампазітар адчуў, што з ёй робіцца штосьці незразумелае, і аднойчы на рэпетыцыі запытаў:
– Надзя, нешта здарылася?
«Здарылася, і вельмі даўно. Толькі не са мной, а з табой», – падумала яна і, спакойна гледзячы яму ў вочы, адказала:
– Не, усё нармальна!
– «I што асаблівае я ў ім знайшла? У яго звычайны твар і звычайны голас…»
Напэўна, адчуўшы яе адчужанасць, Маэстра не стаў нічога дапытвацца і адышоў. Магчыма, пакрыўдзіўся. У музыкаў скура тонкая, усё адчуваюць. Але што ёй да ягоных крыўдаў! Гэта ўжо не яе клопаты…
Частка адзінаццатая
Старыя прысады
Нарэшце прыйшоў дзень канцэрта. Ці таму, што яна хвалявалася, ці з нейкай іншай прычыны, але Надзя кепска спала ўсю ноч. То за ёй, то за бабуляй з Алесікам, то за Маэстра ганяліся і лёталі нейкія страшыдлы і прывіды. Карусель знаёмых і незнаёмых твараў круцілася і мільгацела перад вачыма, нібы кадры з фільма жахаў. Надзя прачыналася, загадвала сабе не спаць наогул, каб ізноў не перажываць таго стану здранцвення, страху і поўнай душэўнай разгубленасці. Але варта толькі прыплюшчыць вочы, як фільм жахаў працягваўся, і яму не было канца. Паднялася зусім разбітай, у галаве было цьмяна.
Ранкам хацела адразу патэлефанаваць яму і спытаць, ці ўсё добра. Бо пасля ночы, як доўгі шлейф сну, гнялі душу незразумелыя страх і трывога. Хоць бы з ім нічога не здарылася!
Надзя ўжо зняла слухаўку, набрала нумар (ведала ж, што ў ягоным тэлефонным апараце нумары ўваходных званкоў не вызначаюцца), але пачуўшы «Алё…», сказанае знаёмым ціхім голасам, паклала яе. Яна дала сабе абяцанне: ніколі і ні пры якіх абставінах яму не тэлефанаваць. Ні-ко-лі! А абяцанні, дадзеныя сабе, трэба выконваць.
«Як я сёння буду спяваць – у такім стане? – Надзя была ў роспачы. – Гэта ж непазбежны правал! Такая велізарная праца, столькі ўкладзена сіл, эмоцый. І ўсё марна, дарма? Квіткі на вечарыну прададзены, вольных месцаў няма. Па запрашэннях павінны прыйсці калегі з вучэльні. Слухач чакае свята, настройваецца. А я не ведаю, як буду спяваць… І што рабіць?!» У глыбіні душы жыло кволае спадзяванне, што за паўдня нешта зменіцца.
Тэлефон зазваніў сам.
– Надзя, – пачуўся голас Маэстра, – гэта не ты толькі што тэлефанавала?
– Не, не я… – схлусіла яна. Памаўчала, а потым спытала: – У цябе ўсё нармальна?
– Нібыта…
– Ну, добра, тады – да вечара…
Бабуля ўжо адправіла Алесіка ў школу і цяпер завіхалася на кухні. Надзя паснедала, пагаварыла з маці пра побытавую драбязу. Накшталт таго, што трэба купіць хлопцу з зімовага адзення, бо леташняе зрабілася малым і цесным.
Потым маці расказала – з сакавітым народным гумарам і мноствам трапных дэталяў, як умела, пэўна, толькі яна – падрабязнасці свайго тыднёвага знаходжання ў сястры. Перад вачыма паўставалі каларытныя вобразы цёткі Соні і яе дзяцей, Надзіных стрыечных братоў і сясцёр. На яе адразу выплюхнулася столькі цікавых навін: пра запланаваныя на бліжэйшы час вяселлі і хрысціны, пабудаваныя хаты, купленыя машыны, ураджай на градах, здароўе шматлікіх сваякоў. Інакш кажучы, жыццё віравала, імчала і зіхацела. «Смешна, а я перажываю наконт голасу… Распяюся – і ўсё будзе так, як і павінна быць!» Спакойны, бесклапотны матчын настрой спакваля перадаваўся Надзі. Яна ўжо не думала пра немінучы правал. Трэба паспрабаваць, як сёння гучыць голас. Адчыніла вечка піяніна, узяла некалькі нот. Голас гучаў, і гэта абнадзейвала.